Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ЗАВЯЛА КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ НА ІОСІФА СЯРЭДЗІЧА


Любоў Лунёва, Менск

Падставай для ўзбуджэньня крымінальнай справы сталіся верасьнёўскія публікацыі ў "Народнай волі" — заявы лідэраў палітычных партыяў і грамадзкіх рухаў Беларусі, якія ўваходзяць у шырокую грамадзкую кааліцыю, а таксама артыкулу прафэсара, сябра-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Івана Нікітчанкі "Белыя плямы Беларусі й Расеі. Хто ж захоча мець справу з такім несумленным партнэрам?"

Старшыня менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч зьвярнуўся ў пракуратуру з заявай, у якой запатрабаваў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за паклёп галоўнага рэдактара "Народнай Волі" Іосіфа Сярэдзіча.

Спадар Дамашкевіч палічыў паклёпам наступныя радкі з заявы лідэраў палітычных партый:

"5 верасьня 2001 года пад кіраўніцтвам старшыні Менскага аблвыканкама Дамашкевіча адбылася нарада з намесьнікамі старшыняў райвыканкамаў Менскай вобласьці. Пад падпіску аб неразгалошваньні ім выдалі пакет са схемай фальсыфікацыяў вынікаў галасаваньня на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі нарады атрымалі "Матэрыялы ў дапамогу сябрам тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій ...", якія па сутнасьці зьяўляюцца інструкцыяй па барацьбе з назіральнікамі. Аналягічная праца вялася з работнікамі раённых структураў выканаўчай улады ў іншых абласьцях краіны. Кіраўнікамі раённых адміністрацыяў былі наладжаныя нарады са старшынямі выбарчых камісіяў, у часе якіх даводзіліся кантрольныя лічбы , на якія павінны былі выйсьці камісіі пры падвядзеньні вынікаў выбараў Прэзідэнта".

У пракуратуру для тлумачэньняў выклікаліся пяцёра з адзінаццаці падпісантаў Заявы — Уладзімір Ганчарык, Сяргей Калякін, Павал Казлоўскі , Васіль Лявонаў і Міхаіл Марыніч. Пасьля гэтага пракурор Ленінскага раёна Аляксей Стук распачаў крымінальную справу супраць рэдактара "Народнай Волі" за паклёп.

Як распаўсюджваньне паклёпу праз сродкі масавай інфармацыі расцэньвае пракуратура і публікацыю артыкулу прафэсара Івана Нікітчанкі.

(Марыніч: ) "Я лічу, што гэта замова, каб атакаваць незалежную прэсу. Ціск уладаў на незалежную прэсу, якая адлюстоўвае карціну нашага жыцьця і прэзыдэнцкай кампаніі. Аляксандар Лукашэнка не адбыўся як прэзідэнт. Ён казаў, што элегантна выйграў перамогу. Гэта не так".

Васіль Лявонаў так ацэньвае зварот Дамашкевіча ў пракуратуру:

(Лявонаў: ) "Цяжка сказаць, хто каму даваў загад. Але такія загады аддаюць тым, хто згодны іх выконваць. Хто не мае гонару, той пачынае яго шукаць".

Калі пракуратура здолее даказаць склад злачынства з боку Іосіфа Сярэдзіча, яму пагражае штраф, альбо папраўчыя работы, альбо арышт да 6 месяцаў, ці абмежаваньне свабоды тэрмінам на тры гады і нават пазбаўленьне волі на два гады.


XS
SM
MD
LG