Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Фільм «Гары Потэр» падчас свайго кінадэбюту ў Злучаных Штатах пабіў усе рэкорды наведваньня. Паводле зьвестак дыстрыбутара «Уорнэр Брос», толькі першы дзень пааказу ў мінулую пятніцу прынёс 31 мільён даляраў прыбытку. Дагэтуль рэкорд належаў фільму «Прывідная пагроза» - першай частцы «Зорных войнаў». Падчас першага дня паказу ў 1999 годзе гэты фільм зарабіў 28 з паловай мільёнаў даляраў. «Гары Потэр» дэманструецца ў рэкорднай колькасьці кінатэатраў – 3672 (трох тысячах шасьцістах сямідзесяці двух). Гэта амаль чвэрць усіх амэрыканскіх кінаэкранаў.

* КАБУЛ. Сілы афганскай апазыцыі, узяўшы Кабул, абвясьцілі пра намер як найхутчэй аднавіць у Афганістане тэлевізійнае вяшчаньне, забароненае талібамі пяць гадоў таму. Апрача таго ў краіне была забароненая музыка і фатаграфія. Афіцыйнае радыё талібаў перадавала толькі рэлігійныя праграмы. У першыя дні свайго ўваходу ў Кабул Паўночны Альянс распачаў рэгулярнае радыёвяшчаньне зь перасоўнага перадатчыка.

* ГАНКОНГ. Паўдзённаакарэйскія кінэматаграфісты плянуюць уваскрасіць зорку кіно кун-фу 70-х гадоў Бруса Лі. Фірма ShinCine Film рыхтуецца зьняць фільм «Ваяўнік дракона», бюджэт якога складзе каля 50 мільёнаў даляраў. У галіоўнай ролі выступіць сам Брус Лі, нягледзячы на тое, што актор загінуў у 1973 годзе ў нявысьветленых дагэтуль абставінах. Уваскрасеньне зоркі будзе выкананае з дапамогай кампутараў і мультыплікацыі. Аўтары праекту запэўніваюць, што Брус Лі будзе выглядаць настолькі праўдападобна, што зноў будзе біцца з «сапраўднымі» акторамі.

* САН СІТЫ (ПАЎДЗЁННАЯ АФРЫКА). Упершыню ляўрэаткай конкурсу Міс Сьвету сталася прадстаўніца чорнай Афрыкі. 18-гадовая нігерыйка Агбані Дарэга была прызнаная найпрыгажэйшай дзяўчынай сьвету на конкурсе, які сёлета праводзіўся ўжо 51-шы раз. Другое й трэцяе месца занялі прадстаўніцы карыбскай выспы Аруба і Шатляндыі. Раней прадстаўніцы афрыканскага кантынэнту тройчы заваёўвалі гэты тытул – два разы іх атрымвалі дзяўчаты з Паўдзённай Афрыкі і адзін раз – з Эгіпту. Новая Міс Сьвету зьбіраецца стаць кампутарным спэцыялістам і супэрмадэльлю.


* МААСТРЫХТ. У гэтым нідэрляндзкім горадзе адкрылася выстава пад назовам «Фірма Брэйгеляў». На ёй пртадстаўленыя творы Пітэра Брэйгеля-старэйшага, а таксама карціны, створаныя ў майстэрні ягонага сына – Пітэра Брэйгеля-малодшага. Пра апошняга дагэтуль вядома вельмі мала – спэцыялісты нават ня ўпэўненыя, ці ён сам займаўся жывапісам. Між іншага, на сёньня выяўлена, што бальшыня прыпісваных яму твораў была намаляваная некалькімі рознымі мастакамі, прычым у стварэньні паасобных карцінаў удзельнічала да пяці супрацоўнікаў майстэрні.


* ПУНСК (ПОЛЬШЧА). У горадзе Пунску ў паўночна-ўсходняй Польшчы адбылася восьмая сустрэча нацыянальных меншасьцяў Польшчы. На яе сабраліся ўкраінцы, беларусы, гэбраі, расейцы-стараверы, цыганы, немцы, кашубы і літоўцы. На фэстываль не прыехалі татары, у якіх у мінулы чацьвер пачаўся сьвяты месяц посту рамадан. Усяго падчас сустрэчы выступілі 18 музычных і танцавальных калектываў, а ў Доме літоўскай культуры ў Пунску дэманстравалася выстава народных рамёстваў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG