Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЫ КЛАПОЦЯЦЦА ПРА ЗАХАВАНЬНЕ ЦАРКОЎНЫХ КАНОНАЎ І НЕ ДАЗВАЛЯЮЦЬ СТАВІЦЬ У ТРАСЬЦЯНЦЫ ХРЫСЬЦІЯНСКІЯ КРЫЖЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Улады апраўдваюцца тым, што ў будучыні на тэрыторыі Трасьцянца паўстане мэмарыял, а крыжы да гэтага архітэктурнага ансамблю нібыта не пасуюць.

Рашэньне пра стварэньне на тэрыторыі Трасьцянца мэмарыялу падпісаў яшчэ ў 1994 годзе тагачасны прэм'ер Беларусі Вячаслаў Кебіч. Не дачакаўшыся абяцанага, актывісты гістарычнага таварыства "Трасьцянец", Саюзу габрэйскіх грамадзкіх арганізацыяў і абшчынаў, а таксама прадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў стварылі аргкамітэт у справе ўшанаваньня памяці ахвяраў нацызму, да якога ў самы апошні момант далучыліся чыноўнікі Менгарвыканкаму.

Сябры аргкамітэту плянавалі усталяваць у Трасьцянцы два васьмімэтровыя дубовыя крыжы (каталіцкі й праваслаўны), а таксама камень ад юдэйскай грамады яшчэ ў пачатку лістапада, на Дзяды. На гэтую акцыю было нават атрыманае бласлаўленьне царкоўных герархаў, аднак чыноўнікі гарвыканкаму папрасілі трохі пачакаць, каб гарадзкія ўлады выдалі афіцыйны дазвол на ўсталяваньне гэтага помніка.

І вось днямі намесьнік старшыні гарвыканкаму Мікалай Ярохаў пазнаёміў старшыню гістарычнага таварыства "Трасьцянец" Яўгена Цумарава з рашэньнем гарадзкіх уладаў — чыноўнікі ня супраць усталяваньня ў Трасьцянцы памятнага каменя ад юдэйскай грамады, а вось ставіць там крыжы ўлады лічаць нямэтазгодным.

Маўляў, празь некалькі гадоў у Трасьцянцы паўстане мэмарыял, і крыжы ня будуць упісвацца ў гэты архітэктурны ансамбль. А пераносіць асьвечаныя сьвятарамі крыжы на іншае месца, на думку чыноўнікаў, не дазваляюць царкоўныя каноны. Яўген Цумараў так пракамэнтаваў рашэньне менскіх уладаў:

(Цумараў: ) "Яшчэ з савецкага часу дзяржаўны службовец ці чыноўнік ня меў права прымаць ніякіх рашэньняў самастойна, за якія мог бы потым пацярпець. Напрыклад, яны далі б згоду, а наверсе ёсьць вельмі ўплывовыя людзі, якія б сказалі — а чаму вы дазволілі? Я думаю, што гэта галоўная прычына".

На ягоную думку, крыжы ў Трасьцянцы мусяць паўстаць абавязкова, бо, апрача беларускіх і эўрапейскіх габрэяў, у гэтым лягеры сьмерці былі зьнішчаныя дзясяткі тысяч хрысьціянаў, у тым ліку вядомыя беларускія сьвятары ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі й экзарх Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцец Антон Неманцэвіч.

Сябра трасьцянецкага аргкамітэту, пробашч менскага Чырвонага касьцёлу ксёндз Уладыслаў Завальнюк быў вельмі зьдзіўлены тым, што ўлады праяўляюць такі клопат у справе захаваньня царкоўных каноноў, якія, дарэчы, не забараняюць перанос на іншае месца асьвечаных крыжоў.

(Завальнюк: ) "Гэта ўсё беcпадстаўна, бо калі часовы драўляны крыж на могілках згніе, ставяць жалезны, мэталёвы ці каменны. Так што тут ня ў гэтым праблема. Хутчэй за ўсё гэта страх, што паўторыцца сытуацыя, як у Курапатах. Але там зусім іншае пытаньне. Крыжы будуць усталяваныя".

Пробашч Чырвонага касьцёлу разам з праваслаўнымі сьвятарамі яшчэ раз зьвернецца ў гарвыканкам і патлумачаць чыноўнікам, што ніякіх кананічных праблемаў з усталяваньнем крыжоў няма. Калі ж улады не прыслухаюцца да думкі сьвятароў, то вернікі ўсталююць крыжы і бязь іхнай згоды яшчэ да канца гэтага году.


XS
SM
MD
LG