Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прафэсар Юры Бандажэўскі падаў хадайніцтва аб літасьці. Паводле адвакатаў, на працэсе над выкрадальнікамі Завадзкага пакуль не высунута ніводнага доказу віны падсудных. Юлія Чыгір рыхтуецца абараняць свайго сына Аляксандра, суд на якім пачнецца напрыканцы сьнежня. Былы супрацоўнік КГБ Генадзь Ўгляніца не зьбіраецца вяртацца на радзіму і паўтарае, што нічога не прыдумляў, калі распавядаў пра асабістае расьсьледваньне справы Ганчара-Красоўскага.

У менскай калёніі УЖ-15\1, вядомай тым, што там адбывае пакараньне дэпутат Андрэй Клімаў, сядзіць яшчэ адзін вядомы ў палітычных колах арыштант — былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту прафэсар Юры Бандажэўскі. Нагадаю, ён атрымаў 8 гадоў турмы , паводле прысуду, за хабарніцтва, міжтым праваабарончыя арганізацыі лічаць гэты прысуд палітычна зматываваным, зьвязаным з навуковай дзейнасьцю Бандажэўскага, які даводзіў злачынны характар дзяржаўнай палітыцы ў галіне Чарнобыля.

З турмы да мяне прыйшлі зьвесткі, што прафэсар Бандаджэўскі падаў на імя Лукашэнкі хадайніцтва аб літасьці, ў якім нібыта прызнае сябе вінаватым і просіць вызваленьня, бо ня можа не займацца навуковай дзейнасьцю. Я ўдакладніў гэтыя зьвесткі і аказалася, што ў іх праўда ўсё, апрача таго, што Бандажэўскі павініўся ў хабарніцтве. Адкакат Бандажэўскага Сяргей Цурко пацьвердзіў, што хадайніцтва было пададзенае, але , як ён сказаў, там ані слова няма пра прызнаньне прысуду. Паводле адваката, ёсьць шанец на тое, што хадайніцтва будзе задаволенае, паколькі датэрміновае вызваленьне вядомага прафэсара сталася палітычным пытаньнем.

(Цурко: ) "Рада Эўропы вельмі зацікаўленая ў вызваленьні Бандажэўскага, яго прызналі нядаўна вязьнем сумленьня , а ў Беларусі шэраг амбасадараў адмыслова наведвалі міністэрства замежных справаў каб хадайнічаць за вызваленьне Бандажэўскага. Але ім там заявілі, што Бандажэўскі не просіць пра вызваленьне. Таму і нарадзілася гэтае хадайніцтва. Толькі паўтараруся, ў ім ані слова няма пра прызнаньне віны. Бандажэўскі просіць волі, каб займацца навукай".

На бягучым тыдні ў Менскім абласным судзе працягваўся працэс па справе групоўкі Ігнатовіча, адным з эпізоваў якой ёсьць выкраданье апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Нагадаю, тыдзень таму галоўны абвінавачаны, былы спэцназавец Ігнатовіч быў выдалены з працэсу нібыта за спробы сарваць паседжаньне. Паводле зьвестак з суду, Ігнатовіча дагэтуль ў залю не вярнулі. Але і ў ягоную адсутнасьць працэс апынуўся пад пагрозай. Больш за палову сьведкаў у суд не прыходзяць, а галоўнае, як сьцвярджае адзін з адвакатаў, дагэтуль не прагучала ніводнага сапраўданага доказу віны групоўкі Ігнатовіча ў інкрымінаваных ім злачынствах. "На жаль, пакуль версія сьледчых ніяк не пацвярждаецца," — сказаў радыё "Свабода" адвакат, які пажадаў застацца неназваным.

Да эпізоду са зьнікненьнем Зьмітра Завадзкага суд пяройдзе, паводле плянаў судзьдзі Сіманава, ў другой дэкадзе лістапада. Прыкладам, на 23 лістапада прызначаны допыт сьведкі Паўла Шарамета, пад кіраўніцтвам якога працаваў на ОРТ Зьміцер Завадзкі. Павал Шарамет даў абяцаньне абавязкова прыйсьці на працэс ў будучую пятніцу.

Стала вядома, калі прыблізна пачнецца працэс над сынам экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра Аляксандрам, якога абвінавачваюць ў крадзяжы аўтамабіляў. Гэта павінна адбыцца напрыканцы сьнежня. Больш дакладнага тэрміну судзьдзя не паведамляе. Юлія Чыгір паспрабуе стаць абаронцам сына. Яна перакананая, што Аляксандра пачалі перасьледаваць паводле палітычных прычынаў, каб пашкодзіць бацьку, Міхаілу Чыгіру, стаць прэзыдэнтам. Юлія Чыгір сьцвярджае, што ў справе сына вялізарная колькасьць сьледчых памылак і фальсыфікацыяў.

(Юлія Чыгір: ) "Шчыра скажу, уражвае разуменьне нашымі сьледчымі законаў. Калі нават і пастаўлена была задача справу фальсыфікаваць, то як можна рабіць гэта настолькі яўна! Альбо наўмысна было зроблена так, каб было ўсё відавочна, альбо... Ну, гэта поўнае бязьмежжа!"

Тымчасам сам Аляксандр перакананы, што ў судзе ягоная невінаватасьць стане відавочнай, пра што ён заявіў падчас нядаўняга спатканьня з маці.

Інэса Ўгляніца, жонка зьбеглага ў Нарвэгію супрацоўніка КГБ Генадзя Ўгляніцы паведаміла, што муж некалькі разоў тэлефанаваў з Нарвегіі. Інэса ня ведае, ці атрымаў ён ўжо статус ўцекача. Паводле яе, ён нядаўна ізноў паўтарыў, што не ўдзельнічаў ні ў якіх правакацыяў адносна справы Ганчара -Красоўскага , і дадаў, што ўсё сказанае ім на вядомай відэакасэце пра вынікі расьсьледваньня зьнікненьняў гэтых людзей ёсьць праўдай. "Пакуль вяртацца муж не зьбіраецца , ў такіх ўмовах гэта немагчыма," — сказала Інэса Ўгляніца.

Нагадаю, Генадзь Ўгляніца і актывіст "Краю" Андрэй Жарнасек напрыканцы жніўня выступілі з абвінавачваньнямі на адрэсу некаторых вышэйшых кіраўнікоў краіны ў датычнасьці да зьнікненьня Захаранкі, а таксама Ганчара і Красоўскага. Абвінавачваньні падтрымліваліся некаторымі доказамі, сабранымі ў выніку асабістага расьсьледваньня. Аднак гэтыя доказы афіцыйна былі абвергнутыя, а ўцёкі заявіцеляў за мяжу факітычна спыніў незалежнае расьсьледваньне справы.

Не выключана, што зьявяцца новыя матэрыялы пра тайну зьнікненьня Ганчара і Красоўскага, але падобна на тое, што гэта ня будуць матэрыялы ад Ўгляніцы і Жарнасека.


XS
SM
MD
LG