Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЯЖА ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ МОЖА ПРАЙСЬЦІ ПА ЗАХОДНЯЙ МЯЖЫ БЕЛАРУСІ ЎЖО ПРАЗ 15 МЕСЯЦАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Каб стаць сябрамі аб’яднанай Эўропы ў 2004 годзе, дзяржавы-кандыдаты павінны выканаць шэраг умоваў ці абвясьціць у часе перамоваў аб намеры іх выканаць.

Паводле першых неафіцыйных паведамленьняў з Брусэля, 10 краінаў былі вылучаныя сёньня Эўрапейскай камісіяй у якасьці патэнцыйных кандыдатаў да ўваходу ў Эўразьвяз ад 1 студзена 2004 году. Гэта Чэхія, Вугоршчына, Эстонія, Славаччына, Славенія, Кіпр, Мальта, а таксама тры краіны, якія маюць агульную мяжу зь Беларусьсю – гэта Літва, Латвія і Польшча.

Адны з найлепшых шанцаў сярод пазначаных дзяржаваў мае Польшча, якая апошнім часам прэтэндуе на ролю лідэра краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Па верасьнёўскіх парлямэнцкіх выбарах, калі да ўлады прыйшлі левыя, некаторыя палітыкі з абодвух бакоў выказвалі занепакоенасьць, што цяпер перамовы Польшчы і Эўразьвязу могуць увогуле спыніцца, бо посткамуністы будуць у прынцыпе нязгодныя з шэрагам патрабаваньняў Брусэля.

Аднак, як новая парлямэнцкая кааліцыя, так і прэзыдэнт, апошнім часам усяляк дэманструюць сваю згоду да кампрамісу ды заяўляюць, што для Польшчы няма зараз больш важнай мэты, чымсьці далучэньне да Эўразьвязу. Напярэдадні Польшчу наведалі таксама некалькі уплывовых чыноўнікаў з Брусэля, у тым ліку камісар ў справе пашырэньня Эўразьвязу Гай Вэрхофштат.

Апошнія супярэчнасьці, якія тычыліся працягласьці тэрміну забароны на працу для палякаў у краінах Эўразьвязу, а таксама тэрміну, цягам якога замежнікам забаранялася б купляць у Польшчы зямлю, выглядаюць урэшце блізкімі да вырашэньня.

Галоўнай праблемай Польшчы, як зрэшты і большасьці іншых краінаў-кандыдатаў на шляху да Эразьвязу, ёсьць слабае падрыхтаванасьць сельскай гаспадаркі да эўрастандартаў. Паводле экспэртаў Эўрапейскай камісіі, на пераадоленьне гэтай праблемы, палякам спатрэбіцца ня менш за 10 гадоў. Эўразьвяз мае таксама некаторыя заўвагі да краінаў-кандыдатаў у справе рэфармаваньня заканадаўства ды стану дзяржаўных фінансаў.

Цікава, што ў той час, як палітыкі вядуць прысьпешаныя перамовы у справе пашырэньня Эўразьвязу, падтрымка ідэі далучэньня да Эўразьвязу, насельніцтвам краінаў-кандыдатаў, памяншаецца.

Прыкладам, цягам апошняга году ва ўсіх краінах-кандыдатах узровень гэтай падтрымкі паменшыўся на 2,5%. А ў Польшчы – аж на 12% і ўпершыню далучэньне да Эўразьвязу ў гэтай краіне падтрымлівае менш за палову насельніцтва.

Паводле назіральнікаў, гэта зьвязана ў першую чаргу з тым, што большасьць людзей сярэдняга і сталага веку, якія выказваюцца супраць далучэньня сваёй краіны да Эўразьвязу, ня могуць прыстасавацца да хуткіх зьменаў у эканоміцы, якія ёсьць вынікам прысьпешаных рэформаў у краінах-кандыдатах.


XS
SM
MD
LG