Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА НЬЮ-ЁРК ІЗНОЎ УПАЎ САМАЛЁТ


Радыё Свабода.

(Караткевіч: ) “Сёньня ў Нью-Ёрку адбылася авіякатастрофа. Пасажырскі самалёт кампаніі American Airlіns выбухнуў у паветры і ўпаў на густанаселены раён Нью-Ёрку Квінс. Самалёт выляцеў у 9:15 мясцовага часу з аэрапорту Кэнэдзі ў Санта-Дамінга, у 9:16 зьнік з экранаў радараў і разьбіўся праз некалькі хвілінаў. На гэты момант невядома, што сталася прычынай катастрофы – тэхнічная аварыя ці тэрарыстычны акт? На борце рэйсу ў Дамініканскую Рэспубліку было 246 пасажыраў і 9 членаў экіпажу. Колькасьць ахвяраў на зямлі пакуль невядомая. Нагадаю, катастрофа адбылася роўна праз два месяцы пасьля тэрарыстычных атакаў на Амэрыку 11 верасьня. У Нью-Ёрку працуюць нашыя карэспандэнты Галіна Прыгара і Багдан Андрусышын”.

(Прыгара: ) “На месцы катастрофы працуе тэлевізія, і зараз сёмы канал Нью-Ёрку, АВС, паказвае само месца катастрофы. Кажуць, што гарыць 12 дамоў. Гэты раён найбольш пацярпеў у выніку тэрактаў 11 верасьня, паколькі шмат ахвяраў жылі менавіта тут. На месца прыехаў мэр Рудольф Джуліані. ФБР ужо заявіла, што адной з магчымых прычынаў катастрофы можа быць тэракт. А сьведкі, якія зараз выступаюць у простым эфіры тэлебачаньня, кажуць, што бачылі, як ад самалёта адваліўся матор. Зьвесткі супярэчлівыя і пакуль што дакладна не вядома, што адбылося. Над Нью-Ёркам зараз лётаюць круглыя суткі вайсковыя зьнішчальнікі, і Пэнтагон паведаміў, што адзін зь іх атрымаў аварыйны сыгнал, але што гэта быў за сыгнал, пакуль невядома. Джамайка Гаспітал, лякарня непадалёк ад месца катастрофы, рыхтуецца да прыёму пацярпелых. Побач знаходзіцца школа і вялікая гандлёвая вуліца. Сёньня ў Нью-Ёрку выхадны дзень – Дзень вэтэранаў, таму школа не працавала, а вуліца была перапоўненая, бо ў крамах абніжкі. Пра колькасьць ахвяраў на зямлі гаварыць пакуль што цяжка”.

(Караткевіч: ) “А зараз мы гаворым з Багданам Андрусышыным, які літаральна два дні таму прыляцеў з Прагі ў Нью-Ёрк. Багдан, дзе вы знаходзіцеся і як далёка гэта ад Квінса?”

(Андрусышын: ) “Я на Мангэтане, і два дні таму сапраўды прыляцеў на гэты аэрадром, зь якога выляцеў загіблы самалёт. Гэта прыблізна поўгадзіны язды ад Мангэтану”.

(Караткевіч: ) “Як зараз выглядаюць аэрапорты Нью-Ёрку?”

(Андрусышын: ) “Цяпер усе тры аэрапорты ў Нью-Ёрку зачыненыя. Урадавая камісія толькі што паведаміла, што, верагодна, гэта не тэрарыстычны акт, а проста трагічны выпадак, мэханічная паломка матору самлёту. Сьведкі кажуць, што спачатку адваліўся з-пад крыла матор. Таму ёсьць два месцы аварыі – месца падзеньня самалёта і месца падзеньня матору. Гэта 3-4 кварталы”.

(Караткевіч: ) “Сёньня мелася адбыцца паседжаньне Генэральнай асамблеі ААН. Што адбываецца на Мангэтане з транспартам?”

(Андрусышын: ) “Пакуль што ўсе масты і тунэлі зачыненыя. Фактычна, Нью-Ёрк зноў зачынены горад. Хоць пакуль што доказаў тэракту няма, але цікава, што эвакуявалі Эм Айр Стэйт Білдынг – будынак, які пасьля 11 верасьня застаўся самым высокім у Нью-Ёрку”.

(Караткевіч: ) “Галіна, што кажуць пра ахвяры? 255 чалавек было ў самалёце. А што на зямлі?”

