Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІТ ПРА МАСКАЛЯ: ПОБЫТАВЫЯ ПАДСТАВЫ


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: гісторык культуры Вацлаў Арэшка.

(Ракіцкі: ) “Жаўнер і мэмуарыст XVII стагодзьдзя Ян Хрызастом Пасак у знакамітай кнізе “Успаміны” занатаваў:

“Назаўтра мусіў быць царскі банкет. Прыйшоў да мяне вечарам Міхайла Офанасавіч, сын стольніка і яшчэ адзін зь ім баярын з арацыяй:
"Цар, Осудар Велікі Белое і Чорныя Русі, Самодержца і Обладатель, тебя стер прыятеля свойго просіт на білужыное колено і на лебедые гузно".
Ня ведаў я той іхнай палітыкі, маркотна мне было; думаю сабе, што за мода запрашаць каго на калені і дупу, ды яшчэ й ня ведаў, чым ёсьць тая іхная білуга. Ужо хацеў я сказаць: "Хай жа тое гузна сам з’ясі", але потым стрымаўся”.

Дзяржавы й народы сутыкаюцца праз сустрэчы асобных людзей. Чалавек можа быць брыдкі альбо сымпатычны нават незалежна ад таго, належыць ён да варожай ці прыязнай нацыі. Ягоны твар, жэсты, адзеньне, ягоныя рэакцыі на сусьвет фармуюць у нас партрэт "іншага" -- значыць адрознага, чужога .
Ці быў масковец (або маскаль) для старасьвецкага беларуса такім безумоўна іншым? Я задаю пытаньне майму госьцю -- гісторыку культуры Вацлаву Арэшку...”

(Арэшка: ) “Прыгадайма ў адказ радкі Адама Міцкевіча з трэцяй часткі "Дзядоў":

“З грудзямі шырокімі, шыяй магутнай.
Як зьверы ці каржакаватыя дрэвы,
Што выдзюжаць буры паўночнай завевы.
Падобныя тварам да іхнай краіны,
Адкрытай, пустыннай і дзікай раўніны…”

Гэта, бадай, погляд з "далёкага вонку". Але ж Міцкевіч нарадзіўся блізу ўжо маскоўскае мяжы, некалькі год правёў у Расеі, добра ведаў расейцаў і нават сябраваў зь імі. Увогуле, ягонае меркаваньне асабліва цікавае для нас, бо Міцкевіч спалучае тую "шляхоцкую легенду", якую мы імкнемся аднавіць, насамрэч, істотна зь цягам часу спалянізаваную, са спадчыннаю беларускаю мэнтальнасьцю. Для таго, каб зразумець сусьвет беларускага шляхціца, які стаяў на мяжы моваў і культураў, варта яшчэ й яшчэ раз зьвяртацца да наваградзкага "вяшчуна".

(Ракіцкі: ) “Але ж вернемся да "партрэту" -- Міцкевіч у пачатку XIX стагодзьдзя выразна адчувае прорву паміж сабою і расейцамі, але ці не выключна асабісты гэта погляд?”

(Арэшка: ) “Нягледзячы на стагодзьдзі ўзаемных стасункаў, ды існаваньня ўжо ў адзінай імпэрыі гэта ўнутраная мяжа заставалася. Яна адлюстраваная і ў тэкстах XX стагодзьдзя... Дарэчы, шмат заходніх беларусаў прыгадвалі, як уражаныя былі яны выглядам чаканых "рускіх братоў" -- жаўнераў-чырвонаармейцаў, якія ў верасьні 1939 году "асвабадзілі" іх -- "каржакаватых, з шэрымі мангольскімі тварамі, малазразумелай гаворкаю"...”

(Ракіцкі: ) “Можа, тады расейскі погляд на беларуса быў іншым, больш свойскім -- беларусаў жа "асвабаждалі" як "ісконе рускіх” людзей?”

(Арэшка: ) “Сярод шматлікіх згадак пра беларусаў я б прапанаваў да ўвагі ўрыўкі з кнігі расейскага генэрала Міхаіла Без-Карніловіча "Исторические сведения о примечательнейших местах Белоруссии", цікавыя тым, што аўтар, добра ведае беларускі край і ставіцца да яго зь безумоўнай прыязнасьцю:

“Потомки принявших христианство Кривичей, откровенны, суеверны: до сих пор сохранили одежду, язык и некоторые обычаи своих предков. С малолетства ознакомленные с недостатками всякого рода, равнодушно переносят недостаток, голод, стужу и всякую нужду. Мужчины охотники курить табак; оба пола любят попировать на похоронах, свадьбах, крестинах, где главным угощением бывает водка.
Белорусский крестьянин если сыт, одет и не обременён работою -- весел, добр, разговорчив, трудолюбив.
Незнакомый с роскошью белорусец, довольствуется малым: не скучает своею жизнью, ни трудами; от него всё можно получить справедливостью, умеренностью, ласкою: верный и признательный за добро, не стерпит оказанной ему несправедливостиі”.

