Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ Ў БЭРЛІНЕ АБМЯРКОЎВАЮЦЬ ЗЬ НЯМЕЦКІМІ КАЛЕГАМІ МАГЧЫМЫЯ ЗЬМЕНЫ Ў АДНОСІНАХ ЗАХОДНЯЙ ЭЎРОПЫ ДА БЕЛАРУСІ


Радыё Свабода.

У цэнтры перамоваў зь беларускай дэлегацыяй з прадстаўнікамі ФРН пытаньні выпрацоўкі новай стратэгічнай лініі Заходняй Эўропы ў дачыненьні да Беларусі. У Бэрліне знаходзіцца нашая карэспандэнтка Алена Панкратава.

(Караткевіч: ) “Алена, якія адбываюцца сустрэчы прадстаўнікоў Беларусі, з кім і ў чым іх сутнасьць?”

(Панкратава ) “Сёньняшняя паездка зьяўляецца своеасаблівым пачаткам для далейшых паездак беларускіх экспэртаў і іх сустрэчаў зь нямецкім істэблішмэнтам. Гэта сустрэчы на вельмі высокім узроўні. Яны будуць адбывацца на працягу некалькіх месяцаў – таго часу, які Эўропа ўзяла сабе для назіраньня за палітычнымі і грамадзкімі працэсамі ў Беларусі, каб пасьля выпрацаваць канчатковую стратэгічную лінію адносна Беларусі”.

(Караткевіч: ) “Вы кажаце, сустрэчы на вельмі высокім узроўні. З кім менавіта?”

(Панкратава ) “Яны будуць сустракацца з прадстаўнікамі зьнешнепалітычнага ведамства Нямеччыны, з прадстаўнікамі кіруючай сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны. Сёньня я спытала ў свайго знаёмага журналіста, ці сапраўды ў гэтых сустрэчах ёсьць нешта надзвычайнае, што яны наагул могуць прынесьці, што яны могуць зьмяніць. Я пачула вельмі цікавую думку. Журналіст сказаў, што ніводная нацыя так, як немцы, не дала сьвету столькі выдатных псыхіятраў. Таму што мэнтальна яны выслухоўваюць усё, пасьля аналізуюць і ставяць дыягназ. І вось зараз якраз той час, калі грамадзтву Беларусі выстаўляецца новы дыягназ у параўнаньні з тым, што быў недзе чатыры гады таму, пасьля югаслаўскага крызысу. Шмат нямецкіх палітыкаў і экспэртаў пабывалі ў Беларусі, прааналізавалі сытуацыю і прыйшлі да высновы, што зьявіліся новыя цікавыя палітычныя сілы, што схільныя да пераменаў, аднак на масавым узроўні, мэнтальна беларускае грамадзтва яшчэ ня здольнае аказаць супраціў рэжыму, які кіруе ў Беларусі. З нагоды гэтага яны шукаюць партнэраў у Беларусі эўрапейскага кшталту, якія маглі б аналізаваць сытуацыю і сыходзіць з рэальных абставінаў”.

(Караткевіч: ) “Апошнім часам, асабліва пасьля зьяўленьня законапраекту сэнатара Джэсі Хэлмса, кажуць, што палітыка Амэрыкі і Эўропы да Беларусі адрозьніваецца. Амэрыка прапануе абсалютна катэгарычны падыход да таго, што адбываецца ў Беларусі, а Эўропа прапануе паступовае пазбаўленьне Беларусі ад ізаляцыі. Што можна сказаць з нагоды гэтага?”

(Панкратава ) “Маленькія крокі – яны якраз арганічныя. Зараз беларускае грамадзтва схільнае верыць, што незалежныя СМІ нічога ня могуць сказаць сур’ёзнага, што яны татальна хлусяць, што зьніклыя палітыкі, напрыклад, знаходзяцца ў Нямеччыне, Італіі і гэтак далей. І вось тут якраз выпрацоўваюцца крокі…”

(Караткевіч: ) “Што ў Нямеччыне гавораць пра ўчорашняе здарэньне ў Нью-Ёрку, як яго камэнтуюць палітыкі?”

(Панкратава ) “Адчуваецца дэпрэсія. Зараз ідуць дыскусіі, што рабіць Эўропе ў гэтай сытуацыі, як да гэтага ставіцца. У Нямеччыне праблема – яны каля 4000 вайскоўцаў накіроўваюць у Афганістан. Для Нямеччыны гэта вельмі балюча, бо пасьля другой сусьветнай вайны яны вырашылі сваіх вайскоўцаў не пасылаць за свае межы. І цяпер, як на маё адчуваньне, яны ў роспачы. Сёньня я коратка размаўляла з Утай Цапф па тэлефоне і прасіла інтэрвію, але яна сказла, што якраз у сувязі з гэтым няма часу. Тым ня менш якраз напрыканцы гэтага тыдня ў яе камісіі будзе разглядацца пытаньне пра Беларусь. І здаецца, што менавіта у сувязі з тым, што цяпер адбывацца ў сьвеце, на Беларусь глядзяць інакш”.


XS
SM
MD
LG