Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАСОПІС ECONOMIST ПРА КУРАПАТЫ І ЛУКАШЭНКУ


Кастусь Бандарук, Прага

Сучаснасьць у Беларусі змрочная. З часу, як ўладарны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ў верасьні быў пераабраны на другі тэрмін ў выніку сфальшаваных выбараў, – піша Economist. Без эфэктыўнай апазыцыі ў самой краіне і за мяжою, таксама будучыня выглядае дрэнна. Больш таго, зараз нават мінулае праблематычнае.

Дамарослая філязофія Лукашэнкі – сумесь параноі, русафіліі і савецкай настальгіі, не пакідае нават месца памяці аб масавых забойствах часоў Сталіна ў 37-41-м гадах, у выніку якіх была зьнішчаная беларуская эліта і пракладзены шлях да пасьлеваеннай русыфікацыі краіны. Зараз у Курапатах непадалёк ад Менску ўлады будуюць дарогу па найбольш вядомых магілах тых жахлівых гадоў. Беларускія дысыдэнты знайшлі гэтыя магілы ў 88-м годзе. Яны лічаць, што там пахаваныя як мінімум 250 тысячаў ахвяраў савецкага тэрору. Беларускія ўлады называюць лічбу “усяго” некалькі тысячаў і кажуць, што гэта ахвяры нацыстаў. Сем тыдняў таму пачаліся пратэсты невялікіх групаў людзей, у якасьці галоўнага аргумэнту ўлады ўжылі бульдозэры і АМОН.

Лукашэнка не хвалюецца, – піша Economist. – Пасьля таго, як сам ён зрабіў стаўку на сілу ў часе выбараў, зараз ягоныя памагатыя заціскаюць ацалелую незалежную прэсу, пераважна апазыцыйныя газэты ў рэгіёнах. Сваім дэкрэтам Лукашэнка распарадзіўся, што ў наступным годзе эканамічны рост павінен скласьці 5 % пры адначасовым, значным падвышэньні заробкаў. Міжнародны Валютны Фонд ды іншыя фінансавыя ўстановы лічаць гэта малаверагодным. У гэтым месяцы, у часе неасьцярожнага тэлевізійнага выступу, Лукашэнка амаль прызнаўся, што менавіта дзяржаўныя органы зьнішчалі нявыгадных (для рэжыму) людзей. Ён гаварыў пра крымінальных аўтарытэтаў, аднак многія лічаць, што тыя самыя мэтады былі ўжытыя для зьнішчэньня апазыцыйных лідэраў.

Пакуль Расея пастаўляе сваёй зьбяднелай суседцы танную энэргію, выглядае, што такі стан будзе і надалей, – лічыць брытанскі часоопіс Economist. На мінулым тыдні, згадваючы пра сяброўскія адносіны паміж Расеяй і сумнеўнымі лідэрамі Паўночнай Карэі, Іраку і Беларусі, Пуцін пажартаваў, што “хаця гэта нягоднікі, але свае”. Ізаляваньне іх не дало б вынікаў, – сказаў ён. Гісторыя можа прызнаць за ім рацыю, зразумела, у залежнасьці ад таго, хто гісторыю піша.


XS
SM
MD
LG