Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ПАТРАБУЕ АД ДЗЯРЖАВЫ МЭМАРЫЯЛІЗАЦЫІ КУРАПАТАЎ – УЛДЫ НІБЫТА ЗГОДНЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Актывісты грамадзкай ініцыятывы арганізоўвалі гэтую сустрэчу для таго, каб вырашыць з уладамі пытаньні аховы гістарычнага помніка, якім ёсьць Курапаты. Першапачаткова плянавалася, што сустрэча адбудзецца ў канфэрэнц-залі гатэлю "Юбілейны", аднак сёньня ўлады ўнесьлі ў пляны арганізатараў свае карэктывы. Гаворыць арганізатарка сустрэчы Ірына Жыхар:

(Жыхар: ) " Сёньня да нас быў званок з "Белінтурысту". Паведамілі пра тое, што на Машэрава 19 прарвала трубы й сустрэчу праводзіць немагчыма".

Сябры грамадзкай ініцыятывы таксама зьвярталіся ў Фэдэрацыю прафсаюзаў з просьбай прадаставіць памяшканьне для сустрэчы, але безвынікова. Сустрэчу правялі ў рэдакцыі газэты "Рабочы" і на яе не прыйшло большасьць запрошаных дзяржаўных чыноўнікаў. Аднак нават тыя, што прыйшлі – аўтар праекту пашырэньня дарогі Мікалай Крэчэтнікаў з установы "Белгіпрадар" і дырэктар інстытуту "Менскград" Аляксандар Калантай – распавялі шмат цікавага. Гаворыць Мікалай Крэчэтнікаў:

(Крэчэтнікаў: ) " Праектаваньне, будаўніцтва й рэканструкцыя кальцавой дарогі адбываецца ў паскораным тэмпе хутчэй за прадугледжаныя тэрміны. Нас паставілі ва ўмовы, што мы павінны запраектаваць рэканструкцую дарогі і яе пабудаваць за адзін год. Да лістападу наступнага году кальцавая дарога павінна быць пабудаваная. Адпаведна праектная дакумэнтацыя мусіць быць распрацаваная да сьнежня сёлета. Праектная дакумэнтацыя будзе выпрацоўвацца паралельна з будаўніцтвам дарогі".

Таму й ня дзіўна, што непасрэдна ў часе будаўніцтва ў папярэдні праект уносяцца розныя зьмены, кшталту пракладкі вадаправоду ды іншых камунікацыяў, і дзеля гэтага рабочыя праводзяць несанкцыянаваную высечку лесу ў Курапатах ды іншыя працы.

Праўда аўтар праекту спадар Крэчэтнікаў, а таксама прадстаўнікі арганізацыі "Магістральаўтадар" запэўнівалі прадстаўнікоў грамадзкасьці, што добраўпарадкуюць тэрыторыю Курапатаў, зробяць на дарозе г.зв. падпорныя сьценкі, і калі захоча грамадзкасьць могуць за кошт дзяржавы агарадзіць урочышча.

Але чыноўнікі раілі не сьпяшацца з пабудовй агароджы й выпрацаваць яе добры праект. Дырэктар дзяржаўнага інстытуту "Менскград" Аляксандар Калантай нават прапанаваў грамадзкасьці выпрацаваць свой праект мэмарыялу ў Курапатах і прадаставіць яго на разгляд нечарговай навуковай рады ягонай установы, якая можа адбыцца ўжо ў наступную сераду. Грамадзкая ініцыятыва падтрымала гэтую прапанову. Гаворыць лідэр БНФ Вінцукк Вячорка:

(Вячорка: ) "Я так разумею, што вартва было б скарыстаць апошні шанц і зьвярнуцца у Генпракуратуру, для таго каб гэтыя працы прыпыняліся. Гэта раз. І другое – лавіць на слове сп. Калантая, прадстаўніка "Менскграду", з тым каб адбылася архітэктурная рада, дзе курапацкае пытаньне павінна быць абмеркаванае. І яшчэ адна выснова – безумоўна трэба патрабаваць, дамагацца ад дзяржавы закладаньня ў бюджэт адпаведных рэсурсаў дзеля таго, каб дзяржава мэмарыялізавала гэтую мясьціну".

Грамадзкая ініцыятыва вырашыла стварыць шэраг камісіяў, якія будуць рыхтаваць шэраг прапановаў для ўладаў у справе мэмарыялізацыі Курапатаў.

XS
SM
MD
LG