Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАБУЛ ПАСЬЛЯ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ


Мікола Іваноў, Прага

Раніцай у аўторак Кабул прачнуўся і нечакана зрузумеў, што талібы пакінулі горад. Шмат хто цяпер параўноўвае адступленьне талібаў з тым, як быццам з гораду была зьнятая вялікая паранджа. Скончыліся 5 гадоў цемры. Талібы панавалі ў Кабуле як акупанты. На працягу пяці гадоў іхнае ўлады ў горадзе было практычна забаронена культурнае жыцьцё. Яны змушалі ўсіх мужчынаў адрошчваць бароды, была забароненая музыка, дзяўчынкам было забаронена вучыцца ў школах, а жанчынам увогуле працаваць. У горадзе былі зачыненыя ўсе тэатры і канцэртныя залі.

Гаворыць 21-гадовы Алі Сайед:

“Мы ўсе проста паміралі ў гэтай краіне. Нічога не засталося. Мы ўсе маліліся, каб Бог зьнішчыў гэтых талібаў як мага хутчэй. Усе моцна стомленыя падобным жыцьцём, гэтымі сталымі зьменамі рэжымаў. Паглядзіце на мяне. Я выглядаю на 35-40 гадоў. Пасьля таго, як талібы захапілі ўладу, мы ня мелі прыемнасьцяў жыцьця”.

27-гадовы гандляр Ахмед Фарыд гаворыць:

“Я адчуваю сябе як нованароджаны. Пачалося новае жыцьцё. Калі талібы стварылі сваю ўладу, мы радаваліся, таму што меркавалі, што будзе бясьпечна. Пазьней мы зразумелі, што талібы не афганцы, што гэта арабы, пакістанцы і іншыя”.

Фарыд прыгадвае, як на пачатку панаваньня талібаў ён падстрыг сваю бараду, каб прыйсьці на шлюб сваіх сяброў. Для талібаў гэта было парушэньне іх строгіх законаў, і Фарыда пасадзілі на 7 дзён у турму.

А вось што сказаў карэспандэнтам газэты Washington Post 19-гадовы студэнт Гасібулах:

“Нам не дазвалялі нават гуляць у футбол, не дазвалялі наведваць спартовыя клюбы. Нам не дазвалялі адчуваць сябе, як іншыя чалавечыя істоты”.

Асабліва жорстка талібы ставіліся да жанчынаў. Іх змушалі апранацца ў даўгую паранджу, якая закрывала ўсё цела і твар. Ім не дазвалялі працаваць, вучыцца ў школах, ім нават не дазвалялася выходзіць на вуліцу без суправаджэньня сваякоў-мужчынаў. Цяпер, пасьля вызваленьня, зьявілася надзея, што правы жанчынаў будуць адноўленыя.

32-гадовая настаўніца Набіла Гасімі расказвае, што яна працягвала нелегальнае навучаньне жанчынаў. У яе было 15 навучэнак, яна хадзіла ад дому да дому каб вучыць дзяўчынак. Яна гаворыць:

“Я шчасьлівая, таму што упэўненая, што дзьверы школаў адчыняцца для дзяўчынак”.

Гасімі размаўляе з заходнімі карэспандэнтамі з-пад паранджы. Яна ніколі не насіла яе да прыходу талібаў. Але цяпер яна не сьпяшаецца зьняць яе, бо ня ўпэўненая, што талібы адышлі назаўсёды. Гасімі працягвае:

“Думаю, у Афганістане не было ніякіх правоў чалавека. Жанчынам не дазвалялі працаваць ці атрымліваць нармальную адукацыю. Нам не дазвалялі пакідаць дамы. Гэта значыць, што мы былі ў турме”.

Кабул паволі вяртаецца да нармальнага жыцьця. На вуліцы вяртаецца рух аўтамашынаў, адкрытыя крамы і мячэці. Жаўнеры Паўночнага альянсу даволі спраўна пільнуюць парадак у горадзе. Сярод іх, як заявіў міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд, ёсць адпаведная колькасьць вайскоўцаў амэрыканскага спэцназу. Каля галоўных дзяржаўных будынкаў стаяць танкі. На скрыжаваньнях аўтамабілі правяраюць салдаты ў вайсковых мундурах.

Ва ўлётцы Паўночнага альянсу, якая распаўсюджваецца на Цэнтральным базары, гаворыцца: “З дапамогай Бога жаўнеры Паўночнага альянсу вызвалілі Кабул ад талібаў і замежных агрэсараў… Паўночны альянс у Кабуле каб дапамагчы вам і даць бясьпеку. З боку Паўночнага альянсу ня будзе ніякай дыскрымінацыі паводле мовы, колеру скуры, нацыянальнасьці ці іншых прычынаў... Мы заклікаем усіх аднавіць нармальнае жыцьцё. Калі вы гандляр, адчыняйце сваю краму, калі дзяржаўны служачы – ідзіце і працуйце ў свой офіс”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG