Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДАЎНІКІ ПРАЦУЮЦЬ У КУРАПАТАХ БЕЗ ПРАЕКТУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Актывісты грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" сустракаліся сёньня раніцай з прадстаўнікамі будаўнічых і праектных арганізацыяў, што вядуць работы на курапацкім участку кальцавой дарогі. Падчас размовы высьветлілася, што будаўнікі пашыраюць дарогу без праекту.

Прадстаўнікі будаўнічых арганізацыяў толькі на словах запэўнілі актывістаў ініцыятывы, што дарога будзе пашырацца ня больш як на 22 мэтры ў бок Курапатаў. Праблема грамадзкага кантролю за дзеяньнямі будаўнікоў і стала галоўнай на сёньняшнім вечаровым паседжаньні грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты". Гаворыць актывіст грамадзкай ініцыятывы Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Сёньняшняя ўлада хоча дзейнічаць без усялякіх абмежаваньняў, нават на аснове тых законаў, якія яна сама прымае. Улада хоча мець магчымасьць павярнуцца ў любую сэкунду так, як ёй захочацца. І таму дакумэнты, нават імі самімі прынятыя, якія могуць абмежаваць іх свабоду, не прымаюцца — максымальна адцягваюцца".

Праўда, будаўнікі сёньня пагадзіліся, каб за іхнай працай наглядалі грамадзкія назіральнікі, і прараб нават зарэгістраваў 6 актывістаў ад БНФ, ТБМ ды іншых арганізацыяў. Але ніякага афіцыйнага статусу гэтыя назіральнікі ня маюць. Актвысты ініцыятывы вызначылі шэраг патрабаваньняў да ўладаў, якія агучыў лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Працы вядуцца без праекту, што ёсьць найгрубейшым парушэньнем будаўнічых нормаў і правілаў, і тэхнікі бясьпекі, і заканадаўства, і здаровага сэнсу. З гэтага вынікае, што трэба спыніць усе будаўнічыя працы, пакуль ня будзе гэтага самага канчатковага праекту. Тыя, хто рэальна дзяжурыць у Курапатах, павінны займець афіцыйны статус, каб там была пастаянна дзейная група, у якой быў бы хоць нейкі статус".

Сябры ініцыятывы прынялі зварот да грамадзкасьці з асуджэньнем гвалтоўных дзеяньняў уладаў супраць абаронцаў мэмарыялу, а таксама звароты да кіраўніка ўраду Генадзя Навіцкага і ў пракуратуру, каб яны патлумачылі, чаму будаўніцтва такога сур'ёзнага аб'екту як дарога вядзецца без праекту.

На паседжаньні вырашылі правесьці на наступным тыдні сустрэчу прадстаўнікоў грамадзкасьці з чыноўнікамі ўраду, праектных установаў і Міністэрства ўнутраных справаў, у выніку якой мусіць быць падпісаны пратакол, які б рэглямэнтаваў правы й абавязкі абодвух бакоў, у тым ліку ў справе добраўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў.

Прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў, што аб'яднаныя ў ініцыятыву "Моладзь за Курапаты", прапанавалі распачаць конкурс на стварэньне ва ўрочышчы народнага мэмарыялу. Гэтую ініцыятыву падтрымалі. Паводле сакратаркі грамадзкай ініцыятывы Ірыны Жыхар, памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў ужо накіраваў у Камітэт па захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны прапанову паставіць у Курапатах помнік ахвярам фашыстоўскіх рэпрэсіяў. Каб перашкодзіць гэтым плянам уладаў, сябры ініцыятывы вырашылі зьвярнуцца да разгляду праектаў помніка ў Курапатах, што стварылі яшчэ на пачатку 1990-х гадоў.

Будуць таксама зьбіраць сродкі на пабудову ва ўрочышчы народнага мэмарыялу. Мастакі суполкі "Пагоня" ўжо вырашылі ахвяраваць на пабудову помніка ў Курапатах усе грошы, што яны зарабілі на выставе сваіх твораў.

XS
SM
MD
LG