Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Вільня

* НЬЮ-ЁРК. Фонд народанасельніцтва ААН абвясьціў, што праз 50 гадоў чалавецтва будзе адчуваць нястачу пітной вады ў сувязі з павелічэньнем насельніцтва зямлі да 9 мільярдаў чалавек. Амаль увесь прырост насельніцтва прыпадзе на бяднейшыя краіны, якія ўжо й цяпер ня ў стане накарміць і забясьпечыць неабходным мінімумам сваіх жыхароў. Сёлета 508 мільёнаў чалавек жывуць у 31 краіне, дзе адчуваецца нястача вады. Да 2025 году такіх краін будзе ўжо 48, а ў 2050 годзе больш за 4 мільярды чалавек будуць жыць у краінах, няздольных забясьпечыць вызначаную ААН дзённую дозу – 50 літраў вады на чалавека.

* КЕЙПТАЎН. Аналіз дваццаці васьмі вырабаў з костак, знойдзеных у пячоры Бломбас у Паўдзённай Афрыцы, можа нарэшце засьведчыць, што складаныя мадэлі сацыяльных паводзінаў склаліся ў чалавека яшчэ да таго, як homo sapiens пакінуў Афрыку. Падрабязнае дасьледаваньне прыладаў, якім больш за 70 тысячаў гадоў, паказвае, што яны былі зробленыя з надзвычайным умельствам і дакладнасьцю. Дасьледнікі ў Кэйптаўнскім унівэрсытэце лічаць, што наяўнасьць такіх прыладаў зьвязаная зь існаваньнем складаных відаў сацыяльнай дзейнасьці чалавека — гэткіх як гандаль, рамёствы, рытуалы і мова.

* ВАШЫНГТОН. Кангрэс Злучаных Штатаў зацьвердзіў новае фінансаваньне для касьмічнай місіі на Плютон. Сродкі на місію ўлучаныя ў бюджэт агенцтва НАСА на 2002 год. Агульная сума фінансаваньня складае 30 мільёнаў даляраў. На думку навукоўцаў з НАСА, місія на Плютон дазволіць атрымаць важную інфармацыю пра гісторыю сонечнай сыстэмы. Касьмічны апарат «Плютон-Куйпэр Экспрэс» будзе запушчаны ў 2006 годзе, падарожжа да Плютону зойме 10 гадоў. Гэта найлепшая за 10 гадоў магчымасьць выканаць такую місію, бо ў іншым часе прыцягненьне Юпітэру можа выклікаць адхіленьне касьмічнага апарата ад курсу.

* КРОСНА (ПОЛЬШЧА). У мясцовасьці Ясьле на польскім Прыкарпацьці знойдзеныя рабро і галённая костка маманта. Косткі паходзяць зь ледавіковай эпохі, ім як найменей 10 тысячаўгадоў і яны цудоўна захаваліся. На гэтыя рэдкія экспанаты выпадкова натрапіў рыбак, што лавіў рыбу на мясцовай рэчцы. Пабачыўшы косткі, што тырчалі са стромага схілу, ён пацікавіўся імі і ў выніку выкапаў косткі маманта даўжынёю 130 сантымэтраў. Косткі будуць выстаўленыя ў Карпацкім музэі ў Кросьне.

* Уначы зь серады на чацьвер на нашым небе зьявяцца першыя мэтэоры з патоку Леанідаў. Максымум актыўнасьці мае прыпасьці на 18 лістапада. Жыхары Азіі будуць мець магчымасьць назіраць больш за дзесяць тысячаў мэтэораў за гадзіну, тым часам як у Эўропе ўмовы назіраньня будуць крыху горшыя. Найбольшая актыўнасьць Леанідаў назіралася ў 1833 і ў 1966 гадох, пасьля чаго амаль зусім мэтэоры зьніклі і зьявіліся зноў у 1994 годзе. Ва ўмовах Беларусі найлепшы час для назіраньня – поўнач з 17-ага на 18-ае і з 18-га на 19-ае лістапада, калі чакаецца зьяўленьне да 100 мэтэаораў на гадзіну.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG