Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАЁННЫ СУД У МАГІЛЁВЕ АДМОВІЎСЯ РАЗГЛЯДАЦЬ ПАЗОЎ ЗАСНАВАЛЬНІКА НЕЗАЛЕЖНАЙ ГАЗЭТЫ ДА РАЁННАЙ АДМІНІСТРАЦЫІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Прадпрымальнік хацеў зарэгістраваць яшчэ адно незалежнае выданьне — газэту "Ратуша". Аднак каб падаць дакумэнты ў Менск, не хапала адной даведкі.

Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Магілёва, на тэрыторыі якой жыве спадар Страх, адмовілася выдаць яму даведку пра наяўнасьць у газэты юрыдычнага адрасу. Кіраўнікі раённай вэртыкалі спасылаліся на тое, што юрыдычным адрасам ня можа быць жылая кватэра спадара Страха.

На судзе заснавальнік выданьня заявіў, што такі заканадаўчы акт адносіцца толькі да юрыдычных асобаў, а ён індывідуальны прадпрымальнік. Ён лічыць, што такая пазыцыя чынавенста прынесла яму маральныя страты. Яго таксама абразіла й затрымка з адказам. На разгляд звароту даецца 1 месяц, а чыноўнікі даслалі яму ліст амаль праз 2 месяцы.

Менавіта таму ён запатрабаваў, каб адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Магілёва выплаціла яму за маральныя страты 10 мільёнаў рублёў.

Судзьдзя Кастрычніцкага раёну Магілёва заявіла, што такі пазоў па-за ейнай кампэтэнцыяй, і таму яна вымушаная накіраваць справу ў гаспадарчы суд. Пасьля адпаведнага выраку, паведаміла яна, раённы суд будзе разглядаць патрабаваньне пра матэрыяльную кампэнсацыю маральных стратаў.

Аляксандар Страх не пагадзіўся з такім рашэньнем і вырашыў зьвярнуцца да абласнога суда. Ён лічыць, што выхад "Ратушы" дазволіць умацаваць уплыў незалежнай прэсы на газэтным рынку Магілёва, бо ў горадзе выходзяць толькі дзьве такія газэты — "Дэ факта" і "Тыднёвік Магілёўскі".

XS
SM
MD
LG