Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АШМЯНАХ ЗВАЛЬНЕНЬНІ НА ЗАВОДЗЕ


Міхал Стэльмак, Менск

Вестка пра скарачэньне сталася непрыемным сюрпрызам для ўсяго працоўнага калектыву "Радыётэхнікі". Вось што паведаміў сёньня нашаму Радыё старшыня прафсаюзнага камітэту заводу Іван Амбражэвіч:

(Амбражэвіч: ) "42 чалавекі — гэта амаль 10 адсоткаў ад агульнай колькасьці нашых працаўнікоў. Будуць скарачацца інжынэрна-тэхнічныя работнікі і работнікі дапаможных службаў. Матывацыя такая, што ў сувязі з дрэнным эканамічным становішчам, быццам узьнікла патрэба прывесьці ў адпаведнасьць колькасьць рабочых, якія непасрэдна працуюць за станком і якія абслугоўваюць іх".

Ашмянскі завод вырабляе радыётэхнічную прадукцыю для такіх прадпрыемстваў Беларусі як, напрыклад, МТЗ, МАЗ, БелАЗ. Гэтае партнэрства, аднак, сёлета сталася для "Радыётэхнікі" стратным.Чаму?

(Амбражэвіч):Таму што былі замарожаныя цэны на нашу прадукцыю перад выбарамі. А мы не маглі самастойна падвысіць. Цэны на сыравіну і камплектуючыя вырабы расьлі , а цана на нашу прадукцыю амаль цягам паўгода заставалася бяз зьменаў. на наступную зарплату крэдыт трэба будзе браць у банку. Адным словам — кепска".

На "Радыётэхніцы" ўжо два месяцы не выплочваюцца заробкі. На мінулым тыдні рабочыя выказалі сваё незадавальненьне. На завод прыехала шмат начальства. Працоўнаму калектыву была паабяцааная фінансавая дапамога. Аднак пакуль гэтыя абяцаньні ня спраўдзіліся. І зараз высьвятляецца, улады для пераадоленьня фінансавага крызісу параілі адміністрацыі прадпрыемства скараціць частку працоўнага пэрсаналу.

Тых, хто патрапіць пад гэтае скарачэньне, чакаюць наперадзе сур'ёзныя выпрабаваньні. У мястэчку Ашмяны цяжка працаўладкавацца. На сёньняшні дзень тут, як паведаміла мне прадстаўніца мясцовага цэнтру занятасьці Аксана Дубаневіч, ужо зарэгістраваныя 143 беспрацоўныя. Ці гатовы цэнтар занятасьці прапанаваць працу яшчэ 42 чалавекам, якіх звольняць з "Радыётэхнікі"?

(Дубаневіч: ) "Не. На дадзены момант — ня можа".
XS
SM
MD
LG