Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗБЛІЖЭНЬНЕ РАСЕІ І ЗША МОЖА АКАЗАЦЦА ФАТАЛЬНЫМ ДЛЯ РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ


Віталь Цыганкоў, Прага

Удзельнікі: З Масквы – дырэктар Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Піянткоўскі, зь Менску – палітоляг Уладзімер Роўда.

(Цыганкоў: ) “Непасрэднай інфармацыйнай нагодай для нашай размовы стане расейска-амэрыканскі саміт, які днямі адбудзецца ў Тэхасе. Зараз, напярэдадні саміту, шмат гаворыцца пра амэрыканска-расейскае збліжэньне. Наколькі трывалая гэтая тэндэнцыя, ці яна абапіраецца толькі на кан’юнктурныя меркаваньні абодвух бакоў? Зрузумела, што збліжэньне паміж Расеяй і ЗША ня можа быць бесканфліктным і беспраблемным. Адно з прынцыповых пярэчаньняў, якое заўсёды гучала апошнія гады, гэта імкненьне ЗША не дапусьціць аднаўленьня імпэрскіх намераў Расеі на прасторах былога СССР.
Ці ня зьменіцца гэтая амэрыканская пазыцыя зараз, на фоне пацяпленьня амэрыканска-расейскіх стасункаў? Абодва бакі, як вядома, павінны рабіць нейкія саступкі. Дык ці ня можа стаць саступкай тое, што амэрыканцы, скажам так, “аддадуць” Расеі краіны былога СССР?”

(Піянткоўскі: ) “Мне здаецца, што ў кароткатэрміновым, тактычным пляне збліжэньне Расеі і Захаду можа мець нават нейкія станоўчыя наступствы для рэжыму Лукашэнкі, таму што на штосьці амэрыканцы будуць проста заплюшчваць вочы. Бо з кожным днём усё больш зразумела, што Расея становіцца ўсё больш важным ваенным саюзьнікам для апэрацыі ў Цэнтральнай Азіі, саюзьнікам, без якога проста посьпех кааліцыі немагчымы.

Вы, безумоўна, зьвярнулі ўвагу на зьніжэньне рыторыкі амэрыканцаў адносна апэрацыі Расеі ў Чачэніі. Думаю, што ЗША у нейкай ступені прыглушаць і сваю крытыку рэжыму Лукашэнкі, каб не дадаваць новыя вострыя моманты ў стасунках з Расеяй. Тым больш у пытаньні, якое зараз для іх зьяўляецца, безумоўна, пэрыфірыйным і другасным.

Але ў доўгатэрміновым пляне збліжэньне Расеі і ЗША можа аказацца ракавым для рэжыму Лукашэнкі. Гэтае збліжэньне носіць даволі сур’ёзны характар. Пуцін, нават апярэджваючы расейскую палітычную эліту, бачыць ужо зусім іншую карціну сьвету, у якой няма месца канфрантацыі з Захадам, а наадварот, Захад разглядаецца як вельмі важны саюзьнік у рашэньні праблемаў бясьпекі Расеі на поўдні і Далёкім Усходзе. І Лукашэнка пазбаўляецца свайго асноўнага дэмагагічнага козыра – што ён фарпост, які абараняе расейскія рубяжы ад агрэсіўнага блёку, які падпаўзае з Захаду”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, Лукашэнка ўвесь час карыстаўся антынатаўскай рыторыкай – «монстр НАТО падбіраецца да нашай сінявокай Беларусі» – і канфрантацыя Расеі з Захадам была яму выгадная. Як Лукашэнка можа паводзіць сабе ў новай сытуацыі, і як збліжэньне Расеі з Захадам можа ўплываць на Беларусь?»

(Роўда: ) «Мне ўсё ж здаецца, што збліжэньне ЗША і Расеі – зьява часовая. Яна ня будзе мець доўгатэрміновых наступстваў. Зьвязана гэта ў першую чаргу з геапалітычнымі пытаньнямі, з тым, што ЗША зараз безумоўна зьяўляюцца дзяржавай нумар 1 у сьвеце. Але ж Расея не хацела б жыць у такім сьвеце – таму, на маю думку, гэта часовае збліжэньне.

