Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АТЛЯНТЫДА. БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Дзе можна найлепш зразумець гісторыю нацыі, палітычную, культурную? Напэўна на могілках, якія ёсьць у кожнай эўрапейскай сталіцы, якія называюць пантэонам. У Празе я вельмі люблю гуляць па могілках у Вышаградзе, дзе практычна ўся палітычная гісторыя, гісторыя культуры чэскае нацыі вельмі дакладна адлюстраваная ў могілках, помніках.

Надоечы прыяжджаў да мяне адзін сябар з Заходняе Эўропы, і мы пайшлі на Ўсходнія, ці як у народзе называюць, Маскоўскія могілкі беларускае сталіцы. І ён у мяне запытаўся: "Ці гэта ваш пантэон?" Мне цяжка было адказаць на гэтае пытаньне, як і на пытаньне наогул: "Ці ёсьць на Беларусі пантэоны? Ці існавала гэткая традыцыя?"

Дзеля таго, каб знайсьці адказы на гэтае пытаньне, сёньня я запрасіў у студыю гісторыка і археоляга Алега Трусава.

Спадар Алег, ці можна лічыць Маскоўскія могілкі Менску пантэонам? І наколькі нам важна мець пантэон?"

(Трусаў: ) "У нейкай ступені можна, тым больш, што гэты пантэон склаўся стыхійна, без усялякага жаданьня мясцовых уладаў, якія не разумелі слова "пантэон" і наагул свайго месца ў гісторыі Беларусі.

Але сама традыцыя ідзе з даўніх часоў, з старажытнага Рыму, Грэцыі. І хрысьціянства, асабліва ў яго заходнім, каталіцкім, варыянце, вельмі рана зразумела ролю пантэону ў станаўленьні дзяржаўнасьці. Нацыянальны пантэон — такі ж атрыбут дзяржавы, як сьцяг, герб, гімн ці мова. І пантэон у беларускай дзяржаўнасьці таксама мае тысячагадовыя традыцыі".

(Ракіцкі: ) "Спадар Алег, калі ў нас распачынаецца традыцыя пахаваньня людзей на могілках, калі гэта можна назваць пантэонам?"

(Трусаў: ) "Фактычна з прыняцьця хрысьціянства, таму што да хрысьціянства курганныя могілкі не былі могілкамі ў гэтым сэнсе, як мы разумеем цяпер. І курганныя могільнікі заўжды былі за гарадамі.

Хрысьціянства вельмі зьмяніла сытуацыю. Багатыя нашыя князі зразумелі ролю сваіх пантэонаў. Першым пантэонам, вядома, у Полацку, стала Полацкая Сафія, дзе быў пахаваны Ўсяслаў Чарадзей. Археолягі пры раскопках адшукалі ягоны імянны пярсьцёнак.

У Полацкай дзяржаве было два пантэоны: пантэон сьвецкі й пантэон, дзе хавалі япіскапаў. Гэта ў Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры, дзе знаходзіўся спэцыяльны храм, спачывальня полацкіх япіскапаў. У спэцыяльных крыптах былі пахаваныя найбольш вядомыя нашыя сьвятары".

(Ракіцкі: ) "Князі, сьвятары... Каго яшчэ хавалі ўрачыста, з забудовамі нэкропаляў?"

(Трусаў: ) "Да гэтых людзей таксама далучаліся тыя, хто прынесьлі славу. Прыкладам, славутыя ваяры. Мы ведаем, зь якой пашанай у час крыжацкае навалы быў пахаваны ля Каложы Давыд-Гарадзенскі. На жаль, магіла не захавалася, але ёсьць сьведчаньне пісьмовае, што яго зь вялікай пашанай прынесьлі забітага зь Нямеччыны і пахавалі ля Каложы.

Далей гэтая традыцыя была падхопленая нашымі родамі. І адзін з самых надзвычайных пантэонаў, з тых нешматлікіх, што захаваўся на тэрыторыі былога СССР і зараз ізноў аднавіў сваю дзейнасьць — гэта сутарэньні Нясьвіскага Фарнага касьцёлу, дзе пахаваны ўвесь род Радзівілаў. Нядаўна Радзівілы адрадзілі традыцыю хаваць у гэтым сьвятым месцы. Такім чынам мы маем пантэон прыватны, які належаў і належыць сёньня дынастыі Радзівілаў — яму прынамсі 600 гадоў".

(Ракіцкі: ) "Я разумею, што напачатку князі будавалі такія фамільныя скляпеньні. А калі распачынаецца пахаваньне людзей розных родаў, якія прынесьлі славу нашае краіне, разам?"

(Трусаў: ) "Першымі гэтак зрабілі французы. Яны першыя распрацавалі такі панятак як нацыя. Нацыя — гэта людзі рознага паходжаньня, рознага дастатку, якія аб'яднаныя ідэяй грамадзянства, а не грашыма.

Як толькі паўстала першая эўрапейская француская грамадзянская нацыя, як адразу ж узьніклі першыя пантэоны. І французы сьведама збудавалі пантэон у Парыжы, дзе быў пахаваны Напалеон. Ужо ў ХІХ, ХХ стагодзьдзі было масава распаўсюджанае будаўніцтва пантэонаў па ўсёй Эўропе".

