Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НЯ ЗДОЛЕЛА ВЫКАНАЦЬ УМОВАЎ ПРАГРАМЫ МАНІТОРЫНГУ МІЖНАРОДНАГА ВАЛЮТНАГА ФОНДУ


Тацяна Каліноўская, Менск

Асноўная прэтэнзія, якую выказала ўраду кіраўнічка місіі Марта дэ Кастэла Бранка — высокі дэфіцыт бюджэту, які, нягледзячы на вялікія намаганьні, ня можа зьліквідаваць Міністэрства фінансаў.

Яшчэ адно расчараваньне місіі — да сёньняшняга дня не скасаваны Лукашэнкаў дэкрэт №40, паводле якога дзяржава мае права канфіскаваць уласную маёмасьць прыватных прадпрымальнікаў. Гэта, на думку місіі, стварае неспрыяльны клімат для прыватнага бізнэсу.

Паколькі гэтыя паказчыкі ўваходзілі асобнымі пунктамі ў праграму маніторынгу, вынікі нельга лічыць пасьпяховымі.

(Дэ Кастэла Бранка: ) "Шэраг макраэканамічных паказчыкаў ня быў выкананы, нашмат падвысіліся запазычанасьці мясцовых бюджэтаў. Узрос дэфіцыт бюджэту, а падвышэньне заробкаў зрабіла немагчымым утаймаваньне бюджэтнага дэфіцыту. Паколькі мы ня здолелі дамовіцца з урадам, мы пакідаем яму свае прапановы без абмеркаваньня".

Місія прапанавала ўраду прадоўжыць супрацоўніцтва і ўхіліць недахопы. Але ўрад адмовіўся — ён мае, паводле словаў дэ Кастэла Бранкі, сваю ўласную праграму, якую зьбіраецца выконваць. Аднак жа гэтую праграму ня можа падтрымаць МВФ.

(Дэ Кастэла Бранка: ) "Мы лічым, што праграма ўраду ў справе росту аб'ёмаў вытворчасьці, павелічэньня заробкаў і зьніжэньня інфляцыі занадта аптымістычная".

Яна лічыць, што ў найлепшым выпадку аб'ёмы вытворчасьці ў Беларусі ўзрастуць на адзін адсотак. З гэтага трэба і зыходзіць, плянуючы ўсе астатнія паказчыкі. "Цяжка пераканаць Раду дырэктараў падтрымаць такую праграму", — зазначыў прадстаўнік МВФ у Літве і Беларусі Марк Хортан. Зь ім ня згодны першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Павал Калаўр:

(Калаўр: ) "Мы заваявалі пэўны давер у насельніцтва і ўраду. Мы маем у сваім распараджэньні пэўныя інструмэнты, якія дазволяць захаваць заплянаваныя паказчыкі беларускага рубля. Свае абяцаньні Нацыянальны банк стрымае, калі будзе праводзіць незалежную палітыку".

Але адначасова Калаўр дадае, што Нацыянальны банк Беларусі ўзгадняе сваю дзейнасьць з урадам, а асноўныя паказчыкі ягонай дзейнасьці зацьвярджае прэзыдэнт.

XS
SM
MD
LG