Пуцін на ўсе 100 адсоткаў выкарыстоўвае правалы, якія відавочныя і ў зьнешняй палітыцы ЗША, і ў выведвальнай дзейнасьці спэцслужбаў. І зараз ён імкнеццца актывізаваць ролю Расеі, выкарыстоўваючы гэты зручны момант.

Так што я лічу, што ў доўгатэрміновым пляне будуць працягвацца тыя ж самыя стасункі суперніцтва паміж Расеяй і ЗША. Таму гэта ніяк не адаб'ецца на адносінах паміж лукашэнкаўскім рэжымам і Расеяй. Можна пагадзіцца з тым, што, магчыма, Захад будзе часьцей заплюшчваць вочы на парушэньне правоў чалавека, і будзе проста прымаць да ведама тую палітыку, якая тут праводзіцца. Але калі казаць пра тое, як адрэагуе Захад на, напрыклад, паглынаньне Беларусі Расеяй, то гэта наўрад ці на карысьць Захаду і ЗША».

(Цыганкоў: ) «Насуперак таму, што гаварыў Андрэй Піянткоўскі, Уладзімер Роўда сьцьвярджае, што збліжэньне Расеі і ЗША – зьява часовая і нетрывалая. Спадар Піянткоўскі, ці ня хочаце вы тут запярэчыць?”

(Піянткоўскі: ) “Я разумею ягоную пазыцыю. Больш таго, я скажу, што большасьць расейскай палітычнай эліты арыентаваная на такое суперніцтва, жыве ім. Гэтая фантомная канфрантацыя з Захадам зьяўляецца для расейскай эліты такім сэнсаўтваральным чыньнікам, але... Ведаеце, ёсьць такая кніга пра Пуціна нямецкага палітоляга Аляксандра Рара, называецца “Немец у Крамлі”. Па-мойму, гэта вельмі дакладны назоў. Ён немец, ён Штольц, а не Абломаў. І Пуцін у адрозьненьне ад большасьці расейскай эліты жыве ня комплексамі, а рэальнымі цынічнымі і прагматычнымі разьлікамі.

Я бачу палітыку Пуціна так, што ён проста прыйшоў да высновы, што гэтая канфрантацыя згубная для Расеі. Выяўляць нейкую барацьбу з насоўваньнем НАТО, калі ёсьць цалкам сур’ёзныя і рэальныя пагрозы на поўдні і далёкім Усходзе. Паглядзіце, што адбываецца – уся ваенная сіла найбуйнейшай звышдзяржавы сьвету займаецца тым, што рашае адну з найважнейшых праблемаў бясьпекі Расеі. Калі яшчэ ў гісторыі Расеі нехта іншы рабіў за нас гэтую брудную справу? Звычайна ў гісторыі Расеі было наадварот. І Пуцін зразумеў пэрспэктыву гэтага прагматычнага падыходу. Ён можа гэтаксама як большасьць расейскай эліты не любіць Захад. Але як прагматык ён бачыць, што лёгікай падзеяў, прынамсі ў рэгіёне Цэнтральнай Азіі, складваецца ваенна-палітычны саюз Расеі і ЗША. То бок я якраз мяркую, што гэта не кароткатэрміновы тактычны курс, а нейкі сур’ёзны стратэгічны крок”.

(Цыганкоў: ) “На самой справе, многія аналітыкі адзначалі, што менавіта Расея найбольш выйграе ад антытэрарыстычнай апэрацыі ЗША у Афганістане.

Тым часам абодва нашыя суразмоўца пагадзіліся, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве збліжэньне ЗША і Расеі – факт неаспрэчны. На гэтым фоне – якую ролю зараз будзе выконваць Крэмль для беларускага кіраўніцтва? Традыцыйную, якую ён выконваў апошнія гады – адваката Лукашэнкі на міжнароднай арэне, альбо ролю пэдагога ў адносінах да хлопчыка-хулігана, ня выхаванага, але якога вымушаны цярпець?”

