Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАГІЛЁЎСКІЯ БУДАЎНІКІ АДМАЎЛЯЮЦЦА ЕХАЦЬ НА ПРАЦУ Ў РАСЕЮ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Рабочыя будаўнічага ўпраўленьня №56 узгадваюць, што апошні раз заробак своечасова ім выплацілі за жнівень, якраз напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Мінула два месяцы з дня прэзыдэнцкіх выбараў, на двары лістапад, а яны дагэтуль не атрымалі заробку за верасень.

Такі падыход адміністраыці падштурхнў іх да страйку. Іхнае галоўнае патрабаваньне — выкананьне калектыўнае дамовы, паводле якой заробак павінны былі выплаціць да канца верасьня.

Сёньня ж адмовіліся паехаць на працу ў Маскву будаўнікі ўпраўленьня трэстаў №57. Як вядома, магілёўскі аблвыканкам падпісаў з прэфэктурай усходняй акругі Масквы пагадненьне, у адпаведнасьці зь якім на будаўнічыя працы ў расейскую сталіцу едуць каля тысячы магілёўцаў.

На гэтым тыдні ў Маскву меркавалі накіраваць першых будаўнікоў за абяцанай тысячы. Аднак рабочыя 57-га ўпраўленьня заявілі, што не жадаюць падзяліць лёс сваіх калегаў. Яны зьбіраюцца паехаць у Расею толькі пасьля таго, як выплацяць заробкі будаўнікам, якія ў верасьні і жніўні ўжо працавалі пад Масквой.

Як ужо паведамляла Радыё Свабода, магілёўцам, якія працавалі ў Адзінцоўскім раёне Маскоўскай вобласьці абяцалі 250–300 даляраў, аднак на рукі выдалі толькі 30–40.

Апрача таго, людзям, якія працавалі ў цяжкіх умовах, у некалькі разоў скарацілі памеры сутачных выплатаў. Менавіта гэта падштурхнула іх зьвярнуцца да Генэральнага сакратара саюзу Беларусі і Расеі Паўла Барадзіна, пра што ўжо паведмляла Радыё Свабода.

Днямі ў Магілёў прыйшоў ягоны адказ, як аўтарам звароту, так і тым рабочым, якіх чакае Масква. Рабочыя атрымалі копію адказу ў Савет Міністраў, дзе сп. Барадзін патрабуе ад ураду даць адказ на пытаньне, куды падзеліся заробкі магілёўскіх будаўнікоў. Дарэчы, аўтары звароту ўскладаюць надзею ня толькі на Паўла Барадзіна, але і на суд.

Празь дзень суд Цэнтральнага раёну Магілёва будзе разглядаць позву трох магілёўскіх будаўнікоў да дырэкцыі будаўнічага трэсту №12, у якім яны патрабуюць выплаціць заробленыя імі ў Расеі грошы. Як паведаміў старшыня Свабоднага Прафсаюзу трэсту Аляксей Паўлоўскі, будаўнікі, якіх мяркуюць накіраваць у Расею, пакуль нікуды ня едуць і зьбіраюцца чакаць вынікаў суда.


XS
SM
MD
LG