(Прыгара: ) “Вельмі шмат дамоў гарыць, я гляджу па тэлевізіі – як адно суцэльнае вогнішча. Хоць і кажуць спэцыялісты, што пажар узяты пад кантроль, але выглядае ён жудасна. Туды сьцягнутыя ўсе сілы пажарных гораду. Вуліцы прылеглыя блякаваныя. Параненых машыны хуткай дапамогі не адвозяць, вядзецца толькі эвакуацыя людзей”.

(Караткевіч: ) “Побач са мной у студыі Аляксандар Лукашук, які адсочвае хаду падзеяў па сродках масавай інфармацыі. Аляксандар, як бы вы параўналі якасьць інфармацыі два месяцы таму і зараз?”

(Лукашук: ) “Я спадзяюся, што нашыя нью-ёркскія калегі нас чуюць. Вось толькі што, гледзячы на простае вяшчаньне па тэлевізары кампаніі CNN, я бачу, што ФБР не выключае магчымасьці тэракту. Пра гэта толькі што паведаміла агенцтва Assotiated Press. Я пераключаўся з каналу на канал, глядзеў як асьвятляюць падзеі CNN, BBC, Fox News, ABC News і нямецкія каналы. Калі параўнаць з тым, што адбылося два месяцы таму, сёньня нашмат больш камэнтароў спэцыялістаў. Карцінка, што мы бачылі тады і бачым зараз – кадры ўдараў самалётаў у будынкі Сусьветнага гандлёвага цэнтру і рэшткі сёньняшняга смалёту, матор, пакамечанае крыло і разьбітую кабіну пілётаў, сьведчыць што тэлебачаньне сёньня – сродак масавай інфармацыі нумар адзін. Мы прысутнічаем падчас падзеі, дзе яна ў гэты момант адбываецца. Галя і Багдан ужо казалі пра гэта, і вось экспэрты ў перадачах ВВС пацьвердзілі, што сьведчаньні відавочцаў – ня самая надзейная крыніца інфармацыі, вельмі часта людзі памыляюцца і блытаюцца. Так што пакуль ня знойдзеныя так званыя чорныя скрынкі, вельмі цяжка будзе высьветліць, што ж сёньня адбылося ў небе над Нью-Ёркам. Я пытаюся ў Данчыка. Скажыце, Багдан, ці ёсьць ужо рэакцыя амэрыканскіх уладаў у Вашынгтоне?”

(Андрусышын: ) “Адзінае, што паведамляецца, дык гэта заява ФБР аб тым, што на борце самалёту сапраўды адбыўся выбух. Аднак прычыны яго пакуль невядомыя. Гэта магла быць і паломка самлёту”.

(Караткевіч: ) “Расейскія СМІ паведамляюць, што падаючы самалёт урэзаўся ў карабель на канале і патапіў яго”.

(Андрусышын: ) “Не, там былі яхты, вялікіх караблёў не было. Проста сам матор упаў на заправачную станцыю, дык там вялікі пажар. Зараз кажуць ужо, што 6 дамоў гараць”.

(Лукашук: ) “Галіна, вы сказалі, што мэр Джуліані прывёў у стан падвышанай гатоўнасьці ўсіх выратавальнікаў. А што зараз адбываецца ў іншых раёнах Нью-Ёрку? Калі нешта адбудзецца ў іншым раёне Нью-Ёрку, ці будзе каму ратаваць?”

(Прыгара: ) “Усе выратавальнікі накіроўваюцца на месца катастрофы, калі яе маштаб вялікі. Зараз усе працуюць на месцы катастрофы. Зараз прайшло менш за дзьве гадзіны ад моманту катастрофы, усе вуліцы і масты блякаваныя, вуліцы забітыя машынамі, ніхто не пасьпеў разьехацца. Што ж да пажуру, дык такі самалёт, што разьбіўся, мог мець у баках да 24 000 літраў паліва. Экспэрты ФБР кажуць пра выбух таму, што ня толькі матор адваліўся ад самалёту. Ёсьць некалькі ачагоў пажару, куды ўпалі вялікія часткі самалёту”.

(Лукашук: ) “Які зараз статус мэра Джуліані? Ужо ж адбвыліся выбары новага мэра”.

(Прыгара: ) “Ён будзе мэрам да 31 сьнежня. Блумбэрг зараз пераймае ў яго справы”.

(Андрусышын: ) “Трагічная іронія сытуацыі ў тым, што менавіта ў тым раёне, куды ўпаў самалёт, жыве шмат пажарных. 25 загіблых 11 верасьня жылі там, і 75 жыхароў гэтага раёну парцавалі ў разбураных 11 верасьня будынках. Сёньня гэты раён пацярпеў яшчэ больш”.


XS
SM
MD
LG