Пры ўсёй прыязнасьці гэтага апісаньня, здаецца, не хапае яшчэ толькі шыльдачкі на кратках: "не карміць"...”

(Ракіцкі: ) “Гэта згадка пра сялянаў, але нас, хіба, больш цікавяць адносіны шляхецкія...”

(Арэшка: ) “Шляхта для расейцаў, незалежна ад паходжаньня яе й месца пражываньня, амаль выключна ўспрымалася як палякі, ляхі. Выключэньнем маглі быць толькі праваслаўныя, якія стваралі не істотную меншыню нават сярод непасрэдна беларускай шляхты.
Міцкевіч намаляваў яскравы й прывабны вобраз ідэальнага маскаля і ягонага стаўленьня да шляхты. Гэта капітан Рыкаў з "Пана Тадэвуша":

"Эх паны вы ляхі, такая ўжо гадка між вамі:
Што рускі -- то злодзей! Скажэце ж цяпер вы паны-та,
Што зналі і вы аднаго маскаля -- то Мікіта
Мікітавіч Рыкаў...

Мікіта ён чэсны салдат, ну і вас крыху любіць,
Што людзі вясёлыя вы і ахвочы к папойцы,
Прытым жа адважныя людзі ды спраўныя ў бойцы.

...Ой, ляхі вы ляхі! Айчызна! Усё гэта я чую,
Я, Рыкаў; цар кажа, а я вас, ей богу, шкадую.
Ды што нам да ляхаў? Масква для маскоўцаў уроча;
А Польшча для ляхаў; ды што ж? Калі цар патароча!"

Гэтыя словы зьвернутыя да наваградзкай шляхты, але маглі быць датычнымі да любога шляхотнага ўраджэнца былой Рэчы Паспалітай”.

(Ракіцкі: ) “Здаецца, часта прычынаю недаверу й варажэчы станавіліся проста непаразуменьні, выкліканыя рознымі традыцыямі, звычаямі, нават нязвыклымі стравамі. Як у цытаваным на пачатку перадачы анэкдоце, пра які распавядае Ян Хрызастом Пасак”.

(Арэшка: ) “Так, і той жа Пасак маляўніча распавядае пра дрэнную маскоўскую гарэлку, якой частавалі яго царскія паслы:

“Гарэліца ў іх, чым болей сьмярдзіць, тым у большай цане ёсьць. Гэтая прастуха так брыдкая, што агідна панюхаць яе, ня тое, што піць, а п’е та ён з такім густам, як найлепшы спэцыял, яшчэ сабе смакуючы й прыгаворваючы: "Сласно же су вінко государское!"

Але ж Пасак, прыстаўлены суправаджаць паслоў у дарозе да караля, робіць усё, каб дагадзіць маскоўцам, з пахвалою адзначае іхную годнасьць і паважнасьць. У іншы час той жа Пасак, шалёны рубака, стрымлівае руку з шабляю ў самай гарачцы бітвы:

“Толькі ж я шаблю ўзяў, аж уцякае на саловым бахмаце нейкі малакасос у атласным стракатым жупане, парахаўнічка ў яго на срэбным ланцужку. Сунуўся я да яго, заехаў яму шлях. Маладзенькі хлопец, гладкі; аж трымае ў руце крыж апраўлены й плача: “Пожалуй, для Хрыста Спаса, для Перечыстой Богародыцы, для Мікулы Чудотворцы!” Шкада мне яго стала, а бачыў, што вялікія купы масквы і з таго і з таго боку беглі проста да мяне; баяўся каб мяне не агарнулі. Не хацеў затрымацца каля яго, забіваць таксама шкада праз ягоныя гарачыя малітвы. Забраў яму толькі той крыж з рукі, ды выцяў плашмя цераз плечы: “Уцякай да мацяры, чортаў сыне!”

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, наколькі я ведаю, амаль нідзе ў беларускіх і польскіх мэмуарах ня знойдзеш словаў нянавісьці да звычайных маскоўскіх людзей. А вось словы прыязныя ці ўдзячныя -- ёсьць”.

(Арэшка: ) “Так, і падставаю для прыязьні звычайна былі агульныя ідэі, агульныя хрысьціянскія, маральныя каштоўнасьці. Цікава, што многія мэмуарысты і літаратары, якія адмаўляліся бачыць маральнасьць у маскоўскае дзяржаве, ахвотна заўважалі станоўчыя якасьці тых маскалёў, зь якімі іх зводзіла жыцьцё. Сябрамі станавіліся людзі блізкія па духу. Як заўжды, яскрава напісаў пра гэта Адам Міцкевіч ва ўрыўку "Да прыяцеляў маскалёў":

“Дзе вы, сябры цяпер? Шляхетная дзе шыя
Рылеева, што я па-брацку абдымаў.
Цар загадаў даць ёй абдымкі больш тугія,
Пракляты, хто свайго прарока катаваў.

