Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫШЭЙШЫ ГАСПАДАРЧЫ СУД ЗАКРЫЎ ГАЗЭТУ "ПАГОНЯ"


Ягор Маёрчык, Менск

"Гэтага ня можа быць!" — усклікнуў галоўны рэдактар "Пагоні" Мікола Маркевіч, калі судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Жандараў зачытаў пастанову: спыніць дзейнасьць юрыдычнай асобы і сродка масавай інфармацыі.

За гадзіну да гэтага падчас выступу бакоў спадар Маркевіч падкрэсьліваў, што задавальненьне пазову Гарадзенскай абласной пракуратуры стане ганьбай для беларускай юрыспрудэнцыі і агідным фактам у гісторыі беларускай журналістыкі. Аднак спадар Жандараў да гэтых заклікаў не прыслухаўся.

Мікола Маркевіч, выйшаўшы з судовай залі, дае першыя камэнтары для журналістаў:

(Маркевіч: ) "Я думаю, што гэта палітычны заказ. Фактычна, на прыкладзе "Пагоні" адпрацоўваюцца варыянты, як эфэктыўна і эфэктна закрываць газэты, як зрабіць так, каб іншадумцы задумаліся, ці варта ім працягваць сваю дзейнасьць. Гэта страшная зьява. Гэта страшная зьява, якую я не магу нават асэнсаваць".

Ня менш за галоўнага рэдактара "Пагоні" рашэньнем суду абураны кіраўнік Цэнтру юрыдычнай падамогі пры Беларускай асацыяцыі журналістаў прафэсар Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) "Няма ніякіх юрыдычных падставаў, какб вынесьці такое рашэньне. Гэта поўны жах. Такое адчуваньне. што судзьдзя ня ведаў, што ён рабіў. Але тут праглядаецца палітычны падтэкст гэтай справы".

Абарона кажа, што Вышэйшы гаспадарчы суд сваім рашэньнем парушыў закон, калі задаволіў пазоў пракуратуры. Каб ліквідаваць выданьне, патрэбна тры папярэджаньні. Адвакаты газэты перакананыя, што папярэджаньне толькі адно. А два астатнія альбо незаконныя альбо яшчэ не ўступілі ў сілу.

Цяпер абарона мае абскардзіць рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду. Гэта павінна адбыцца бліжэйшым часам. А пакуль Мікола Маркевіч будзе выдаваць газэту "Пагоня" ў Інтэрнэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG