Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-ЗА НЯЯЎКІ СЬВЕДКАЎ ПРАЦЭС У СПРАВЕ ЗАВАДЗКАГА СЁНЬНЯ ЧАСОВА ПРЫПЫНЕНЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня суд над Ігнатовічам і яшчэ трыма абвінавачанымі ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага засядаў толькі ў перашай палове дня. З прычыны няяўкі сьведкаў працэс перапынілі. Прычым, паводле відавочцаў, судзьдзя Сіманаў не дэманструе ўпэўненасьці, што заўтра слуханьні адбудуцца.

Гэта ня першы выпадак, калі ледзь не палова сьведкаў не зьяўлялася на працэс. Некаторыя тлумачаць гэта недысцыплінаванасьцю сьведкаў, аднак ёсьць меркаваньне, што сьведкі лічаць за лепшае для сябе не паўтараць ў судзе паказаньняў, якія давалі падчас сьледзтва. Прычыны такіх паводзінаў пакуль невядомыя.

Галоўнага абвінавачанага, былога спэцназаўца Валера Ігнатовіча ў судовай зале па-ранейшаму няма. Нагадаю, на мінулым тыдні судзьдзя выдаліў Ігнатовіча — нібыта за спробы сарваць працэс. І пакуль гэтае рашэньне не скасаванае, хаця адвакат Ігнатовіча хадайнічаў, каб яго вярнулі ў залю.

Праўда, судзьдзя зрабіў адмысловае тлумачэньне, што калі хто са сведкаў ці пацярплых захоча запытаць Ігнатовіча, яго тэрмінова прывядуць ў суд. Аднак пакуль такой патрэбы не ўзьнікала і таму немагчыма сказаць, як хутка могуць выканаць абяцаньне судзьдзі.

Сьвятлана і Вольга Завадзкія пытаньняў Ігнатовічу не задавалі, бо яшчэ не дайшла чарга да эпізоду пра зьнікненьне Зьмітра Завадзкага. Сталі вядомыя некаторыя абставіны, пры якіх выдалялі Ігнатовіча. Пракурор папрасіў зрабіць гэта пасьля таго, як Ігнатовіч чарговы раз адмовіўся адказваць на пытаньні і гучна сказаў, што ні ў чым не вінаваты.

Цікава, што адрэагаваў на гэтае рашэньне судзьдзі Ігнатовіч вельмі спакойна, спрэчак з судзьдзём ці з пракурорам не распачынаў, затое зьвярнуўся да сваіх саўдзельнікаў. Ён сказаў ім: "Ўсё нармалёва, рабі як я". І трэба заўважыць, што, паводле ўдзельнікаў працэсу, без Ігнатовіча ягоныя сябры Гуз, Малікаў і Савушкін дакладна выконваюць гэты загад. Яны таксама фактычна не адказваюць на пытаньні і самі ні пра што не пытаюцца сьведкаў, час ад часу заяўляючы, што ні ў чым не вінаватыя.

Адзін з адвакатаў гэтак пракамэнтаваў дадзеную сытуацыю для радыё "Свабода":

(Адвакат: ) "Цяпер, калі быць паслядоўным, трэба выдаляць з залі ўсіх абвінавачаных, а гэта паставіць пад сумнеў законнасць будучага судовага рашэньня. Калі судзьдзя не забясьпечыць яўку большасьці сьведкаў, хуткі зрыў працэсу будзе непазьбежным".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG