Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА ПРА КУРАПАТЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сёньня найбольш масавая польская Gazeta Wyborcza ў матэрыяле “Навошта Курапаты”, распавядае як міліцыя напярэдадні зьліквідавала намёты актывістаў беларускай апазыцыі, якія спрабавалі абараніць ад будаўніцтва аўтастрады месца спачынку ахвяраў масавых рэпрэсіяў НКВД.

“У чацьвер вечарам жыхары менскага раёну Зялёны Луг бездапаможна назіралі, як бульдозэры цягнулі ў балота дзясяткі каталіцкіх і праваслаўных крыжоў. Каля дзясятка людзей, якія баранілі Курапаты, затрымала міліцыя, некаторыя былі жорстка зьбітыя”, - піша Gazeta Wyborcza.

“Міліцыянты атакуюць намёты, якія паставілі беларусы ў Курапатах, каб абараніць гэтую мясцовасьць ад плянаў ураду, які хоча збудаваць тут новую аўтастраду” – гаворыцца ў матэрыяле “Лукашэнку патрэбная шаша, а ня могілкі”, які зьмяшчае сёньня газэта Zycie.

“Гэтая акцыя ўладаў ёсьць доказам таго, што цяперашні беларускі рэжым прадстаўлены вандаламі, бо толькі вандалы ці сатаністы могуць зьнішчаць крыжы ды не зьвяртаць увагі на чалавечыя могілкі”, - цытуе Zycie сябра “Маладога Фронту” Аляксея Шэіна.

“Апазыцыянэры змагаліся ў чацьвер з амонаўцамі за крыжы, усталяваныя на магілах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах”, -
паведамляе ў сёньняшнім нумары аўтарытэтны польскі штодзёньнік Rzeczpospolita.

Цікава, што артыкул “Дарога праз магілы”, прысьвечаны змаганьню за Курапаты, Rzeczpospolita зьмяшчае побач з паведамленьнямі пра вайну ў Афганістане.

XS
SM
MD
LG