Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ЗЬЯВІЛІСЯ ЎЦЕКАЧЫ З АФГАНІСТАНУ І ПАКІСТАНУ. ЯНЫ КАЖУЦЬ, ШТО ЗА ІМІ ІДУЦЬ ТЫСЯЧЫ


Ігар Карней, Менск

27-гадовы Саід Асад меў у Кабуле невялікую аўтамайстэрню. Пасьля першых жа бамбаваньняў афганскай сталіцы працу ён страціў. Саід кажа, што пасьля гэтага ў яго застаўся вельмі сьціплы выбар: падацца на службу да муджагідаў альбо талібаў ці паспрабаваць пакінуць краіну. Ён выбраў апошняе. Але запэўнівае, што затрымлівацца на чужыне не зьбіраецца: як толькі вайна скончыцца, адразу ж вернецца дадому.

(Саід Асад: ) "Шлях з Афганістану заняў амаль два тыдні: праз Кушку, Бішкек, Алматы, Маскву. У Расеі атрымаў часовую даведку, паводле якой лічуся ўцекачом. Яна сапраўдная паўгода, у тым ліку й на тэрыторыі Беларусі. Спадзяюся, што гэтага якраз хопіць, каб у Афганістане ўсталяваўся мір. Вяртацца раней таксама няма сэнсу.

Людзі жывуць страшэнна, няма самага элемэнтарнага. Усе дарослыя мужчыны, якія ня хочуць ваяваць, рушаць у СНД. На межах з Пакістанам і Іранам зараз тыя, у каго няма ніякіх сродкаў — сотні тысяч уцекачоў: хворыя, галодныя, шмат хто там і памірае. Так што ўсе, у каго ёсьць магчымасьць, робяць гэтак, як і я".

Саід Асад кажа, што разам з уцекачамі зону канфлікту пакідае большасьць міжнародных гуманітарных місіяў. Харчовым забесьпячэньнем зараз займаецца памежная служба Пакістану. Але атрымаць нават мінімум харчоў вельмі праблематычна. Штодня на сям'ю выдаткоўваюцца тры літры вады і кіляграм мукі. Ня ёсьць выратаваньнем і гуманітарныя грузы з амэрыканскіх самалётаў: афганцы не ўспрымаюць сухія пайкі як ежу, і ўжо ёсьць выпадкі атручаньняў канцэнтраванымі парашкамі.

Паказальна, што бягуць ня толькі з Афганістану. 32-гадовы Наджыб да нядаўняга часу выкладаў ангельскую мову ў тэхнічным каледжы ў Пакістане. Калі пачаліся настойлівыя візыты ад эмісараў талібаў з прапановамі ўступіць у шэрагі абаронцаў Алаха, вырашыў зьбегчы. У Пешавары засталася сям'я. Але Наджыб кажа, што так ім больш бясьпечна.

(Наджыб: ) "Я зьбег з Пакістану, бо ўрэшце таксама мог трапіць на вайну. Талібы штодня ў Пешавары вэрбуюць на змаганьне зь нявернымі. Спачатку прапануюць, потым настойліва пераконваюць, нарэшце, пагражаюць. Плацяць, наколькі я ведаю, харчамі, пераважна мукой. Я падазраю, што гэта харчы з гуманітарных дэсантаў НАТО. Бо ніхто з шараговых грамадзянаў ня мае магчымасьці трапіць у аддаленыя раёны, дзе грузы выкідваюць з самалётаў. Гэта могуць зрабіць толькі талібы, якія маюць транспарт".

Абдул Рахман у Беларусі ўжо другі раз. Першае працяглае знаходжаньне ў Менску было з 1987-га да 1993-га году, калі ён вучыўся на гістарычным факультэце БДУ. Ён мяркуе, што цяперашняя вымушаная міграцыя можа таксама зацягнуцца на гады.

(Абдул Рахман: ) "З Афганістанам зараз няма нават тэлефоннай сувязі, ня кажучы ўжо пра тое, каб туды патрапіць. Але, наколькі я ведаю тых афганцаў, якія цяпер у Беларусі, ніхто й не зьбіраеца пакуль вяртацца, каб браць удзел у вайне. Ніхто зь іх не падтрымлівае бамбаваньне з боку Амэрыкі, але й не выказвае падтрымкі Паўночнаму Альянсу і талібам.

Дзеля міру трэба шукаць іншых варыянтаў. На маю думку, патрэбная асоба, якую прыме ўвесь афганскі народ, якога будуць паважаць старыя, і вакол якога рэальна можна аб'яднацца. Гэта можа быць толькі адзін чалавек — кароль у выгнаньні Захір-Шах. Гэта аднолькава разумеюць тыя, хто зьбягае ад палітыкі Паўночнага Альянсу і талібаў. Людзі стаміліся ад вайны".

Усе, з кім я сёньня размаўляў, лічаць сябе толькі першымі ад той хвалі ўцекачоў, якая неўзабавехлыне ў напрамку Заходняй Эўропы.


XS
SM
MD
LG