Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СУДЗЕ МЕНСКАГА РАЁНУ СУДЗЯЦЬ ЗАТРЫМАНЫХ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Іх прывезьлі ў суд у другой палове дня. Усіх затрыманых абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку падчас правядзеньня вулічных акцыяў і ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Пакуль старшыня суду разьмяркоўваў адміністрацыйныя справы, намесьнік начальніка міліцыі Менскага раёну імкнуўся не пусьціць журналістаў да кабінэтаў судзьдзяў, а перад адвакатамі ўвогуле зачыняў дзьверы ў кабінэт. Журналісты зьвярталіся да судзьдзяў, каб спыніць міліцэйскае свавольле.

Андрэя Парфёнава судзьдзя Генадзь Руноў аштрафаваў на 20 мінімальных заробкаў (гэта 150 тысяч рублёў).

(Парфёнаў: ) "Для мяне гэта вялікія грошы, амаль увесь заробак. Я працую ў сёмым аўтобусным парку аўтасьлесарам".

Уладзімер Юхо патрабаваў, каб ягоную справу вялі на беларускай мове. Судзьдзя адмовіў яму. Гаворыць Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) "Я прасіў весьці паседжаньне на беларускай мове, але мне адмовілі на той падставе, што ў нас дзьве мовы. Судзьдзя казаў, што судовае справаводзтва вядзецца толькі на расейскай мове. Тады я запатрабаваў, каб гэты судзьдзя не праводзіў паседжаньне, а справу перадалі іншаму судзьдзі".

Судзьдзя адхіліў хадайніцтва сп. Юхо, але суд перанес на іншы тэрмін.

Справу Віктара Кавешнікава суд накіраваў у міліцыю, каб міліцыянты перарабілі пратакол — яны няправільна пазначылі частку артыкулу. Паводле заканадаўства, Віктара Кавешнікава павінны вызваліць з судовай залі, але замест гэтага міліцыянты пасадзілі яго зноў у міліцэйскі "варанок".

Тымчасам да будынку суду прывезьлі Вячаслава Сіўчыка, Цімафея Сучака, Андрэя Будзько, Хведара Жывалеўскага і Паўла Севярынца. Разгляд іхных справаў прызначылі на розныя тэрміны, бо яны патрабавалі адваката.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Затрымлівалі вельмі груба. Людзі з крыжамі альбо каля крыжоў стаялі, пакуль іх бульдозэры не засыпалі пяском да пояса. Амонаўцы сьмяяліся зьверху. Потым яны атрымалі загад: людзей зь пяску дастаць і адвесьці ў аўтобус. Нас прывезьлі ў Менскі раённы аддзел. Там было яшчэ 6 чалавек. Трымалі ўвесь дзень. Толькі пад вечар прывезьлі ў суд.

Хутчэй за ўсё тым, хто затрыманы паўторна на апазыцыйных акцыях, пагражаюць суткі арышту. Усім, хто слухае "Свабоду", хачу перадаць: ні гэтым, ні тэхнікай, ні штрафамі, ні суткамі, ні фізычнай сілай нас не спыніць".

На гэты час у міліцэйскім пастарунку на Старабарысаўскім тракце трымаюць некалькіх сяброў Партыі Свабоды, вядомае прозьвішча толькі аднаго зь іх — Алеся Гетмана. А ў Савецкім упраўленьні ўнутраных справаў знаходзяцца больш за дваццаць сяброў моладзевага руху "Зубр".

XS
SM
MD
LG