Рука Бястужава, жаўнера, песьняра,
Якую я сьціскаў, ужо даўно ў палоне
Сібірскіх руднікоў бяз зброі і пяра,
Там, дзе закутыя і польскія далоні...”

(Ракіцкі: ) “Сапраўды, лёзунг "За вашу і нашу свабоду", які зьявіўся ў Рэчы Паспалітай пад час паўстаньня 1830--1831 гадоў быў у першую чаргу зьвернуты да расейцаў, якія, як меркавалі паўстанцы, гэтак жа сама пакутвалі пад царскім прыгнётам. А, дарэчы, Пушкін, прыяцель і былы аднадумца Міцкевіча, у той час жа паўстаньня піша ў сваіх вершах і лістах: "...надобно их как можно скорее задушить..."”.

(Арэшка: ) “А вось аўтарка ўспамінаў "У Вільне і ў дварах літоўскіх" Габрыеля Пузыніна, шчырая патрыётка і прыхільніца паўстанцаў, згадваючы пра падзеі смутных для нашага краю часоў пасьля гэтага паўстаньня, піша пра аднаго з расейцаў:

“У Менску... губэрнатарам быў гэнерал Строганаў, пазьнейшы куратар унівэрсытэту ў Маскве. Гэты годны чалавек, праўдзівы хрысьціянін, бацькам стаў для жыхароў менскай губэрні, якія са сьлязьмі ўдзячнасьці дагэтуль яго яшчэ згадваюць, ужо ў другім пакаленьні. Цэлы год жылі мы аповедамі пра ягоную невычэрпную дабрыню... Ён, з сэрца свайго чэрпаючы довады міласэрнасьці, прыпісваў гэта волі і загадам цара, а сваю дабрыню -- заслугам сваёй жонкі, якая, як расказвалі, зрабіла яго добрым і лагодным. Маці маю заўсёды так міла ўзрушалі анэкдоты пра Строганава, што нічым ёй больш дагадзіць было няможна, як падобным апавяданьнем.
Так аднойчы, паліцыя прывяла да яго студэнта, пры якім знойдзены быў твор Міцкевіча, што было на той час дзяржаўным злачынствам. Бедны хлопец стаяў разгублены і дрыжэў, ня маючы ані слова ў сваю абарону. "Адкуль гэта ўзяў?" -- запытаў нібыта сурова губэрнатар. -- "Адкуль?" А як студэнт маўчаў, дык дадаў: "Вось я ведаю -- знайшоў ты гэта на вуліцы, іншым разам памятай -- не падымаць такіх рэчаў зь зямлі". Кажучы гэта, кінуў кніжку да палаючага полымя ў каміне”.

(Ракіцкі: ) “Як бачым, маскалі могуць быць розныя -- але, добры ён быў ці злы, якім усё ж у цэлым успрымаўся чалавек з Масковіі, з Расеі? Якую галоўную рысу можна вылучыць паводле шматлікіх пісьмовых крыніцаў мінуўшчыны?”

(Арэшка: ) “Можа, гэта крыху парадаксальна, але найважнейшае, што я бачу ва ўспрыманьні маскаля беларусамі на працягу вякоў -- гэта ягоная "іншасьць". Які б ён характар ня меў, ён заўсёды адчуваўся чалавекам "з-за мяжы". І гэта, дарэчы, было ўзаемна. І ў адмоўных і ў нэгатыўных, нават як бы ў "бязколерных" тэкстах ёсьць адчуваньне гэтае дыстанцыі”.

(Ракіцкі: ) “Адчуваньне іншасьці… Ці мае яно нейкі сэнс для гісторыі, для існаваньня беларускай нацыі?”

(Арэшка: ) “Як і асобны чалавек, нацыя мусіць адчуваць сваю цэльнасьць, індывідуальнасьць, мяжу паміж сабою і іншымі. Немагчыма цалкам зьліцца ў сяброўстве, нават у каханьні. Новае нараджаецца там, дзе сустракаецца рознае -- гэта бясспрэчна і ў біялёгіі, і ў культуры. Можна страціць сваю непаўторнасьць -- і назаўжды перастаць быць сабою, распусьціцца ў чужой асабовасьці, хай сабе прывабнай і моцнай. Але гэты стан бадай можна назваць ужо сьмерцю... Патрэба ў рознасьці -- патрэба ў жыцьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG