Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫЧНЫ КАМІТЭТ РАДЫ ЭЎРОПЫ РАЗГЛЕДЗЕЎ БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ


Сяргей Шупа, Вільня

«Што рабіць зь Беларусьсю?» - на гэтае пытаньне ўжо ня першы месяц шукаюць адказу эўрапейскія палітыкі. Пакуль што пазыцыя Эўропы ў гэтым пытаньні заставалася неадназначная. З аднаго боку апошнія парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі Эўропа прызнала недэмакратычнымі, а з другога – яна ня хоча, каб Беларусь надалей заставалася ў палітычнай ізаляцыі. Нагадаю таксама, што 13 студзеня 1997 года бюро Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы прыпыніла дзеянне статусу спецыяльнага запрошанага для
Беларусі ў гэтай арганмізацыі у сувязі са шматлікімі парушэннямі пры правядзенні рэферэндуму ў лістападзе 1996 года. І вось, беларускае пытаньне разглядаецца на паседжаньні Палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якое адбываецца гэтымі днямі ў Вільні.

У гэтыя хвіліны, калі я рыхтую гэты рэпартаж, абмеркаваньне беларускага пытаньня адбываецца за зачыненымі дзьвярыма ў рэпрэзэнтацыйнай залі Віленскай ратушы.

Трэба зазначыць, што для Літвы гэтае паседжаньне мае асаблівае значэньне. 8 лістапада яна пераняла старшыняваньне ў камітэце Міністраў Рады Эўропы, стаўшы такім чынам на наступныя шэсьць месяцаў своеасаблівым палітычным цэнтрам эўрапейскага кантынэнту. Адной з прыярытэтных задачаў падчас свайго старшыняваньня Літва лічыць вырашэньне беларускай праблемы. Захад лічыць Літву своеасаблівым экспэртам у беларускім пытаньні — Літва мае немалы досьвед гэтак званага «крытычнага дыялёгу» з суседняй краінай, яна не прызнае нелегітымны «нацыянальны сход», аднак падтрымвае прагматычныя дачыненьні зь беларускай выканаўчай уладай.

Дэпутат Сойму і ўдзельнік літоўскай дэлэгацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Вацлаў Станкевіч напярэдані форуму выказваў меркаваньне, што паседжаньне ўплывовага Палітычнага Камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы — гэта добрая нагода для Літвы прадставіць новыя ініцыятывы наконт дачыненьняў зь Беларусьсю.

І вось, абмеркаваньне беларускага пытаньня толькі што закончылася, я знаходжу сярод удзельнікаў, якія выходзяць з залы, беларускага дэпутата літоўскага Сойму Вацлава Станкевіча і прашу яго падзяліцца першай інфармацыяй — што адбылося на працягу апошніх дзьвюх гадзінаў?

(Станкевіч: ) «За апошнія дзьве гадзіны адбылася вельмі важная падзея. Як усе ведаюць, цяпер ідзе паседжаньне Палітычнага каімітэту, з 9-й да 11-й гадзіны меркавалася беларускае пытаньне. Я цяпер не магу камэнтаваць усё, што адбывалася і якія былі прапановы, але хачу ўпэўнена сказаць, што сёньня закладзеная вельмі добрая аснова для супрацоўніцтва зь Беларусьсю – як з афіцыйнай уладай, так і з апазыцыяй. Я ўпэўнены, што ў бліжэйшыя дні з боку Эўрапейскай Рады будуць зробленыя вельмі паважныя крокі ў кірунку Беларусі. Як будзе далей – гэта будзе залежаць ня толькі ад нас, дэпутатаў Рады Эўропы, але і ад Беларусі».

(Карэспандэнт: ) «Ці адбывалася на паседжаньні нейкая дыскусія, ці прысутнічалі розныя пункты погляду, або, можа, панавала нейкая еднасьць?”

(Станкевіч: ) «Дыскусія была і вельмі гарачая. Але амаль усе разумеюць, што трэба па-іншаму працаваць зь Беларусьсю, трэба мяняць тактыку і стратэгію ў адносінах да яе. З гэтым згаджаюцца ўсе, ня ўсім зразумела – а як? Як практычна працаваць, якія канкрэтныя крокі трэба зрабіць у адносінах да Беларусі. Вось у гэтым было цяжка прыйсьці да агульнага паразуменьня, але ўсё ж такі Палітычны камітэт мае свой погляд. Мне цяпер ня надта зручна камэнтаваць яго, думаю, радыёслухачы хутка даведаюцца. Я задаволены рашэньне Палітычнага камітэту”.

На мае пытаньні адказваў удзельнік літоўскай дэлегацыі ПАРЭ, дэпутат Сойму Вацлаў Станкевіч.

Палітычны Камітэт не зьбіраўся прымаць на паседжаньні нейкі канкрэтны дакумэнт пра Беларусь. Выказаныя на паседжаньні ініцыятывы, зьмест якіх будзе афіцыйна паведамлены пазьней, будуць абмяркоўвацца ў рабочых структурах Рады Эўропы. У найбліжэйшым часе Палітычны Камітэт плянуе выслаць у Менск невялікую групу, якая правядзе кансультацыі з абодвума бакамі беларускага палітычнага канфлікту.

Вынікі ўсіх гэтых захадаў будуць абмеркаваныя на наступным паседжаньні Палітычнага Камітэту ПАРЭ, якое адбудзецца ў студзені наступнага году ў Страсбуры.

XS
SM
MD
LG