(Роўда: ) “Улічваючы тое, што Захад зараз, хутчэй за ўсё, даруе свавольствы хлопчыка-хулігана, як вы яго назвалі, думаю, што якраз традыцыйная палітыка і будзе працягвацца. Калі казаць пра стратэгічны курс Расеі, то Пуцін урэшце падтрымаў Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, і наўрад ці будзе зараз мяняць гэты курс”.

(Піянткоўскі: ) “Значэньне Беларусі і асабіста Лукашэнкі ў расейскай палітыцы будзе памяншацца. Калі гаварыць пра хуліганістага хлопчыка, то ў пэрыяд канфрантацыі з Захадам ён адыграваў вельмі карысную ролю – гэткага Жырыноўскага на міжнароднай арэне. У дачыненьні да Захаду ён артыкуляваў такія рэчы, якія расейская эліта можа і хацела б сказаць, але саромелася. Гэтая роля таксама будзе слабнуць у кантэксьце новых дачыненьняў Расеі з Захадам. Я думаю, Масква будзе спакойна чакаць канца гэтага тэрміну Лукашэнкі і паступова выбіраць сабе на якую наступную фігуру ставіць на беларускай палітычнай арэне”.

(Цыганкоў: ) “Давайце паспрабуем ацаніць амэрыканска-расейскае збліжэньне ў дачыненьні да такіх чыньнікаў як беларуская незалежнасьць, эканоміка і разьвіцьцё дэмакратыі. Як новыя стасункі паміж ЗША і Расеяй могуць уплываць на гэтыя рэчы? Ці могуць дапусьціць ЗША больш цесную інтэграцыю Беларусі і Расеі, напрыклад?”

(Роўда: ) “Я ўжо выказваў гэтую думку, што, як мне здаецца, геапалітычна Захаду нявыгадна было б, каб Беларусь стала часткай Расеі. Таму сцэнар “канчатковай інтэграцыі” Захад, відавочна, не задаволіць. Хаця, на маю думку, такі сцэнар абдумваецца, і Пуцін, як “немец у Крамлі”, праводзіць вельмі хітрую прагматычную палітыку паступовага праглынаньня Беларусі. І ў першую чаргу гэта робіцца ў галіне эканомікі, паколькі пасьля выбараў пайшлі даволі хуткія працэсы падрыхтоўкі да буйных прыватызацыйных праектаў з удзелам расейскіх фірмаў”.

(Піянткоўскі: ) “Эканамічная экспансія – рэч дастаткова натуральная для ўсіх рэжымаў, у тым ліку і самых дэмакратычных. Тут усё залежыць ад суадносінаў сілаў мясцовага капіталу і розных замежных уплываў. Калі ж гаварыць пра цэнтральнае пытаньне – аб палітычнай незалежнасьці Беларусі, то гэтая незалежнасьць ужо стала незваротным чыньнікам і зьявай. І як гэта не парадаксальна, але мне ўяўляецца, што сапраўдным бацькам беларускай незалежнасьці ёсьць спадар Лукашэнка. Цудоўна разумеючы ўсе імпэрскія комплексы расейскай эліты, ён на працягу 7 гадоў практычна вадзіў яе за нос усялякай аб’яднаўчай і панславянскай рыторыкай. Хаця даволі хутка стала зразумела, што Лукашэнка, ягоны клян, ягонае атачэньне ніколі не абмяняюць сваё становішча дыктатара сярэдняй па маштабам эўрапейскай дзяржавы на становішча менскіх сакратароў абкаму. Вось эліту, што папярэднічала Лукашэнку (тыпу Кебіча, Грыба, Шарэцкага), Масква магла б уламаць на нейкія інтэграцыйныя схемы, у якіх незалежная Беларусь была б даволі фіктыўнай. А зараз гэта незалежная дзяржава, якая адбылася”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG