Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОЛЬНАЯ ПРАЦА БЕЛАРУСКІХ МЫТНІКАЎ ВЫКЛІКАЕ ПРАТЭСТЫ КІРОЎЦАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Першы раз кіроўцы грузавых аўтамабіляў, якія ажыцьцяўляюць міжнародныя перавозкі, заблякавалі пераход “Баброўнікі” сваімі грузавікамі, ці як іх яшчэ называюць “ТЫРамі”, учора прыкладна апоўдні. Кіроўцы патрабавалі ад беларускіх мытнікаў больш хуткай апрацоўкі папераў. Каля 17-ай гадзіны польскага часу, пасьля таго, як прадстаўнікі беларускай мытні заявілі, што будуць працаваць хутчэй, блякада была спыненая.

Аднак бліжэй да вечара на памежным пераходзе “Баброўнікі” зноў сабралася чарга прыкладна са 130 “ТЫРаў”. Паводле польскіх мытнікаў, каб дачакацца пераезду мяжы ў такой чарзе, трэба найменш 16 гадзінаў.

Абураныя кіроўцы ўчора ўвечары зноў заблякавалі пераход. Аднак гэтым разам яны патрабавалі ад беларускіх мытнікаў комплексных захадаў, якія дазволілі б больш хутка апрацоўваць неабходныя паперы ды адпраўляць “ТЫРы”.

“Адной дэклярацыі беларусаў, што яны цяпер будуць адпраўляць больш грузавікоў, нам недастаткова. Гэта мы ўжо чулі,” - заявілі удзельнікі блякады.

Прэсавы сакратар Падляскага аддзелу памежнай службы Польшчы Ганна Валошын-Врона паведаміла сёньня карэспандэнту Радыё Свабода, што блякада была спыненая мінулай ноччу прыкладна а трэцяй гадзіне пры дапамозе дарожнай паліцыі.

Ніякіх гарантыяў ці адмысловых захадаў ад беларускіх мытнікаў кіроўцы не дачакаліся.

Варта адзначыць, што за апошні час гэта ўжо другі выпадак у “Баброўніках”, калі незадавальненьне павольнай працай мытнікаў зь беларускага боку мяжы перарастае ў блякаду пераходу.
Аднак, нават нягледзячы на гэткія сур’ёзныя акцыі кіроўцаў, ніякіх зьменаў у працы беларускіх мытнікаў пакуль не назіраецца.

На час падрыхтоўкі матэрыялу чарга на памежным пераходзе “Баброўнікі” складалася з 84-х “ТЫРаў”. Пры звычайнай хуткасьці працы беларускіх мытнікаў кіроўцам, якія апынуліся ў хвасьце гэтай чаргі, давядзецца чакаць каля 12 гадзінаў.


XS
SM
MD
LG