Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПАГОНЯ" МОЖА ПАЧАЦЬ ВЫХОДЗІЦЬ НА СТАРОНКАХ ІНШЫХ НЕЗАЛЕЖНЫХ ВЫДАНЬНЯЎ


Ягор Маёрчык, Менск

На рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду закрыць газэту "Пагоня" ўжо адрэагавалі міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) "Першая рэакцыя ўжо атрыманая. Ліст ад нашых літоўскіх калегаў. Яны абураюцца тым, што адбылося, зьвяртаюцца да міжнароднай грамадзкасьці з заклікам, каб не дапусьціць такога болей. Я лічу, што адгукнуцца на нашу праблему людзі зь міжнароднай фэдэрацыі журналістаў, з Артукулу 19, Міжнароднай Амністыі".

У сваім звароце БАЖ зьвязвае закрыцьцё "Пагоні" з абяцаньнем Аляксандра Лукашэнкі "разабрацца" зь незалежнай прэсай пасьля выбараў. "Гэткія дзеяньні беларускіх уладаў ставяць пад сумнеў дэкляраванае імі імкненьне да грамадзкага дыялёгу й лібэралізацыі ўсіх сфэраў дзяржаўнага жыцьця".

Галоўны рэдактар "Пагоні" Мікола Маркевіч параўнаў учорашнюю пастанову суду са сьмяротным выракам. Ён перакананы, што гарадзенская пракуратура, якая выносіла папярэджаньні, а пасьля ініцыявала ліквідацыю газэты, і Вышэйшы гаспадарчы суд, які безь юрыдычных падставаў задаволіў позву, выконвалі палітычную замову.

(Маркевіч: ) "Гэтая палітычная замова была пастаўленая даўно. Як нам стала вядома, у міністэрстве інфармацыі знаходзіцца больш як тузін лістоў, зь якімі пракуратура Гарадзенскай вобласьці, КГБ і мясцовая вэртыкаль зьвярталіся з просьбай разгледзіць той матэрыял, разгледзіць гэты матэрыял, а ці не ўглядываеце вы там парушэньне закону, а чаму вы не рэагуеце на нашыя заявы і г.д. У выніку яны зразумелі, што законным спосабам газэту закрыць ня можна".

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі зазначылі, што фактычна "Пагоня" паўтарыла лёс закрытай тры гады таму газэты "Свабода". Тады журналісты часова змаглі друкавацца на старонках іншых незалежных выданьняў. Анатоль Гуляеў кажа, што так можа быць і гэтым разам:

(Гуляеў: ) "Ніводнае зь недзяржаўных выданьняў не адмовіцца ад гэтага. Такая ідэя ёсьць. Мы будзем спрабаваць зрэалізаваць яе".

А пакуль рэдакцыя "Пагоні" зьбіраецца ў іншых судах адстойваць права на існаваньне.


XS
SM
MD
LG