Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* КВАНЧЖУ (ПАЎДЗЁННАЯ КАРЭЯ). Доўгі час сярод навукоўцаў існаваў сумнеў наконт дзейснасьці гомэапатычных лекаў. Гомэапатыя базуецца на прынцыпе ўжываньня мікраскапічных дозаў актыўнага інгрэдыенту. Тым часам група навукоўцаў у Паўдзённай Карэі выявіла, што чым меншая канцэнтрацыя рэчыва ў растворы, тым больш паасобныя малекулы счэпліваюцца паміж сабою, утвараючы вялікія біялягічна актыўныя фрагмэнты. Раней лічылася, што чым слабейшы раствор, тым далей малекулы разыходзяцца адна ад адной. Гэтая знаходка можа дапамагчы растлумачыць мэханізм узьдзеяньня гомэапатычных лекаў.

* ШТАТ ПЭНСЫЛЬВАНІЯ. Як выявілі амэрыканскія дасьледнікі, сканаваньне мазгоў можа выявіць, ці чалавек хлусіць або кажа праўду. Калі чалавек кажа няпраўду, сканаваньне паводле прынцыпу функцыянальнага магнітнага рэзанансу паказвае значнае павышэньне актыўнасьці у пэўных участках мазгоў. Лекары з Пэнсыльванскага Ўнівэрсытэту лічяць, што гэты мэтад можа ўжывацца ў якасьці больш дакладнага «дэтэктара хлусьні». Ужываны дагэтуль паліграф рэгіструе зьмены ў сардэчным рытме, ціску, дыханьні і электрычнай адпорнасьці скуры, якія могуць розьніцца ў розных людзей.

* БАЛТЫМОР. Людзі, якія застаюцца жывыя ў цяжкіх аварыях і ў арганізме якіх пры гэтым выяўляюцца алькаголь або наркотыкі, маюць удвая больш шанцаў у найбліжэйшыя гады памерці гвалтоўнай сьмерцю. Мэдыкі Мэрылэндзкага Ўнівэрсытэту праверылі гісторыі хваробаў каля 30 тысячаў пацыентаў, якія лячыліся ў шпіталі з прычыны сярэдніх і моцных траўмаў. З тых, хто быў дастаўлены ў шпіталь п’яны, за наступныя тры гады гвалтоўнай сьмерцю памерлі 34 працэнты. Адпаведны лік сярод тых, у каго падчас аварыі не было выяўлена алькаголю, склаў толькі 15 працэнтаў.

* ВАШЫНГТОН. Людзі з пазытыўным стаўленьнем да жыцьця ўдвая менш рызыкуюць захварэць на хваробы сэрца. Пра гэта сьведчыць дасьледаваньне, праведзенае ў Цэнтры аховы здароўя Унівэрсытэту Джона Гопкінса. Было дасьледавана каля 600 чалавек, і ў выніку выявілася, што пэсымісты хварэюць на сэрца ўдвая часьцей, чым аптымісты. Гэтая заканамернасьць захоўваецца нават пры наяўнасьці традыцыйных фактараў рызыкі – высокага ўзроўню халестэролу, курэньня і залішняй вагі. Лекары тлумачаць гэта тым, што ў аптымістаў выпрацоўваецца меншая колькасьць стрэсавых гармонаў.

* ТАМПА (ШТАТ ФЛОРЫДА). Вірус сьмяротнай хваробы Заходняга Нілу, які пераносіцца камарамі, быў выяўлены ў яшчэ адным месцы ў густанаселенай мясцовасьці ў Флорыдзе. Вірус Заходняга Нілу, якім ад ліпеня ў Флорыдзе заразіліся як найменей 10 чалавек і ад якога ў штаце Джорджыя ў жніўні памерла жанчына, раней ужо быў выяўлены ў чатырох іншых мясцовасьцях Флорыды. Гэты вірус выклікае энцэфаліт і не перадаецца ад чалавека да чалавека. Упершыню ён быў выяўлены ў 1937 годзе ва Ўгандзе. Ад моманту яго зьяўленьня ў Паўночнай Амэрыцы ў 1999 годзе, у Злучаных Штатах ад яго памерла восем чалавек. Хвароба пакуль што застаецца невылечная.

* ЛУЧЭНЕЦ (СЛАВАЧЧЫНА). Чарговы выпадак хваробы шалёных кароваў зарэгістыраваны ў нядзелю ў Славаччыне. Гэта ўжо трэці ў краіне выпадак гэтай хваробы за апошнія два месяцы. Гэтым разам захварэла 6-гадовая карова ў ваколіцах мястэчка Лучэнец у цэнтральнай Славаччыне. Як і ў двух папярэдніх выпадках, карова была ўласнай гадоўлі і яе не кармілі мяса-касьцяной мукой.
XS
SM
MD
LG