Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДЗІ Ў ЗША БАЯЦЦА ЛЁТАЦЬ НА САМАЛЁТАХ


Галіна Прыгара, Нью Ёрк

У чацьвер амэрыканцы будуць адзначаць, паводле традыцыяў, адно з самых хатніх і сямейных сьвятаў Thanksgiving, дзень Удзячнасьці. Звычайна перагружаныя у гэтыя дні авіякампаніі сёлета прыкладаюць шмат намаганьняў, каб прыцягнуць ды зацікавіць кліентаў. Больш за мільён амэрыканцаў у гэтыя дні накіруюцца да сваіх сваякоў у розныя штаты, каб у чацьвер за сямейным сталом разам зьесьці знакамітую засмажаную індзейку. Звычайна на гэтыя дні білеты на самалёты па краіне бываюць распрададзеныя за некалькі месяцаў. У гэтым годзе пасьля падзеяў 11 верасьня і нядаўняга падзеньня на жылы квартал Нью-Ёрку самалёту сытуацыя зусім іншая. Большасьць авіякампаніяў мае да 30 адсоткаў вакантных месцаў у сваіх самалётах. Амэрыканцы баяцца лётаць. Большасьць падарожнікаў вырашыла накіравацца ў госьці на машынах, цягніках і аўтобусах.

Тым часам сёньня ў аэрапортах Амэрыкі ўведзеныя надзвычайныя меры бясьпекі. Практычна ўсюды працуюць дадаткова нанятыя супрацоўнікі, якія правяраюць пасажыраў ды багаж. У Нью-Ёрку працягваюць несьці службу ўзброеныя нацыянальныя гвардзейцы. Паўсюдна працуюць сабакі, якія натрэніраваныя на пошук зброі і выбуховых прыстасаваньняў. Сёньня па ўсёй краіне 500 спэцыяльных агентаў міністэрства транспарту правяраюць сыстэмы бясьпекі ва ўсіх амэрыканскіх аэрапортах. Ды і працягвае дзейнічаць новы статут бясьпекі аэрапортаў, уведзены пасьля 11 верасьня. На пад’ездах і паркінгах аэрапортаў правяраюцца машыны, у памяшканьні дапускаюцца толькі пасажыры. Забаронена на борт самалётаў праносіць больш чым дзьве невялікія сумкі. Нельга пры сабе мець вострыя прыстасаваньні, нажніцы, манікюрныя прыборы, нажы ўсіх відаў. Дарэчы нажоў зараз на борце самалетаў ня будзе ўвогуле.

Кіраўнік Фэдэральнага Агенцтва авіяцыі Джэйн Гарвей выдала дзеля гэтай забароны адмысловы загад. На сустрэчы, дзе праводзіўся інструктаж кіраўніцтва службаў авіацыі, адзін з мэнэджэраў, яе падначаленых, запытаў у Джэйн Гарвей: “А як жа нашыя пасажыры ў першай клясе будуць есьці стэйк без нажа?” “Яны могуць есьці катлеты,” – адказала кіраўнік Агенцтва авіяцыі.

Сёньня ў ЗША пачынае дзейнічаць і новы закон, які гарантуе нормы забесьпячэньня бясьпекі ў аэрапортах.

На мінулым тыдні прэзыдэнт Буш падпісаў таксама загад аб праверцы біяграфічных дадзеных на крымінальнае мінулае ўсёго мільену супрацоўнікаў авіякампаній і аэрапортаў. Дарэчы, гэта зроблена ў Амэрыцы праз 11 год, як гэтага патрабаваў Кангрэс, пасьля таго, як 89-м годзе пад шатляндзкім горадам Lockerbie ў выніку тэрарыстычнага акту загінулі пасажыры самалёту кампаніі PanAm.

Сёньня абвешчана і пра тое, што ў бліжэйшы час авіякампаніі выдаткуюць яшчэ 700 мільёнаў даляраў на ўдасканаленьне тэхнічных сродкаў бясьпекі аэрапортаў.

Што да падарожжаў і іх бясьпекі, то сёньня сродкі масавай інфармацыі нагадваюць амэрыканцам, што згодна статыстычнай інфармацыі апошняга часу, у выніку аўтамабільнах аварыяў у краіне гіне ў 690 раз больш людей, чым у выніку авіякатастрофаў.

XS
SM
MD
LG