Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАЎГАРЫІ НА ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАХ ПЕРАМОГ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТ


Алена Панкратава, Прага

Прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Пятра Стаянава захаваюцца да 22 студзеня. А з 23-га студзеня пасаду зойме Георгі Пырванаў.

Як ўспрынялі ў Баўгарыі перамогу лідэра партыі былых камуністаў? На гэтую тэму мы гутарым з баўгарскай журналісткай, палітычным аглядальнікам Сафійскай тэлевізіі, лідэрам арганізацыі баўгарскіх журналістаў Сьняжанай Тодаравай.

Паводле маёй баўгарскай калегі Сьняжаны Тодаравай, першы замежны лідэр, які павіншаваў Георгія Пырванава зь перамогай – Герхард Шродэр, канцлер ФРГ і лідэр нямецкіх сацыял-дэмакратаў. Справа ў тым, што Георгі Пырванаў, знаходзячыся на пасадзе лідэра Сацыялістычнай партыі (да 1992-га году яна называлася камуністычнай) пастаянна праводзіў менавіта сацыял-дэмакратычную лінію. З гэтае нагоды, лічыць Сьняжана Тодарава, ён шмат чаму вучыўся ў нямецкіх сацыял-дэмакратаў, неаднаразова запрашаўся на іхныя партыйныя форумы.

(Тодарава: ) “Будучы прэзыдэнт гісторык па адукацыі, дастаткова малады. Мая асабістая думка, што за апошнія некалькі год ён вельмі вырас як палітык. Я маю на ўвазе ягоны аўтарытэт ня толькі ў партыі, але і ў краіне. Гэта можна меркаваць у тым ліку па ягоным інтэрвію журналістам, па ягонай самай апошняй прэсавай канфэрэнцыі адразу пасьля выбараў. У прыватнасьці, ён паведаміў, што прыярытэтам ў ягонай дзейнасьці будзе – эўрапейская арыентацыя, ён будзе прыкладаць свае намаганьні дзеля таго, каб Баўгарыя ўступіла ў Эўразьвяз і НАТА, а таксама ўмацоўвала кантакты зь іншымі стратэгічнымі партнэрамі – Расеяй, Украінай, Беларусьсю”.

Афіцыйныя падлікі галасоў павінны быць абвешчаны сёньня ўвечары. Сьняжана Тодарава лічыць, што пара сацыялістаў перамагла пару дэмакратаў зь перавагай 10 адсоткаў. Аднак пры гэтым дадае, што іншыя аглядальнікі называюць троху іншую лічбу: пара Пырванава атрымала 53 адсоткі галасоў, пара Стаянава – 47.Справа ў тым, што паводле баўгарскай канстытуцыі на прэзыдэнцкіх выбарах абіраецца ня толькі прэзыдэнт, але яшчэ і віцэ-прэзыдэнт.

(Тодарава: ) “Балятаваньне, якое адбылося ўчора і ў якім Пырванаў ўдзельнічаў у пары зь вельмі вядомым і папулярным чалавекам у Баўгарыі – гэты былы вайсковец, генэрал, паказала што яны вельмі “чыста” перамаглі сваіх канкурэнтаў”.

Маё пытаньне да Сьняжаны Тодаравай: “Пасьля гэтых выбараў атрымліваецца вельмі цікавая палітычная канфігурацыя. Прэм’ер –Семіон ІІ, нашчадак баўгарскіх цароў, вельмі празаходні чалавек. На парлямэнцкіх выбарах у чэрвені яго і ягоны рух падтрымала вялікая колькасьць баўгараў. Цяпер баўгары падтрымліваюць сацыялістаў. Чым гэта можна растлумачыць?”

(Тодарава: ) “Адказ вельмі просты. За гэтыя гады дэмакратыі, на жаль, многія абяцаньні, якія давалі дэмакраты, проста засталіся абяцаньнямі. Насельніцтва у вялікай ступені зьбяднела. Жыцьцёвы ўзровень зьнізіўся. У многіх баўгараў назіраецца расчараваньне ў прадстаўніках дэмакратычнага руху. На парлямэнцкіх выбарах 17 чэрвеня Саюз дэмакратычных сілаў таксама атрымаў паразу. Менавіта як альтэрнатыва дэмакратам ў парлямэнт большасьцю галасоў прайшоў новы нацыянальны рух “Сімеон ІІ”, названы ў гонар сына баўгарскага цара Сімеона Кабургоцкага. Ягоны рух атрымаў вялікую колькасьць галасоў на парлямэнцкіх выбарах. Дарэчы, пасьля гэтых выбараў на прэсавай канфэрэнцыі Георгі Пырванаў сказаў, што ён, канечне, ужо ня будзе старшынём Сацыялістычнай партыі. Як ён сказаў, ён будзе прэзыдэнтам усіх баўгараў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG