Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ СУСТРЭЛІСЯ З КАНЦЛЕРАМ НЯМЕЧЧЫНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Спадар Шродэр выказаў зацікаўленасьць Нямеччыны ў дэмакратычным развіцьці Беларусі. На сёньня заплянаваная яшчэ адна сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з кіраўніком Нямеччыны.

Я набраў нумар мабільнага тэлефону лідэра Партыі жанчын "Надзея", сакратара прэзыдыюму ФПБ Валянціны Палевіковай у той момант, калі на зьезьдзе Сацыял-дэмакратычнай партыі йшло галасаваньне па кандыдатуры лідэра партыі.

(Палевікова: ) "І вось толькі што за Шродэра амаль 90 адсоткаў прагаласавала, выбралі яго зноў лідэрам сацыял-дэмакратаў".

Валянціна Палевікова, а таксама лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай, былы адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад шырокай грамадзкай кааліцыі Ўладзімер Ганчарык і старшыня БСДП "Народная грамада" Мікалай Статкевіч знаходзяцца на зьезьде нямецкіх сацыял-дэмакратаў у якасьці гасьцей. Ваянціна Палевікова і Уладзімер Ганчарык на гэтым зьезьдзе сустрэліся зь нямецкім канцлерам Герхардам Шрэдэрам:

(Палевікова: ) "Гэта была сустрэча не зусім заплянаваная, кароткая".

(Карэспандэнт: ) "Аб чым вы гутарылі?"

(Палевікова: ) "Гутарылі аб пэрспэктывах развіцьця Беларусі, аб тым як прайшлі выбары".

(Карэспандэнт: ) "Ці не было зь яго боку нейкіх пазытыўных прапановаў?"

(Палевікова: ) "Былі прапановы. Ён бачыць Беларусь квітнеючай дзяржавай, хацеў бы, каб было так. Усіх турбуе лёс Беларусі, усіх, напэўна, лідэраў краінаў Эўропы. Тым больш, што мы амаль суседзі, таму Нямеччыну таксама турбуе лёс Беларусі, дэмакратычныя зрухі".

Як паведаміла Валянціна Палевікова, апрача гэтых незапляплянавных перамоваў з канцлерам Нямеччыны, у Нюрнбергу павінна адбыцца яшчэ адна сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з Герхардам Шрэдэрам — гэтым разам ужо папярэдне заплянаваная.

Зь Нюрнбэргу лідэр ФПБ Уладзімер Ганчарык мае намер наведаць Брусэль на запрашэньне Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, дзе чакаюць ягонага выступу.
XS
SM
MD
LG