Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЛІБЫ ПАКІНУЛІ КАБУЛ БЯЗ БОЮ. ПАЎНОЧНЫ АЛЬЯНС КАНТРАЛЮЕ СТАЛІЦУ АФГАНІСТАНУ


Юры Сьвірко, Прага

Талібан здаў сталіцу без баёў, але заходнія карэспандэнты, якія разам з войскамі Паўночнага альянсу трапілі ў Кабул, пабачылі на свае вочы наступствы жорсткіх баёў ды авіяўдараў. На дарогах ляжаць трупы забітых, паўсюль разбураныя будынкі. Іранскае дзяржаўнае тэлебачаньне паведамляе, што ўсе афіцыйныя будынкі, якія займалі рэдакцыі сродкаў масавае інфармацыі, амбасады, дый нават прэзыдэнцкі палац – усё гэта цяпер кантралюецца антыталібскімі сіламі.

Але варта зазначыць, што ў некаторых частках Кабулу адбываюцца перастрэлкі. Паведамляюць, што прынамсі пяць пакістанцаў і два арабы былі сёньня забітыя ў Кабуле.

Што да іншых замежнікаў, дык Талібан, адступаючы, вывез з Кабулу восем замежных грамадзян, якія займаліся гуманітарнай дапамогай і былі ўзятыя талібамі ў палон. Гэта 4 немцы, два аўтралійцы й два амэрыканцы. Талібы раней абвінавацілі іх у распаўсюджваньні хрысьціянства ў Афганістане.

ЗША ды іншыя дзяржавы заклікалі стварыць у Кабуле кааліцыйны ўрад, які б рэпрэзэнтаваў усе этнічныя групоўкі Афганістану.
Амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш раней заклікаў Паўночны альянс пачакаць, пакуль будзе дасягнутае пагадненьне пра кааліцыйны ўрад, перад тым, як уваходзіць у Кабул. Але прадстаўнікі альянсу заявілі, што нечаканае адступленьне талібаў вымусіла іх увайсьці ў сталіцу, каб забясьпечыць парадак.

ААН плянуе сабраць прадстаўнікоў розных апазыцыйных груповак Афганістану, каб сфармаваць часовы пасьляталібскі ўрад. Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл сёньня сустрэўся з прадстаўнікамі Расеі ды такіх суседзяў Афганістану, як Іран, Кітай, Пакістан, Таджыкістан, Туркменістан і Ўзбэкістан. Паўэл сказаў ім, што патрэбная хуткасьць, хуткасьць і яшчэ раз хуткасьць у фармаваньні ўраду шырокага прадстаўніцтва.

Даволі важная роля належыць такому суседу Афганістану, як Пакістан. Вядома, што пакістанскі ўрад ёсьць адзіным у сьвеце, які дагэтуль прызнае Талібан. Пакістанскі ўрад заклікаў Паўночны альянс не акупаваць Кабул. Пакістан жадае, каб ААН разьмясьціла ў афганскай сталіцы міратворчыя сілы. Прадстаўнік пакістанскага Міністэрства замежных справаў Азіз Хан ясна заявіў: “Сілы Паўночнага альянсу мусяць не займаць Кабул – гэта пазыцыя пакістанскага ўраду”. Азіз Хан таксама заявіў, што Пакістан заклікае да стварэньня шматнацыянальнага ўраду пад эгідаю Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Дарэчы, пакістанскае МЗС сьцьвярджае, што Кабул ня здаўся Паўночнаму альянсу ды што сталіца Афганістану застаецца пад кантролем Талібану. Аднак у прыватных размовах пакістанскія чыноўнікі кажуць, што яны ня будуць зьдзіўленыя, калі Паўночны альянс пашырыць свае тэрыторыі за кошт іншых частак Афганістану й паступова прасунецца да мяжы з Пакістанам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG