Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАТЭСТЫ ГРАМАДЗКАСЬЦІ СУПРАЦЬ СЬПІЛОЎВАНЬНЯ ДРЭВАЎ ПРЫ ДАРОЗЕ Ў КУРАПАТАХ ПРЫНЕСЛІ ПЛЁН


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пілаваньне дрэваў у Курапатах пачалося сёньня з самай раніцы. Працаўнікі магілёўскага будаўнічага трэсту валілі дрэвы, а за іхнай працай назірала некалькі амонаўцаў, якія пільнавалі, каб гэтаму не перашкаджалі абаронцы Курапатаў. Зрэшты валанцёры, якіх было ў лягеры ўсяго толькі пяць чалавек і ня думалі перакрываць дарогі, ці яшчэ нейкім чынам перашкаджаць будаўнікам. Сытуацыю камэнтуе актывіст Беларускай партыі свабоды Аляксей, які ўжо некалькі дзён запар начуе ў Курапатах:

(Аляксей: ) "Калі яны пачалі валіць лес, я пайшоў туды. На два мэтры яны ўсё ж такі нам саступілі. Але, калі пачынаеш прасіць каб не валілі дрэвы на тыя, што яшчэ будуць расьці — безсэнсоўна, ніхто ня слухае й у размовы не ўступаюць. нават размаўляць ня хочуць — нам сказалі й мы будзем валіць. Мы дамагаемся, каб яны ня лезьлі ні на адзін, ні на другі бок. Каб выконвалі плян, мэтраж, пра які была дамоўленасьць. Ня ведаю, на ўсё толькі воля Госпада, як і што будзе".

Будаўнікі пілавалі дрэвы ды раўнялі замерзлы за ноч дарожны насып. Рабочыя, з магілёўскага трэсту, што пілавалі лес для пракладкі трубаў вадаводу, а таксама тэлефонных і энэргэтычных камунікацыяў, патлумачылі, што начальства загадала ім зрабіць паласу шырынёй 3-4 мэтры ад дарогі, і больш ні на сантымэтар ў глыб урочышча яны ня пойдуць. Першапачаткова будаўнікі зьбіраліся расчысьціць лес на ўчастку шырынёю ня менш за 8 мэтраў.

Тымчасам валанцёры грэліся ў намёце каля печкі. Сёньняшняя ноч была надзвычай сьцюдзёнай (тэмпэратура паветра сягала мінус 10 градусаў). Аднак, нягледзячы на маразы, валанцёры пакідаць свой лягер не зьбіраюцца. Яны толькі просяць, каб людзі дапамаглі абаронцам ўрочышча цёплымі рэчамі й харчаваньнем.

Кожную раніцу ў лягер валанцёраў прыходзіць сакратар управы КХП БНФ Уладзімер Юхо, і чым можа ім дапамагае. Уладзімер Юхо лічыць, што праца будаўнікоў у Курапатах можа прывесьці да зьнішчэньня ляснога масіву:

(Юхо: ) "Зараз відавочна, што тут паўстануць новыя экалягічныя праблемы. На гэтым месцы, дзе на 5-6 мэтраў падымаюць насып увесну будзе забалочаная частка. Будзе затоплены Крыж пакутнікам Беларусі, будуць усе гэта бачыць. А наступствы такія, што гэты сасновы лес будзе загублены, бо ён ня можа расьці ў забалочаным месцы. Вось гэтая ўся даліна будзе проста згубленая".

Актывісты КХП БНФ і валанцёры маюць усталявацць сёньня ў Курапатах яшчэ каля 10 новых крыжоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG