Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СУБОТУ Ў КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ТАЛАКА З УДЗЕЛАМ НЕКАЛЬКІХ СОТНЯЎ ЧАЛАВЕК


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах гучала жалобная музыка. На талаку прышлі некалькі соцень чалавек. Адметна, што міліцыянтаў сёньня было больш як учора і пазаўчора. Яны былі паўсюль — ля лягеру валанцёраў, на дарозе, у полі, у дварах дамоў, будаўнікі працавалі пад аховай міліцыянтаў.

Дзесьці апоўдні сябры руху "Зубр" зрабілі жывы ланцуг акурат насупраць ланцугу міліцыянтаў. "Зуброў" было каля 20 чалавек, міліцыянтаў утрая больш. Хлопцы і дзяўчаты трымалі ў руках запаленыя сьвечкі. Гаворыць спадарыня Дар'я:

(Дар'я: ) "Гэтыя міліцыянты проста ня ведаюць, чаму мы тут стаім. Мы проста хочам ім патлумачыць, што нельга так рабіць. Калі мы забудземся на тое, што было, у нас ня будзе будучыні".

Сёньня 48-ы дзень, як у Курапатах ідзе кругласутачнае дзяжурства. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец кажа, што гэтая акцыя будзе працягвацца і моладзь будзе сачыць, каб будаўнічыя работы вяліся на 15–20 мэтраў ад дарогі. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Людзі будуць падыходзіць, будуць назіраць за тым, як ідзе гэтае будаўніцтва. Людзі будуць усталёўваць крыжы. Ужо сёньня мы пачнем усталёўваньне новых крыжоў, якія, на наш погляд, павінны стаць асновай грамадзкага мэмарыялу ў Курапатах. І ніякія міліцыянты, ніякія дарожныя будаўнікі, тут, у прынцыпе, не перашкодзяць. Крыжы будуць зьяўляцца і на дарозе, уначы і ўдзень. Гэтай дарозе спакою ня будзе.

Вельмі паказальна, што на месцы, дзе пачаўся Беларускі Народны Фронт, дзе пачалося духоўнае адраджэньне Беларусі канца ХХ-га стагодзьдзя, зараз зноў супрацьстаяньне, зноў зьбіраецца моладзь. І гэтае новае пакаленьне, відаць зможа не паўтарыць памылак палітыкаў старэйшага пакаленьня".

А вось як ацэньвае вынікі паўтарамесячнай акцыі ў Курапатах лідэр Беларускай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Гэта ўрок для ўсяго беларускага грамадзтва: што далей так змагацца з Лукашэнкам нельга, што далей такім чынам супрацьстаяць Луку нельга. Патрэбныя іншыя людзі, іншыя падыходы. І беларуская моладзь якраз гэтае й паказвае. На сілу трэба адказваць сілай, на гвалт трэба адказваць чынам нацыі. Тут — найлепшая частка моладзі, якая найбольш мае волю да барацьбы, яна фактычна ратуе сумленьне ўсёй згвалчанай, прыніжанай нацыі".

Дарэчы, сёньня нейкі мужчына ў цывільным пагражаў арыштам аднаму зь сяброў гэтай партыі Алесю Гетману. Нагадаю, што ўчора Алеся затрымалі, але праз чатыры гадзіны выпусьцілі.

Сёньня ў Курапатах ізноў рабілі і ўсталёўвалі крыжы. Але гэта не спадабалася начальніку Бараўлянскага аддзелу міліцыі Генадзю Васілеўскаму. Узьнікла спрэчка.

(Вячаслаў Сіўчык: ) "Гэта тое, што засталося ад вашых будаўнікоў, бо вы руйнуеце Курапаты", — паказвае на пасечаныя дрэвы.

(Васілеўскі: ) "Будаўнікі ня тут..."

(Сіўчык: ) "І тут таксама, яны ўсё тут чысьцілі. Ня ведаеце?"

(Васілеўскі: ) "Я Вас афіцыйна папярэджваю, што гэта незаконная парубка..."

(Сіўчык: ) "Ды няма ніякай парубкі..."

Што да іншых інцыдэнтаў зь міліцыяй, то варта згадаць наступны. Адна дзяўчына хацела падараваць кнігу пра Курапаты кіраўніку менскага АМОНу Юр'ю Падабеду, але той проста зьбег ад яе.

Але ж галоўнай падзеяй у Курапатах сталася набажэнства, якое правёў айцец Леанід Акаловіч зь Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы на Бацькаўшчыне.

(Леанід Акаловіч: ) "За месца гэтае Курапацкі лес і за ўсе месцы й краіны, за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся".

(Людзі: ) "Госпадзі памілуй".

Айцец Леанід Акаловіч асьвяціў крыжы.

(Акаловіч: ) "Асьвячаюцца акрапленьнем сьвятой вады гэтыя курапацкія пакутніцкія крыжы, у імя Айца й Сына й Сьвятога Духа, Амен. Хай стаяць вечна як напамін пра ахвяры страшэнных пакутаў. Абарані, Божа, нашу Беларусь ад падобнага".

На той час, калі рыхтаваўся матэрыял, не было вядома пра новыя затрыманьні ў Курапатах. Але намесьнік старшыні партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што ўлады могуць ізноў выкарыстаць сілу.

(Сіўчык: ) "Цалкам магчыма, таму што ідуць увесь час пагрозы па арыштах нашых актывістаў. Увесь час ладзяцца нейкія дробныя правакацыі — як сёньня маёр спрабаваў папрацаваць у ролі лясьніка чамусьці. Таму дзеяньні ўладаў могуць быць правакацыйныя.

Але ж я ня думаю, што сёньня гэта галоўнае. Самае галоўнае, што адбылося сёньня — ізноў былі асьвечаныя крыжы, было дастаткова многа людзей. Гэта паказвае, што мы працягваем барацьбу за наш мэмарыял".

У Курапатах сёньня гучалі беларускія песьні. Жанчыны падыходзілі да міліцыянтаў і сьпявалі ім пра сапраўдныя беларускія сымбалі.

(Жанчыны сьпяваюць: ) "Старадаўняй літоўскай Пагоні
не разьбіць,
не спыніць,
не стрымаць".

І, вядома, сёньня ў Курапатах гучаў "Магутны Божа".

XS
SM
MD
LG