Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА ЎВЯДЗЕ ВІЗЫ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ ПРЫБЛІЗНА ПРАЗ 8-9 МЕСЯЦАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Верагодна, самы вялікі тэрмін, цягам якога беларусы яшчэ змогуць езьдзіць у Польшчу бязь візаў, складае ня больш чым 8-9 месяцаў.

“Польшча ў хуткім часе ўвядзе візавы рэжым для сваіх усходніх суседзяў, аднак, мы будзем намагацца зрабіць так, каб візы ім атрымаць было ня цяжка”, - заявіў напярэдадні ў часе свайго візыту ў Швэцыю міністар замежных справаў Польшчы Владзімеж Цімашэвіч.
Міністар Цімашэвіч разам з прэм’ерам Швэцыі Горам Пэрсанам ды сваёй швэдзкай калегай Аннай Лінд абмяркоўваў праблемы пашырэньня Эўразьвязу. Пра канкрэтныя тэрміны ўвядзеньня візаў Владзімеж Цімашэвіч не сказаў.

Як хутка, каб паехаць у Польшчу, беларусам замест звыклых ваўчараў прыйдзецца купляць візы, сёньня мы паспрабавалі высьвятліць у міністэрстве замежных справаў. Аднак аказалася, што ў аддзеле інфармацыі МЗС гэтай інфармацыяй ніхто не валодае. Паводле словаў супрацоўнікаў міністэрства, больш-менш канкрэтны тэрмін ўвядзеньня візаў ведае хіба толькі сам міністар Цімашэвіч, аднак зараз ён знаходзіцца ў Брусэлі, дзе абмяркоўвае з чыноўнікамі Эўразьвязу ізноў жа праблемы далучэньня Польшчы да аб’яднанай Эўропы.

Як вядома, паводле папярэдніх пагадненьняў, Польшча і яшчэ 9 краінаў Цэнтральнай Эўропы далучацца да Эўразьвязу 1 студеня 2004 году. Да гэтага тэрміну візы будуць уведзеныя напэўна. У лістападзе наступнага году Эўразьвяз у сваім рапарце канчаткова паведаміць, хто з краінаў-кандыдатаў у неабходнай ступені падрыхтаваны да далучэньня.

“Такім чынам, каб скончыць падрыхтоўку, мы маем 8-9 месяцаў часу,” - заявіў у Стакгольме міністар Цімашэвіч. Натуральна, што адным з чыньнікаў гэтай падрыхтоўкі ёсьць узмацненьне ўсходняй мяжы Польшчы, якая праз 15 месяцаў будзе мяжой Эўразвязу. Такім чынам, можна меркаваць, што 8-9 месяцаў, пра якія гаварыў Цімашэвіч, гэта максімальны тэрмін, цягам якога беларусы змогуць езьдзіць у Польшчу бязь візаў.

Дарэчы, цяпер беларусы таксама замест ваўчараў могуць купляць польскія візы. Паўгадавая віза на шмат наведваньняў у турыстычнай фірме каштуе каля 20 даляраў. Пры гэтым, запрашэньне з Польшчы не патрэбнае.

Ці зьменяцца кошты візаў пасьля пераходу на паўнавартасны візавы рэжым, пакуль таксама невядома.

XS
SM
MD
LG