Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО РАБІЛАСЯ Ў КУРАПАТАХ МІНУЛАЕ ПЯТНІЦЫ?


Ганна Соусь, Менск

Раніцай будаўнікі прыйшлі на працу разам зь міліцыянтамі й адразу ж сустрэлі супраціў абаронцаў Курапатаў. Пра тое, як гэта адбывалася, распавядае Ірма Табушава:

(Табушава: ) "Прыблізна каля 10 гадзінаў моладзь і дарослыя выйшлі й перакрылі дарогу. Павал Севярынец сярод іх быў адзіны з крыжом. Пад'ехаў чырвоны аўтобус, зь якога выйшлі дзясяткі два амону. Падышлі да моладзі, сталі яе ціснуць, зьбіваць і скідаць на адкос. Зьверху машыны сыпалі пясок. Тут пачаўся хапун. Першымі схапілі Ўладзімера Юхо і Лявона Садоўскага. Астатнія мужчыны, якіх білі, круцілі, усё ж лезьлі пад гэты пясок і стаялі пад машынамі. Тут пачалі забіраць і астатніх".

Усяго раніцай у Курапатах затрымалі 11 чалавек. Тымчасам будаўніцтва дарогі працягвалася. Самазвалы засыпалі пяском ужо калі дзесяці мэтраў ля дарогі. Амонаўцы не дазвалялі людзям падыходзіць да будаўнічай тэхнікі. Тады некалькі жанчын, каб выказаць свой пратэст, пачалі сьпяваць.

15-гадовы Рацібор, які жыве ў Зялёным Лузе, не хаваў свайго адчаю:

(Рацібор: ) "Я сёньня сюды прыйшоў, бо проста немагчыма назіраць збоку за тым, што тут робіцца. Калі я быў малы, бацька вадзіў мяне сюды. І я нібы піў усё гэтае адраджэньне Беларусі. Курапаты для мяне — гэта вельмі каштоўнае месца. Сёньня для мяне гэта сьвятыня".

Дзесьці апоўдні ў Курапаты прыйшло некалькі соцень чалавек. Але яны ня здолелі прайсьці да ляснога масіву, бо дарогу перакрылі амонаўцы. Людзі былі вельмі абураныя. Вось што паведаміў Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) "Учора ўначы подла ламалі крыжы, і пралілася кроў мастака Рыгора Кійко. Гэта што — не сатанізм? Калі на могілках будавалі дарогі? Хто гэта рабіў? Задумайцеся пра сваіх дзяцей, пра сваіх унукаў да сёмага пакаленьня".

(Жанчына: ) "Што Вы робіце, фашысты!"

(Міліцыянт: ) "Ідуць будаўнічыя работы. За невыкананьне законных патрабаваньняў работнікаў міліцыі ёсьць адміністрацыйная й крымінальная адказнасьць".

Людзі прастаялі так некалькі гадзінаў, спрабуючы прайсьці ў Курапаты. Але гэтага ў іх не атрымалася — амонаўцы на чале са сваім кіраўніком падпалкоўнікам Юрыем Падабедам не дазвалялі прайсьці.

У натоўпе з другога боку дарогі стаялі Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Аляксей Кароль, Людміла Гразнова, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя палітыкі. Прыйшоў сюды й мастак Рыгор Кійко, якога ўчора жорстка зьбілі міліцыянты.

(Кійко: ) "Усяго вывазілі ў бруд. Ледзь не задавілі. Мне на твар селі пяць чалавек, не было чым дыхаць. Білі па пятках гэтымі палкамі. Рукі цяпер як плеці вісяць. Гэтак у гестапа ня робяць, крымінальнікаў так не затрымліваюць. Хай Бог зь імі разьбіраецца".

Сёньня сталі вядомыя цікавыя зьвесткі пра тое, які ўсё ж мэмарыял плянуюць зрабіць улады ў Курапатах. Актывістка грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Ірына Жыхар сустрэлася зь вядучым спэцыялістам Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міколам Дайнэгам.

Нядаўна спадар Дайнэг атрымаў ліст з адміністрацыі прэзыдэнта за подпісам памочніка Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Посахава. Той прапаноўвае Камітэту разгледзець праект мэмарыялу ў Курапатах старшыні менскай гарадзкой арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў спадара Лапіцкага.

(Жыхар: ) "Спадар Лапіцкі выступіў з ініцыятывай, якую падтрымлівае сёньня спадар Посахаў — стварыць тут мэмарыял. І нават існуе праект, які Лапіцкі прапаноўвае дзяржаве як мэмарыял. У сваім лісьце Лапіцкі піша, што трэба зьнесьці ўсе крыжы, што існуюць у Курапатах — ня толькі тыя, што стаяць тут, але й тыя, што на магілах, што ўсе ахвяры былі атэістамі. Гэта я вам проста цытую. Я хачу сказаць, што гэта жах, і жах тое, што гэта падтрымлівае сёньня адміністрацыя прэзыдэнта. Усё, што сёньня адбываецца, паказвае на тое, што будзе створаны мэмарыял ахвярам фашыстоўскага генацыду".

Зь пятнаццаці крыжоў, што раніцай былі ўсталяваныя ў Курапатах, цяпер засталося толькі дзесяць, некаторыя зь іх давялося выкопваць і ўсталёўваць у іншым месцы, каб іх не павалілі бульдозэры. Крыжы дапамагаў усталёўваць айцец Леанід Акаловіч зь Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы, які асьвяціў у Курапатах каля сотні крыжоў. Сёньня ўсю ноч побач з крыжамі будуць гарэць сьвечкі.

Заўтра ў Курапатах а 12-й гадзіне адбудзецца талака. Абаронцы Курапатаў запрашаюць прыйсьці на яе ўсіх, каго хвалюе лёс нацыянальнага нэкропалю Курапаты.

XS
SM
MD
LG