Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ РЭЗКА КРЫТЫКУЮЦЬ УЖЫВАНЬНЕ СІЛЫ СУПРАЦЬ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Я наведаў Курапаты сёньня ўдзень. Перад кардонам АМОНу, які не прапускаў на тэрыторыю ўрочышча прадстаўнікоў Маладога Фронту, КХП БНФ, руху "Зубр", Беларускай Партыі Свабоды ды іншых арганізацыяў, стаяла й шмат жыхароў прылеглага да Курапатаў мікрараёну Зялёны Луг.

Нехта прыйшоў паназіраць за падзеямі вакол урочышча папросту зь цікаўнасьці, а нехта адкрыта спачуваў маладым людзям і абураўся дзеяньнямі міліцыі. Вось меркаваньні людзей сярэдняга веку Юрыя Вогнева й Валера Азарава:

(Вогнеў: ) "Па-першае, гэта парушэньне правоў чалавека, і наагул, я лічу, зьнішчаюцца рэшткі дэмакратыі ў Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Прагучаў заклік валанцёраў ад іншых апазыцыйных арганізацыяў, каб бараніць Курапаты. Ці падзяляеце гэтую думку? Ці будзеце ўдзельнічаць угэтай акцыі?"

(Вогнеў: ) "Наконт таго, каб удзельнічаць я яшчэ ня ведаю, бо я не магу кінуць працу, але маральна я разам з гэтымі людзьмі і нават гатовы аказаць ім матэрыяльную дапамогу, калі будзе патрэба. Я гатовы аддаць частку свайго заробка, каб падтрымаць людзей. Гэта не праблема".

(Азараў: ) "З боку міліцыі гэта ж проста нейкі бардак атрымліваецца. Гэта ж адразу было бачна. Супраць дзяцей ставіць здаровых мужыкоў — гэта проста несур'ёзна".

Жыхарак дому, што насупраць Курапатаў, Сьвятлану й Соню абурае найперш тое, што дарога пройдзе каля іхных вокнаў, але й маральны аспэкт праблемы для іх вельмі важны:

(Сьвятлана: ) "Гэта мой дом, мая жыльлёвая плошча, мае дзеці".

(Соня: ) "Мы ўжо паўгода пратэстуем, і што далей? З гэтага нічога не атрымалася. Подпісы назьбіралі й аддалі. Лукашэнка пераступіў цераз нас. Хаця быў час, калі сюды наведаўся Біл Клінтан, тут усё дасканала прыбралі, каб мажліва было паказаць Клінтану, якія ў нас ёсьць месцы. Як можна ісьці праз жывых людзей? Якія б не былі іхныя прынцыпы, жыцьцёвыя погляды — гэта амаральна".

(Сьвятлана: ) "Гэта жудасна — гэтыя мянтоўскія кардоны. Мы тут жывем ужо больш як 20 гадоў. У нас ніхто не пытаўся, вось гэтую дарогу рабіць тут ці не. Зьбітыя людзі. Гэтая жорсткасьць. Гэта ж фашызм".

А вось меркаваньне пэнсіянэркі Валянціны Трэмбіцкай, што таксама жыве побач з Курапатамі, і якая паўтара месяца чым магла дапамагала абаронцам мэмарыялу:

(Трэмбіцкая: ) "Дарогу можна было рабіць на паўкілямэтра ад Курапатаў. Ня трэба было гэтага скандалу. Ня трэба было бойні. Ня трэба было зьбіваць гэтых дзяцей. Ня трэба, каб яны два месяцы сядзелі ля вогнішча, гібелі тут у холадзе, у голадзе. Але яны змагаліся, як яны казалі, за магілы нашых продкаў. Мэта дзяржавы, можа ня мэта дзяржавы, але аднаго чалавека — зьнішчыць памяць аб Курапатах, аб загінуўшых нашых дзядах і бацьках!"

Яшчэ адна жыхарка Зялёнага Луга Лізавета Жукоўская перкананая, што тых, хто нішчыць крыжы, пакарае Бог:

(Жукоўская: ) "Асабіста я на баку гэных бэнээфаўцаў і гэнага саюзу моладзі! Я супраць таго, што на чалавечых костках тут будуюць дарогу. Я жыву тут з 1981 году. Я бачыла тут чэрапы. 8–10-гадовыя хлопчыкі капаліся ў зямлі, бегалі з чарапамі, у якіх была дзірка ў патыліцы. А тады мы нават ня чулі, што гэта за назва такая — Курапаты. Разумееце? Трэба шанаваць памяць гэтых рэпрэсаваных людзей. Я цалкам на баку БНФ. Я праваслаўная, хрысьціянка. Гэта вялікі грэх. Прырода іх пакарае. Іх пакарае Бог".

І толькі адзін мужчына сталага веку ў часе апытаньня выказаў думку, што нічога страшнага ў Курапатах не адбываецца, і там мусіць прайсьці кальцавая дарога.

XS
SM
MD
LG