Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮРЫ БАНДАЖЭЎСКІ ПАДАЎ НА ІМЯ А.ЛУКАШЭНКІ ХАДАЙНІЦТВА АБ ПАМІЛАВАНЬНІ І МОЖА ВЫЙСЬЦІ НА ВОЛЮ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту, вядомы дасьледчык наступстваў Чарнобыльскай катастрофы прафэсар Юры Бандажэўскі падаў на імя Аляксандра Лукашэнкі хадайніцтва аб літасьці. Паводле ягоных адвакатаў, Бандажэўскі мае шанец выйсці на волю цягам году, альбо значна зьменшыць тэрмін пакараньня.

Нагадаем, летась прафесар Бандажэўскі быў зьняты з пасады рэктара Гомельскага мэдычнага інстытуту ў сувязі з абвінавачаньнямі ў атрыманьні хабару. Сёлета ў жніўні над ім адбыўся суд, які прызнаў прафесара вінаватым і асудзіў на 8 гадоў турэмнага зьняволеньня. Між тым, дэмакратычыныя сілы і праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што насамрэч Бандажэўскі пацярпеў з-за сваёй навуковай дзейнасьці. У гэтым перакананы і адвакат Сяргей Цурко, які абараняў прафэсара ў судзе.

(Адвакат Цурко: ) "Ён займаўся практычнай навукай , якая рэальна даказала шкоднасьць ўздзеяньня Чарнобыльскай катастрофы на здароўе людзей, на экалёгію, флёру і фаўну. Паколькі гэтая пазацыя значна супярэчыць афіцыйнай дактрыне аб наступствах Чарнобылю, непазьбежным быў канфлікт Бандажэўскага з ўладамі. Таму ў пэўным сэнсе ён таксама зьяўляецца праваабаронцам, які абараняў правы людзей на здароўе і жыцьцё".

У эўрапейскіх краінах таксама ўважаюць арышт Юрыя Бандажэўскага палітычна матываваным і таму працягваюць кампанію за ягонае вызваленьне. Прыкладам, Рада Эўропы зьвярнулася да беларускага кіраўніцтва з заклікам перагледзіць лёс вядомага прафэсара , а ўплывовая міжнародная арганізацыя Аmnesty International абвесьціла яго вязьнем сумленьня.

Аднак гэтыя намаганьні пакуль не прынесьлі плёну. Паводле адваката Сяргея Цурко, хадайнічалі аб вызваленьні Юрыя Бандажэўскага і амбасадары заходніх краінаў у Менску, якім прадстаўнікі беларускіх уладаў заявілі, што прафэсару спачатку трэба прызнаць сябе вінаватым, а затым папрасіць літасьці ў Аляксандра Лукашэнкі. Толькі тады ён зможа разьлічваць на хуткае вызваленьне.

Тое, што Юры Бандажэўскі напісаў хадайніцтва, ягоны грамадзкі абаронца Гары Паганяйла тлумачыць адсутнасьцю іншай магчымасьці выйсьці на волю і працягваць займацца навукай.

(Паганяйла: ) "У нас ужо была падрыхтаваная касацыйная скарга на вынесены Бандажэўскаму прысуд. Пры неперадузятым разглядзе прысуд непазьбежна быў бы скасаваны, бо віна прафэсара зусім не даказаная. Але разьлічваць на эфэктыўнасць гэтага шляху не даводзіцца , бо немагчыма казаць пра незалежнасьць нашай судовай сыстэмы.

Бандажэўскі ня верыць ў нашае правасудзьдзе. Ён спадзяецца толькі на літасьць Аляксандра Лукашэнкі, які валодае гэтым правам як першая асоба ў краіне. Асабіста я лічу, што пад уплывам урадаў заходніх краінаў гэткае рашэньне сапраўды можа быць прынятае, і Бандажэўскі ўжо праз паўгода ці год выйдзе на волю, альбо яму будзе значна скарочаны тэрмін зняволеньня".

І Гары Паганяйла, і адвакат Сяргей Цурко сьцьвярджаюць, што ў пададзеным на імя Лукашэнкі хадайніцтве пра літасць Бандажэўскі не прызнае сябе вінаватым, а толькі просіць вярнуць яму волю, каб працягваць навуковую дзейнасьць.

У камітэце па выкананьні пакараньняў пры Міністрэрстве ўнутраных справаў адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра хадайніцтва Бандажэўскага да Лукашэнкі. Там паведамілі толькі, што падобныя хадайніцтвы адразу трапляюць ў адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, а вынік разгляду можа стаць вядомы і праз шмат месяцаў. І падалі два прыклады. Хадайніцтва аб літасьці грамадзяніна Нямеччыны Крыстафэра Леца, асуджанага за шпіянаж, было разгледжанае і задаволенае менш чым за месяц, а падобнае хадайніцтва італьянца Анджэла Піў, таксама прызнанага шпіёнам, разглядаецца ўжо амаль тры месяцы, але выніку пакуль няма. Даць прагноз, колькі часу спатрэбіцца для разгляду хадайніцтва Юрыя Бандаджэўскага ў камітэце па выкананьні пакараньняў не бяруцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG