Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 СУТАК АРЫШТУ ПАЎЛУ СЕВЯРЫНЦУ ЗА АБАРОНУ КРЫЖОЎ У КУРАПАТАХ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў суд Савецкага раёну Менску і ў суд Менскага раёну міліцыянты прывезьлі больш за дваццаць затрыманых удзельнікаў акцыі ў Курапатах. Судзьдзя Генадзь Руноў больш за пяць гадзінаў разглядаў справу Паўла Севярынца. Прысуд — дзесяць сутак арышту.

Павал Севярынец паведаміў Радыё Свабода:

(Севярынец: ) "Столькі каштуе сёньня правасудзьдзе, столькі каштуе, на думку ўрадавых чыноўнікаў, памяць, столькі каштуе сама праблема Курапатаў. Мяне абурыў апошні сьведка — міліцыянт, начальнік Бараўлянскай міліцыі сп. Васілеўскі. Мала таго, што ён прыйшоў у суд нецьвярозы, дык яшчэ адкрыта і нахабна хлусіў.

Відавочна, міліцыянту далі загад даць такія паказаньні, бо папярэднія казалі: "Мы папросту выконвалі загад. Нічога дрэннага за гэтымі людзьмі мы ня бачылі. Яны ратавалі Курапаты, а мы мусілі выконваць загад". Вось гэтыя дзесяць сутак арышту за нацыянальную памяць. За ўрочышча Курапаты. Ну што? Жыве Беларусь усё ж такі! Улады баяцца".

Лідэр Маладога Фронту будзе адбываць пакараньне ў будынку на Старабарысаўскім тракце, бо спэцразьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна прызначаны толькі для тых, каго асудзілі ў менскіх гарадзкіх судах.

У гэтым жа судзе адказнага сакратара Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Юхо аштрафавалі на пяць мінімальных заробкаў. Валеры Буйвал і Алесь Раманоўскі заявілі хадайніцтвы, каб у суд выклікалі амонаўца, які іх затрымліваў. Яны заявілі, што будуць удзельнічаць у працэсе толькі пасьля таго, як зададуць яму некаторыя пытаньні. Паколькі суд задаволіў хадайніцтвы, працяг справы адбудзецца заўтра.

А Леанід Садоўскі павінен будзе заплаціць штраф 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 000 рублёў). Яму слова:

(Садоўскі: ) "Я не зразумеў, за што мне дваццаць мінімалак. За тое, што бараніў Курапаты? Крыжы свайго рэпрэсаванага дзеда? Тое, што амонаўцы і міліцыянты на мінулым паседжаньні блыталіся ў паказаньнях, сьведчыць на хлусню зь іхнага боку. Я спадзяваўся, што суд улічыць усе гэтыя акалічнасьці. Калі пачуў, што судзьдзя схільны аштрафаваць, папрасіў, каб замянілі штраф на арышт. Дзе я вазьму такія грошы? Але судзьдзя не пагадзіўся на гэта".

У Савецкі суд Менску супрацоўнікі міліцыі прывезьлі сяброў Маладога Фронту, моладзевага руху "Зубр" і Беларускай партыі свабоды. Вось іх прозьвішчы: Андрэй Ягораў, Яўген Афнагель, Ірына Кашталік, Мікола Ткачэнка, Юрась Фабішэўскі, Яраслаў Сьцешык, Раман Казакевіч, Мікіта Сасім, Уладзіслаў Валадзько, Алесь Цялегін, Генадзь Дранковіч, Вераніка Купчанка і Яўген Клімаў.

Амаль усе яны запатрабавалі адваката, і з гэтае прычыны суды над імі перанесьлі. Толькі студэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту Яўген Клімаў адмовіўся ад адваката і атрымаў штраф — сем мінімальных заробкаў (гэта 53 000 рублёў).

Сярод затрыманых была дзяўчына, грамадзянка Расеі Вераніка Купчанка. Яна наўмысна прыехала ў Менск, каб бараніць Курапаты. Вось як яна патлумачыла свой учынак:

(Купчанка: ) "Я грамадзянка Расеі. Калі даведалася пра Курапаты і пра тое, што там адбываецца — адразу прыехала ў Менск. Гэта ж блюзьнерства. Я вырасла на Сахаліне, на гэтай высьпе раней было шмат палітрэпрэсаваных. Там і цяпер жывуць іхныя нашчадкі. Гэтая тэма для мяне вельмі блізкая".

Суды будуць працягвацца цягам тыдня, але большасьць зь іх адбудзецца ў чацьвер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG