Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДАЎНІКІ Ў КУРАПАТАХ ПЕРАКРОЧЫЛІ ПРАЗ ДАМОЎЛЕНУЮ РАНЕЙ 22-МЭТРОВУЮ ЗОНУ


Ганна Соусь, Менск

Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў адзін з ужо пабудаваных участкаў Менскай кальцавой дарогі. Адметна, што ў Курапаты, найбольш праблемную для ўладаў будоўлю, ён не прыехаў. Лукашэнка заявіў, што рэканструкцыя кальцавой дарогі мусіць завершыцца ўжо ў наступным годзе, і зьвярнуўся да кіраўнікоў Менску й Менскай вобласьці Міхаіла Паўлава й Мікалая Дамашкевіча: "Вы не павінны расьцягваць будоўлі!"

Будаўнічыя работы ў Курапатах ідуць шпарка. Сёньня тут напалову прысыпалі жвіром крыжы, якія былі ўсталяваныя на 22 мэтры ад дарогі, і зьяўляліся, так бы мовіць, мяжой, за якой нельга весьці будаўнічыя работы. На тэрыторыі ляснога масіву ўвесь дзень стаяла машына з амонаўцамі. Гэтым быў вельмі абураны сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо, ён нават спрабаваў пагнаць міліцыянтаў.

(Юхо: ) "Заехаў АМОН на машыне ў мэмарыяльную зону. А гэтага нельга. Яны кажуць, што быў вусны загад, каб іхная спэцмашына стаяла ля лягеру".

Побач зь лягерам цяпер АМОН раённай міліцыі, а з другога боку дарогі — гарадзкі. Раённыя амонаўцы маюць ужо неблагія стасункі з валанцёрамі. Часам кавы разам вып'юць, потым распачнуць дыскусію пра Курапаты. Валанцёры мяркуюць, што магчыма нейкім чынам паўплываць на сьвядомасьць гэтых людзей.

Сёньня на курапацкім пагорку земляныя работы не вяліся, будаўнікі здымалі асфальт. Раніцай у Курапатах пабываў археоляг Алег Іоў.

(Іоў: ) "Учора яны зьнялі 40 мэтраў з правага боку дарогі, сёньня я думаў, што будуць здымаць астатнія, а яны зараз здымаюць асфальт і ніякіх земляных працаў не праводзяць. Толькі на тым баку здымаюць дзірван, але не з узвышша, а з плоскай мясцовасьці. Большасьць пахаваньняў — на ўзвышшы. І калі яны здымаюць дзірван, і ёсьць магіла, то адразу будзе бачная такая чорная пляма памерам ад 2 да 4 мэтраў. Будуць бачныя рэчы... Тады адразу трэба спыняць будаўніцтва".

Паводле Алега Іова, археолягі будуць наглядаць за будаўніцтвам да 31 сьнежня, менавіта да гэтага тэрміну мусяць скончыцца земляныя працы на ўчастку ля Курапатаў. Але назіраньне можа працягнуцца й далей.

(Іоў: ) "Аднавіць нагляд можна будзе, калі тут будуць парадкаваць тэрыторыю — пракладваць дарожкі, рабіць сьценку, нейкія дэкаратыўныя прылады, крыжы, надпісы "Курапаты", шыльды..."

Ужо 53 дні ў Курапатах кругласутачна дзяжураць сябры моладзевых арганізацыяў. З кожным днём халадае, і ахоўваць Курапаты становіцца ўсё цяжэй. Гаворыць валанцёр Глеб:

(Глеб: ) "Мы зьвяртаемся да грамадзкасьці з просьбай усталёўваць крыжы на месцы зьнесеных, а таксама па ўсім урочышчы. Мы зьвяртаемся да людзей, каб яны прыходзілі сюды, каб дапамаглі нам, хто чым можа. У суботу а першай гадзіне тут будзе набажэнства, а ў тры пачнецца набажэнства ў нядзелю. Хай людзі прыходзяць, дапамагаюць. Гэта трэба нам усім. Людзі тут ужо стаміліся, некаторыя па тыдню сядзяць..."

Глеб кажа, што валанцёры будуць заставацца ў Курапатах, пакуль тут ня скончацца будаўнічыя работы.

XS
SM
MD
LG