Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЯВЫ ЛУКАШЭНКІ Ў БЕРАСЬЦІ МОГУЦЬ АЗНАЧАЦЬ ХУТКІ ПАЧАТАК НОВАЙ АНТЫКАРУПЦЫЙНАЙ КАМПАНІІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Берасьцейскiя ўлады прапанавалi Аляксандру Лукашэнку падчас яго сёньняшняга вiзыту наведаць новы гарадзкі шпіталь, анкалягiчны дыспансэр ды лядовы палац. Але з усiх установаў Лукашэнка аддаў перавагу толькi акцыянэрнаму таварыству "Дываны Брэста". Кiраўнiцтва прадпрыемства вырашыла пахвалiцца, што абяцаны заробак памерам у 100 даляраў тут выплочваюць ужо з пачатку году. Як сапраўднае дасягненьне пададзены i той факт, што на прадпрыемстве працуе ўласны хлебны цэх, а ў фiрмовай краме можна набыць прадукты харчаваньня ў крэдыт. Аляксандар Лукашэнка лiчыць, што гэты экспэрымэнт варты перайманьня. Але рабочых таварыства "Дываны Брэста" турбуюць зараз зусiм iншыя праблемы: яны скардзiлicя на тое, што амаль немагчыма атрымаць крэдыт на будаўнiцтва жыльля. У адказ Лукашэнка заявiў, што для гэтага трэба несьцi заробленыя грошы ў банк, а не хаваць iх у панчохах.

Потым адбылася нарада з гаспадарчым актывам вобласьцi. Чакалася, што менавiта падчас гэтага мерапрыемства Аляксандар Лукашэнка назаве прозьвiшча новага старшынi Берасьцейскага гарвыканкаму. Былы кiраўнiк гарадзкой вэртыкалi Генадзь Масько яшчэ два тыднi таму напiсаў заяву аб сваёй адстаўцы, якая была прынятая. Але iмя ягонага пераемнiка сёньня не прагучала. Пакуль не пацьвердзiлiся i чуткi пра тое, што сваiх пасадаў могуць пазбавiцца некалькi намесьнiкаў старшынi абвыканкаму Васiля Далгалёва.

Затое надзвычай рэзка быў скрытыкаваны кiраўнiк Беларускай чыгункi Вiктар Рахманько. Аляксандар Лукашэнка казаў прысутным, што яму сорамна за дзеяньнi гэтага чыноўнiка. Апошняя праверка Камiтэту дзяржаўнага кантролю выявiла, што на Беларускай чыгунцы ў буйных памерах раскрадалiся дзяржаўныя сродкi i матэрыяльныя рэсурсы. Гучныя заявы з вуснаў Лукашэнкi далi падставы прысутным меркаваць аб хуткай адстаўцы галоўнага чыгуначнiка Беларусi.

XS
SM
MD
LG