Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯЖУРСТВА ЛЯ АНАЛЯГІЧНАГА КУРАПАТАМ МЕСЦА Ў БАРЫСАВЕ ПАЧАЛІ ТАМТЭЙШЫЯ АКТЫВІСТЫ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Сёньня каля гэтага крыжа я сустрэў старшыню філіі Партыі БНФ Анатоля Аскерку. Ён распавёў пра свае ўражаньні ад учорашняга наведваньня гэтага месца:

(Аскерка: ) "Быў сарваны сьцяг наш бел-чырвона-белы, але хтосьці яго павязаў зноў на крыж. На бліжэйшых да крыжа соснах я ўбачыў тры шыльдачкі — гэта кажа пра тое, што сюды пачалі ісьці людзі. На адной зь іх было напісана: "Тут 4–5 лістапада была моладзевая арганізацыя "Барысаўцы". На жаль, я ня ведаю такой арганізацыі, але гэта вельмі прыемна, што ёсьць яшчэ патрыятычная моладзь. Напісана было па-расейску. І яшчэ да крыжа нехта прынес камень, на якім напісана "Жертвам сталинизма".

Сёньня я паспрабаваў знайсьці сяброў новай незарэгістраванай арганізацыі "Барысаўцы", але гэты пошук быў безвыніковы. Кіраўнічка справаў барысаўскага гарвыканкаму Тацяна Дронава — адна з асобаў, што адказвае за ўкладаньне кнігі "Памяць" — паведаміла Радыё Свабода, што чыноўнікі гарадзкой вэртыкалі ня маюць дачыненьня ні да зрываньня з крыжа бел-чырвона-белага сьцяга, ні да надпісаў на валуну блізу таго ж крыжа.

Паводле Анатоля Аскеркі, ён ды ягоныя аднапартыйцы будуць тут дзяжурыць да канца лістапада.


XS
SM
MD
LG