Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАРГОВЫ НУМАР “ПАГОНІ” ВЫЙДЗЕ ТОЛЬКІ Ў ІНТЭРНЭТ-ВЭРСІІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

З самай раніцы ў рэдакцыю тэлефанавалі чытачы, каб падтрымаць супрацоўнікаў газэты. Дырэктар аднаго прадпрыемства сказаў па тэлефоне, што кожны чацьвер пачынаў дзень з чытаньня "Пагоні" і вельмі шкадуе, што не атрымае наступнага нумару. Учора рэдакцыю наведаў польскі амбасадар Марыюш Машкевіч, які выказаў маральную падтрымку журналістам.

Адзін з чытачоў, даведаўшыся аб закрыцьці "Пагоні", прыехаў у рэдакцыю. Гэта — вядомы мастак Алесь Сураў. Ён лічыць закрыцьцё апазыцыйнай газэты неразумным крокам уладаў. Каб атрымаць вартую інфармацыю, "Пагоню" чыталі і людзі з КГБ, і прадстаўнікі ўлады, і звычайныя абываталі.

(Сураў: ) "Бо не было даверу да тых газэтаў, якія ёсьць у Горадні, пачынаючы з "Гродзенскай праўды". Таму што гэныя газэты баяліся выказацца больш канкрэтна, больш дзёрзка, можа быць. І раптам — закрыць вось гэтую газэту, гэта — страшна нямудра. Але тое, што здарылася — здарылася. Я маю надзею, што замест "Пагоні" ў гэтай нішы будзе існаваць у хуткім часе больш прадуманая, цікавая газэта".

У рэдакцыі 10 супрацоўнікаў. 12 распаўсюджвальнікаў прадавалі газэту на гарадзкіх вуліцах, маючы дадатковы прыробак. Існуе рэальная пагроза, што супрацоўнікі застануцца без сродкаў да існаваньня. Гаворыць карэспандэнтка "Пагоні" Алена Сіневіч:

(Сіневіч: ) "Калі шчыра, я яшчэ не магу паверыць, што гэта адбылося, і нашу газэту закрылі. Гэта прыклад абсурднасьці нашага жыцьця. Таму што пачалося ўсё зь нейкіх сьмешных, мне здаецца, недарэчных абвінавачаньняў на нашу адрэсу. Я спадзяюся, што будзе створаная новая газэта, цікавейшая, і якая будзе мець больш вялікі наклад, чым быў, і заваюе сабе новых чытачоў. Я ў гэта веру".

Пакуль у рэдакцыі пануе працоўны настрой. Журналісты ганарацца, што "Пагоня" --— у пяцёрцы найбольш чытаных у Інтэрнэце беларускіх газэтаў. Сайт газэты наведвае да 100 чалавек штодня. Праўда, пацерпяць падпісчыкі, якіх каля тысячы, а таксама іншыя чытачы папяровай вэрсіі. Апошні нумар газэты выйшаў накладам каля 7 тысяч асобнікаў.


XS
SM
MD
LG