Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРХЕОЛЯГІ, ШТО НАЗІРАЮЦЬ ЗА ПРАЦАМІ Ў КУРАПАТАХ, ВЫСТУПІЛІ З ЗАЯВАЙ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах сёньня экскаватары працавалі на пагорку. Гэтым займаліся будаўнічыя брыгады зь Берасьця. Магілёўскія рабочыя ля лягеру валанцёраў рабілі шурфы, бо хутка тут пачнуць будаваць падземны пераход. Адметна, што некаторыя будаўнікі прапаноўвалі валанцёрам сваю дапамогу, казалі, што могуць выкапаць яміны для крыжоў, якія тут будуць усталёўваць у суботу й нядзелю.

Раніцай за працай будаўнікоў сачыў археоляг Віктар Кудрашоў з Інстытута гісторыі Акадэміі навук. Мне не давялося сустрэцца зь ім у Курапатах, але пра вынікі ягонага назіраньня мне распавёў старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Алег Іоў.

(Іоў: ) "Зараз экскаватар акуратна здымае верхні слой глебы, недзе 20–25 сантымэтраў па адкосу — дзе Курапацкі ўзгорак. Паводле словаў Кудрашова, калі б там былі магілы, яны былі б бачныя. Але нічога няма, там пясок, жвір. Ён размаўляў сёньня з прарабам, і той сказаў, што яны будуць дасыпаць дарогу на 70 сантымэтраў і ня будуць кранаць Курапацкага ўзгорка. Мы сочым ня толькі за тым, каб не было магілаў, але й каб бульдозэры не заяжджалі за межы тычак. Такіх праблемаў няма, каб можна было неяк перажываць за Курапаты".

Я запыталася ў Алега Іова, навошта было праводзіць месяц таму ў Курапатах дадатковыя археалягічныя раскопкі, калі было вядома, што за 15–20 мэтраў ад дарогі няма пахаваньняў? Тым больш, што менавіта на высновы навукоўцаў з Інстытута гісторыі й спасылаліся міліцыянты, калі тыдзень таму ўжылі сілу супраць абаронцаў Курапатаў. Спадар Іоў адказаў гэтак:

(Іоў: ) "Паводле нашай дамовы зь "Белгіпрадорам", раскопак не павінна было быць. І гэтыя раскопкі я праводзіў менавіта на просьбу Маладога Фронту й грамадзкай ініцятывы. Сам я не хацеў раскопак весьці. Я проста казаў, што, відаць, там нічога няма, на 90 адсоткаў".

Дагэтуль у Курапатах застаюцца амонаўцы. Гаворыць сябар Беларускай партыі свабоды Алесь Гетман:

(Гетман: ) "Дзьве машыны АМОНу тут знаходзяцца. Нармальна да нас ставяцца, размаўляем зь імі. Супраць нас нічога ня маюць. Яны тут выступаюць як ахова будаўнікоў. Ад нас ахова, таму што будаўнікі заявілі, што баяцца тут знаходзіцца".

Валанцёры пільнуюць будоўлю, і ўжо дасягнулі пэўных вынікаў. Прыкладам, яны не дазволілі будаўнікам перанесьці тычкі з 22 на 26 мэтраў ад восі дорогі. Cёньня ж будаўнікі пагадзіліся перанесьці ў іншае месца аўтобусны прыпынак, які, паводле пляну, мусіў знаходзіцца побач зь лясным масывам. Распавядае валанцёр Аляксей:

(Аляксей: ) "Сёньня рабочы інжынэрнай службы сказаў, што нам прасьцей перанесьці прыпынак на 5 мэтраў, чым валіць гэтыя дрэвы й спрачацца з вамі. Ён таксама прагаварыўся: сказаў, што той плян, паводле якога яны будуюць дарогу, — стары і ўжо адменены, і праекту на гэтую дарогу ўвогуле не існуе".

Нагляд за будоўляй, паводле валанцёраў і археолягаў, будзе весьціся штодня. Да таго ж, археолягі, удзельнікі працы ўрадавых камісіяў у справе Курапатаў 1988 і 1993 гадоў выступілі з заявай, у якой выказваюць занепакоенасьць апошнімі выступамі дзяржаўных СМІ на гэтую тэму. У гэтых артыкулах актыўна навязваецца грамадзтву думка пра тое, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры фашыстоўскіх расстрэлаў Другой усясьветнай вайны, і пры гэтым замоўчваецца афіцыйная выснова ўрадавай камісіі 1988 году аб Курапатах як месцы масавага зьнішчэньня людзей органамі НКВД. І да таго ж засакрэчаныя вынікі сьледзтва 1997-98 гадоў.

Археолягі заклікаюць усіх зацікаўленых асобаў узяць удзел у выпрацоўцы і абмеркаваньні праекту стварэньня Народнага мэмарыялу памяці ахвярам бальшавіцкага тэрору ў Курапатах. Гэтую заяву падпісалі археолягі Мікола Крывальцэвіч, Алег Іоў, Андрэй Мяцельскі, Валянціна Вяргей, Лявон Калядзінскі, Міхась Чарняўскі, Віктар Кудрашоў і Аляксандар Мядзьведзеў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG