Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЬЮ-ЁРКУ СЁНЬНЯ ПРАЦЯГВАЛАСЯ ЛІКВІДАЦЫЯ НАСТУПСТВАЎ АВІЯКАТАСТРОФЫ


Радыё Свабода.

(Прыгара: ) “Сёньня на месцы аварыі самалета кампаніі American Airlins працягваюцца пошукавыя працы. На працягу сутак пасьля катастрофы спэцыяльным брагадам удалося знайсьці 265 целаў загіблых. У самалёце ляцелі ўсяго 260 чалавек. Пяцёра загінулі на зямлі, калі самалёт упаў на жылы квартал гораду. Яшчэ чатыры жыхары нью-ёркскага раёну Ракавэй пакуль што лічацца зьніклымі. Паведамлялася, што знойдзеныя дзьве так званыя чорныя скрыні, але сёньня з раніцы ўдакладнена, што знойдзена толькі адна чорная скрыня – так званы гукавы самапісец самалёту. Расшыфроўка яго інфармацыі зойме некалькі дзён, бо гукі гэты прыбор запісвае спэцыфічныя – ня толькі галасы пілётаў, але і гукавую працу мэханізмаў самалёта. Але сёньня ўжо мала у каго застаюцца сумненьні наконт асноўных версіяў гібелі аэробуса. Версія аб выбуху ў выніку тэррарыстычнага акту амаль не разглядаецца. Хутчэй за ўсе прычынай аварыі стала тэхнічная няспраўнасьць”.

(Караткевіч: ) “Учора падчас аварыі, як перадавалася зь Нью-Ёрку, горад быў заблякаваны, а ва ўсіх аэрапортах была спыненая праца. Якая сытуцыя ў Нью Ёрку сёньня?”

(Прыгара: ) “Сёньня ў Нью-Ёрку ўсе масты і тунэлі адкрытыя, адзінае што абмежаваны рух на тых мастах, што вядуць у раён, куды упаў самалёт. Гэтае месца ў нью-ёркскім раёне Квінс, раён Ракавэй. Выглядае, як выспа альбо каса недалёк ад берагу акіяну. Дабрацца туды можна толькі праз масты. Вось там сёньня і былі абмежаваньні”.

(Караткевіч: ) “Ці ёсьць новая інфармацыя пра параненых?”

(Прыгара: ) “Усяго ў шпіталі па дапамогу зьвярнуліся 55 чалавек. Пераважна з праблемамі, зьвязанымі з атручаньнем дымам. Экспэрты і сёньня заўважаюць, што ў выніку такой катастрофы ахвяраў і параненых магло быць значна больш. Сытуацыю выратаваў учорашні выхадны дзень. Шмат людзей выехалі за горад. Шмат каго проста не было дома. Поўнасьцю згарэлі чатыры дамы. Яшчэ сем моцна разбураныя. Рэшткі фюзэляжу самалёта падалі проста на дахі дамоў ды ў двары”.

(Караткевіч: ) “Вядома, што большасьць з пасажыраў самалёту, які ляцеў у Санта Дамінга ў Дамініканскай Рэспубліцы, былі выхадцы менавіта з гэтай краіны, але шмат зь іх былі сталыя жыхары Нью-Ёрку. Ці праходзяць у горадзе нейкія жалобныя мерапрыемствы. Увогуле, што вядома яшчэ пра пасажыраў самалёту?”

(Прыгара: ) “Сапраўды, як вядома, 90 адсоткаў загіблых пасажыраў былі выхадцы з Дамініканскай Рэспублікі. Некаторыя ляцелі дамоў з Амэрыкі, але большасьць накіроўваліся адсюль наведаць сваякоў у Дамініканскай Рэспубліцы. Розныя гісторыі маюць шмат агульнага. Імігранты з Дамінікі, якія па 7-8 гадоў не бачылі сваякоў, везьлі паказаць дзядулям-бабулям народжаных у Нью-Ёрку ўнікаў. Сярод загіблых шмат дзяцей. Адна жанчына працавала у паўднёвай вежы Сусьветнага гандлёвага цэнтру, падчас той трагедыі ёй удалося выратавацца, зараз яна ляцела забраць у бацькоў сына, якога нядаўна адправіла у Дамініку на адпачынак. Ну і шэраг падобных гісторыяў. Імігранты з Дамініканскай Рэспублікі ў Нью-Ёрку сяліліся у верхняй частцы Мангэтану, вышэй за Гарлем, у раёне Вашынгтон Хайтц. Там усю ноч на вуліцах былі людзі, асабліва каля грамадзкіх імігранцкіх цэнтраў. Паўсюдна на вуліцах гараць сьвечкі. Сваякі загіблых зараз знаходяцца усе разам у Мангэтане ў адным з памяшканьняй вялікага кірмашовага Джавітц Цэнтру. Туды ідзе да іх дапамога. Там працуюць псыхолягі”.


XS
SM
MD
LG