Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЛІБЫ СТРАЧВАЮЦЬ УЛАДУ ПА ЎСІМ АФГАНІСТАНЕ


Радыё Свабода.

Прадстаўнік Паўночнага Альянсу Юніс Кануні заявіў, што зараз талібы кантралююць ўсяго 20 % тэрыторыі краіны. Акрамя сталіцы, яны страцілі кантроль над стратэгічнымі гарадамі Мазар-і-Шарыф і Герат, а таксама правінцыямі Лагман, Логар, Кунар і Нангабар. Дагэтуль невядомы лёс іхнага апорнага пункту і галоўнай сядзібы – Кандагару. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Паўночнага Альянсу Абдула Абдула заяўвіў, што бін Лядэн і мула Амар – гэта крымінальнікі, і яны павінны быць прыцягнутыя да судовай адказнасьці.

Аднак памочнік амбасадара талібаў ў Ісьлямабадзе Сагаіл Шагін заявіў:

(Шагін: ) “Ва ўсіх гэтых правінцыях не было баёў. Там было стратэгічнае і тактычнае адступленьне з ўсіх гэтых правінцыяў. Адбываецца новая перагрупоўка (сілаў) і, канечне, будзе выпрацаваная новая праграма (баёў)”.

Аднак аптымізму талібаў, якія заяўляюць пра гатоўнасьць толькі цяпер пачаць партызанскую вайну, не падзяляе міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд.

(Рамсфэльд: ) “Сілы талібаў і Аль-Каіды маюць некалькі выйсьцяў. Яны могуць зьбегчы і перагрупавацца на поўдні, яны могуць ўцячы і расьцярушыцца ў суседніх краінах альбо могуць здацца. Калі яны рэарганізуюць свае сілы на поўдні або схаваюцца, мы будзем, як сказаў прэзыдэнт, выкараняць іх, і калі вырашаць ўцякаць, я сумняюся ці яны знойдуць супакой ў любым месцы, якое яны выбяруць”.

Дональд Рамсфэльд паведаміў, што невялікая колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў знаходзіцца ў Кабуле, дзе яны выконваюць дарадніцкія функцыі ў дачыненьні да сілаў афганскай апазыцыі.

З важнай заявай сёньня выступіў ў Рыме былы кароль Афганістану Мухамад Захір Шах. Ён сказаў, што хоча вярнуцца ў Афганістан ня як кіраўнікі краіны, але як нэўтральная фігура, якая хоча дапамагчы ў аб’яднаньні народу. Былы кароль заклікаў афганскіх баевікоў пазьбягаць помсты і паўторна выказаўся за скліканьне Лоя Джыргі, Вярхоўнай Рады афганскіх лідэраў, якая прызначыла б новы шматэтнічны ўрад.

XS
SM
MD
LG