Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАХОДНІЯ ДЫПЛЯМАТЫ ЎЗРУШАНЫЯ ПАДЗЕЯМІ Ў КУРАПАТАХ, АЛЕ АФІЦЫЙНА СВАЁЙ ПАЗЫЦЫІ ПАКУЛЬ НЕ ВЫКАЗВАЮЦЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Амбасадар адной з заходніх краінаў сёньня ў размове са Свабодай адзначыў, што рэакцыя ягонай амбасады на падзеі ў Курапатах павінна быць узгодненай са сваім Міністэрствам замежных справаў, і гэтая рэакцыя відавочна будзе розьніцца ад асабістых уражаньняў і меркаваньняў дыплямата — яна павінна быць больш стрыманай. Але такой, афіцыйнай, рэакцыі, узгодненай з МЗС, пакуль няма. Аднак гэты амбасадар упэўнены, што неўзабаве такая афіцыйнай рэакцыя зьявіцца, паколькі "такія падзеі нельга пакінуць без увагі, але ня так хутка, не па гарачых сьлядах".

Асабістых ж меркаваньняў дыпляматы па зразумелых прычынах ня могуць выказваць таксама. Але ўсе заходнія амбасадары, якія паміж сабой абмяркоўвалі гэтую сытуацыю, надзвычай узрушаныя.

Найбольш апэратыўна адрэагавала на падзеі ў Курапатах Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ. Прадстаўніца групы АБСЭ Беата Разуміловіч у гэтую суботу, як і ў папярэднія дні канфлікту, асабіста сачыла за падзеямі ў Курапатах.

(Разуміловіч: ) "Асабіста магу паведаміць, што АБСЭ на гэта глядзіць з гледзішча правоў чалавека. Мы працягваем сачыць за сытуацыяй. Учора мы выслалі ў Вену ў штаб-кватэру АБСЭ сваю справаздачу з гэтай нагоды. Наша афіцыйная інфармацыя будзе паведамленая ўжо зь Вены. А ў гэты момант мы сочым за разьвіцьцём сытуацыі", — сказала Свабодзе дыплямат з КНГ АБСЭ Беата Разуміловіч.

Тым ня менш місія АБСЭ не абмяжоўваецца справаздачамі на адрас дзейнага старшыні АБСЭ, група мае статус кансультацыйнай, таму зьвяртаецца да беларускага ўраду і са зваротамі, парадамі, у тым ліку і адносна сытуацыі з Курапатамі. Гаворыць Беата Разуміловіч:

(Разуміловіч: ) "Мы напісалі ліст у Міністэрства культуры з прапановай растлумачыць сытуацыю зь іхнага гледзішча. Мы чакаем адказу. Але адказу пакуль няма".

Спадарыня Разуміловіч як дыплямат таксама адмовілася гаварыць пра свае асабістыя ўражаньні ад убачанага ў Курапатах.


XS
SM
MD
LG