Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* ЮДЖЫН (ШТАТ АРЭГОН). У суботу ў мястэчку Юджын у веку 66 гадоў памёр ад раку пячонкі славуты амэрыканскі пісьменьнік, вядучая постаць контар-культуры 60-х гадоў Кен Кізі. Найбольшую славу пісьменьніку прынёс напісаны ў 1962 годзе раман «Палёт над зязюліным гняздом». У 1974 годзе рэжысэр Мілаш Форман паставіў паводле гэтага раману фільм з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі. Кізі быў культавай асобай руху гіпі, заахвочваў ужываньне галюцынагенных наркотыкаў і быў адным зь першых, што адкрыў легендарны гурт псыхадэлічнага року Grateful Dead. Адседзеўшы 4 гады за захаваньне марыхуаны, Кен Кізі пасяліўся зь сям’ёй на самотнай фарме ў штаце Арэгон.

* НЬЮ-ЁРК. Карціна францускага імпрэсіяніста Каміля Пісаро была прададзеная на аўкцыёне Садэбі ў Нью-Ёрку за рэкордную для гэтага мастака суму 6 мільёнаў 600 тысячаў даляраў. Карціна «Вуліца Сэн-Лязар», створаная ў Парыжы ў 1893 годзе, была ацэненая экспэртамі аўкцыёну на 6 мільёнаў даляраў. Канчатковую цану запрапанаваў пра тэьефон ананімны пакупнік. Аднак наагул сёлетні продаж для Садэбі быў няўдачны – за 38 карцінаў і скульптураў імпрэсіяністаў і сучасных мастакоў кампанія атрымала 33 мільёны даляраў замест спадзяваных 38-мі. Сёлетні каталёг быў найбяднейшы за апошнія гады, у ім былі толькі менш значныя творы Пісаро, Дэга і Пікасо.

* ЛЁНДАН. Брытанскія літаратуразнаўцы разгадалі яшчэ адну загадку славутай аўтаркі крымінальных раманў Агаты Крысьці – быў удакладнены адрас яе лёнданскай кватэры, дзе яна напісала раманы «Забойства ва Ўсходнім экспрэсе» і «Сьмерць на рацэ Ніл». Названы ў аўтабіяграфіі адрас – дом №48 на Шэфілд-тэрас – не адпавядаў апісаньням пісьменьніцы. Пасьля доўгіх архіўных пошукаў было выяўлена, што Агата Крысьці жыла ў доме №58 гэтай самай Шэфілд-тэрас, дзе гэтымі днямі была ўстальяваная памятная дошка.

* НЬЮ-ЁРК. Як паведаміла амэрыканская газэта Daily News, былому ўдзельніку гурту Beatles Джорджу Гарысану гэтымі днямі была зробленая складаная хірургічная апэрацыя. На пачатку кастрычніка хворы на рак мазгоў Гарысан быў пакладзены ва ўнівэрсытэцкі шпіталь Стэйтн-Айленду ў Нью-Ёрку, дзе мэдыкі зрабілі яму высокадакладную радыяхірургічную апэрацыю. За апошнія гады Джордж Гарысан ужо перанёс дзьве апэрацыі – супраць ракавай пухліны ў горле ў 1997 годзе і супраць раку лёгкіх сёлета. Апрача таго ў 1999 годзе ён перажыў напад псыхічна хворага злачынцы, які нанёс яму дзесяць нажавых ранаў у жывот.

* БЭРЛІН. Гішпанскі тэнар Плясіда Дамінга 16 лістапада ў Бэрліне ўпершыню ў сваёй кар’еры выканае ролю Зігфрыда ў опэры Рыхарда Вагнэра «Сутоньне Багоў». 60-гадовы Дамінга выступіць у канцэртнай вэрсіі опэры ў суправаджэньні аркестру пад кіраўніцтвам ізраільска-аргентынскага дырыгента Даніэля Барэнбойма. Канцэрт адбудзецца ў будынку Дзяржаўнай Бэрлінскай Опэры, усе прыбыткі пойдуць на карысьць Дзяржаўнага Фонду Сяброў Опэры.

* СТАКГОЛЬМ. Швэдзкі рэжысэр Інгмар Бэргман на прэсавай канфэрэнцыі ў Стакгольме пазнаёміў публіку з плянам свайго новага твору – тэлевізійнага фільму «Анна», прысьвечанага сцэнам зь сямейнага жыцьця. Здымкі 90-хвіліннага фільму зоймуць да васьмі тыдняў, сваю згоду зьняцца ў галоўнай ролі дала былая жонка Бэргмана – Ліў Ульман. 83-гадовы Інгмар Бэргман жыве самотным жыцьцём на Фарэрскіх астравах і рэдка паказваецца на публіцы, таму цяперашні выступ і прэзэнтацыя творчых задумаў былі для шырокай публікі сюрпрызам.

*ВАРШАВА. Першым ляўрэатам прэміі імя Ежы Гедройця «за дзейнасьць у інтарэсах польскай дзяржавы» атрымаў прафэсар Ежы Клачоўскі. Прэмія імя Гедройця, заснавальніка часапісу «Культура» і Літаратурнага Інстытуту ў Парыжы, была ўсталяваная газэтай Rzeczpospolita. Прафэсар Ежы Клачоўскі, аўтар шматлікіх працаў з гісторыі хрысьціянства ў Польшчы, у 1991 годзе быў ініцыятарам стварэньня ў Любліне Інстытуту Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, галоўным заданьнем якога стала распрацаваньне сынтэзу гісторыі краінаў рэгіёну. Вынікам працы была напісаная супольна гісторыкамі Польшчы, Беларусі, Украіны і Літвы «Гісторыя Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы».

XS
SM
MD
LG