Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫВАТНАЯ СФЭРА АЎТАПЕРАВОЗАК БЕЛАРУСІ МОЖА НА 90% ПЕРАЙСЬЦІ ПАД КАНТРОЛЬ ДЗЯРЖАВЫ, ЯКАЯ СПРЫЯЕ РАСЕЙСКІМ КАНКУРЭНТАМ…


Ігар Карней, Менск

Прыватныя грузаперавозчыкі сьцьвярджаюць, што новыя ўмовы, якія перад імі будуць ставіцца, катастрафічныя і для іх, і для галіны ў цэлым.

Да гэтай пары галіна грузаперавозак заставалася, бадай, самай лібэральнай у параўнаньні зь іншымі, бо ўдзел дзяржавы ў гэтай сфэры быў зьведзены да мінімуму. Пакуль яшчэ рэклямныя выданьні прапаноўваюць паслугі перавозчыкаў літаральна на любы густ — ад замоваў перавозак вялікімі фургонамі і аўтапаяздамі да транспартыроўкі грузаў па нізкіх цэнах на патрыманых мікрааўтобусах. Новыя ж патрабаваньні да ўласьнікаў грузавога аўтатранспарту параўнальныя са сьмяротным выракам, — лічаць тыя, хто мае ад грузаперавозкаў асноўны прыбытак. Бо сотні невялікіх прыватных фірмаў у галіне транспартных паслугаў рызыкуюць застацца бяз працы. Уладальнікі грузавых аўтапаркаў кажуць, што патрабаваньні міністэрства транспарту да арганізацыі працы грузаперавозчыкаў цалкам непрымальныя. Гаворыць кіраўнік адной зь віцебскіх фірмаў Ягор Сьцяпанаў.

(Сьцяпанаў: ) "Закон "Аб транспартнай дзейнасьці" набывае моц 1 студзеня наступнага году. А падзаконны акт даручана было падрыхтаваць транспартнай інспэкцыі галіновага міністэрства яшчэ ў жніўні. Нашыя перавозчыкі возяць пераважна з Масквы ў Нямеччыну і назад. Дагэтуль прапорцыя на перавозкі была такая: 80% ажыцьцяўлялі беларусы (натуральна, нам на Захад трапіць зручней) і толькі 20% — расейцы. Зараз прыярытэты перагледжаныя; колькі каму — ніхто не гаворыць, але квота беларусам дакладна зьменшылася. А гэта таксама страта рынку. А паколькі рынак губляецца, нашыя улады вырашылі: дробных трэба яшчэ больш раздрабніць, каб ачысьціць шлях дзяржаўным прадпрыемствам. Бо дагэтуль непаваротлівыя дзяржаўныя прадпрыемствы сядзелі наогул бяз працы".

Паводле новых патрабаваньняў, кожнае прадпрыемства незалежна ад формы ўласнасьці павінна будзе прадаставіць у транспартную інспэкцыю міністэрства транспарту Беларусі пацьверджаньне на валоданьне маёмасьцю. Пры гэтым, агульны кошт асабістай уласнасьці не павінен быць ніжэй за тры тысячы мінімальных заробкаў. У іншым выпадку дазвол на дзейнасьць выдавацца ня будзе. І калі нават самае кволае дзяржаўнае прадпрыемства ў якасьці закладнога кошту можа прапанаваць нейкую нерухомасьць (гаражы, майстэрні, абсталяваньне), то бальшыні прыватнікаў, апроч машыны ды кватэры, закласьці няма чаго. Да таго ж цалкам падобна, што вялікую колькасьць прадпрымальнікаў імкнуцца чарговым разам паставіць перад фактам: у міністэрстве транспарту ад усялякіх камэнтароў наконт пэрспэктываў разьвіцьця галіны грузаперавозкаў ўстрымліваюцца. Гаворыць кіраўнік прыватнага аўтатранспартнага прадпрыемства зь Менску Алег Копыль.

(Копыль: ) "Я ў міністэрства транспарту сёньня тэлефанаваў, але патлумачыць сутнасьць плянаў там ня хочуць. Прыціскаць адназначна будуць. Бо ўжо ёсьць патрабаваньні да мінімальных памераў страхоўкі, маёмасьці на суму ня меней за некалькі тысячаў мінімальных заробкаў; каб адукацыя ў супрацоўнікаў была вышэйшая тэхнічная. Будуць ціснуць. Ня выключана, што тут пра свае інтарэсы дбае Расея. Зараз у расейскім міністэрстве транспарту разьмяркоўваюцца дазволы на праезд па тэрыторыі Беларусі. Паказальна, што колькасьць дазволаў на міжнародныя перавозкі на будучы год зьменшаная радыкальна. Калі раней больш было беларусаў, то цяпер пераважна расейцы. У нас усе лічаць: трэба рыхтавацца да найгоршага. Чаму? Вельмі вялікі артыкул даходаў. Таму й прыціскаюць".

Паводле статыстыкі, 90% абароту ў галіне грузаперавозкаў у Беларусі прыходзіцца на прыватныя транспартныя фірмы. Такога паказчыку няма ні ў адной іншай сфэры. Новым законам дзяржава спрабуе перахапіць ініцыятыву на вельмі прыбытковым рынку паслугаў у прыватных прадпрымальнікаў.


XS
SM
MD
LG