(Ракіцкі: ) "А дзе нашыя пантэоны?"

(Трусаў: ) "А ў нас іх не магло быць, таму што ў канцы ХVІІІ стагодзьдзя мы былі забраным краем. Традыцыі зьнішчаць магілы нашых дзеячоў закладзеныя яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. І ў Курапатах тое, што там робіцца, таксама зьяўляецца зьнішчэньнем сьвятых магілаў — каб не было сьвятой памяці, каб народ не падняўся".

(Ракіцкі: ) "Мы зьбіраем зараз сваю культуру па драбніцах з усяго сьвету. Дзе найбольш пахавана нашых знакамітых людзей па-за межамі сучаснае Беларусі?"

(Трусаў: ) "Іх магілы раскіданыя па ўсіх кантынэнтах. Многія нашыя славутыя землякі знайшлі свой спачын у Злучаных Штатах Амэрыкі, Канадзе. Там ёсьць спэцыяльныя могілкі, дзе хаваюць знакамітых беларусаў. Больш таго, у Канадзе паставілі спэцыяльны Крыж — памяць загінулых пакутнікаў. У Аўстраліі ёсьць магілы беларусаў, пад Монтэ-Касіна ляжаць беларускія жаўнеры".

(Ракіцкі: ) "А ці можам мы казаць, што беларуская зямля стала пантэонам для многіх людзей іншых народаў, нацыянальнасьцяў?"

(Трусаў: ) "Так. Менавіта Беларусь зьяўляецца агульнаэўрапейскім пантэонам ХХ стагодзьдзя. У нашай зямлі знайшлі апошні прытулак мільёны людзей. Праз наш прайшла Першая ўсясьветная вайна — гэта тысячы й тысячы ахвяраў, Другая ўсясьветная вайна, грамадзянскія войны, паўстаньні, рэвалюцыі, а яшчэ сталінскія рэпрэсіі.

Такім чынам, калі ўзяць толькі два пункты на мапе: Трасьцянец і Курапаты, разам гэта як мінімум палова мільёна. А калі далучыць вайсковыя магілы — гэта мільёнаў 5-6 ляжыць тут. Фактычна Беларусь мусіць стаць агульнаэўрапейскім пантэонам, і ўсе гэтыя могілкі патрабуюць увагі да сябе. Невыпадкова адзін з апошніх амбасадараў Нямэччыны дабіўся ў Глыбокім усталяваньня памятнага знака на нямецкіх могілках. Ён лічыў, што гэта пачатак пераўтварэньня Беларусі ў агульнаэўрапейскі пантэон".

(Ракіцкі: ) "Ведама, што ў Эўропе вельмі часта пахаваньні знакамітых людзей адбываліся ў храмах, фамільных замках. Што характэрна для нас беларусаў?"

(Трусаў: ) "Беларусы заўжды мелі канфэсійныя могілкі, аднак у многіх гарадах і мястэчках яны былі агульныя, але падзеленыя па сэктарах. У маім родным Амсьціславе, напрыклад, было іх некалькі. Асобны сэктар праваслаўны, каталіцкі й габрэйскі. Гэта сьведчыць і пра нашу талерантнасьць.

Мне здаецца, што наш агульнаэўрапейскі пантэон павінен аб'ядноўваць у межах адной тэрыторыі вось гэтыя ўсе канфэсіі. Там могуць стаяць колькі капліц рознахрысьціянскага веравызнаньня, павінна быць абавязкова месца для славутых беларускіх мусульманаў, для габрэяў. Я бачу наш новы пантэон ХХІ стагодзьдзя як шматканфэсіійны".

(Ракіцкі: ) "Мы можам узгадаць як пантэоны й Радзівілаўскі пантэон. Напэўна, можам сказаць, што й кракаўскі Вавэль..."

(Трусаў: ) "Адзін зь першых нашых пантэонаў!"

(Ракіцкі: ) "... але вось якое ўзьнікае цікавае пытаньне. Нейкі знакаміты чалавек хоча быць пахаваны на сваіх родных могілках, у роднай вёсачцы. Слухаючы вас і мяркуючы па традыцыі эўрапейскіх пантэонаў, гэтага чалавека абавязкова мусяць пахаваць на нейкіх агульных могілках, якія б сталі нацыянальным мэмарыялам?"

(Трусаў: ) "Трэба ведаць, што чалавек, якія займае пэўныя пасады ў дзяржаве, ужо ня можа цалкам вызначаць свой лёс як хоча. На жаль, гэткі лёс любога палітыка, любога прэзыдэнта, любога дзеяча. Ён павінен уласныя жаданьні суадносіць з жаданьнямі дзяржаўнымі. Я лічу, што такія людзі, хочуць яны гэтага ці не, павінны проста зразумець, што яны ня мусяць нават выказваць такіх жаданьняў дзеля будучай гісторыі.

Напрыклад, сёньня якраз дзевяць гадоў з таго дня, як памёр Міхась Ткачоў. І мы зрабілі ўсе намаганьні, каб пахаваць яго ня ў родным Амсьціславе, а на Маскоўскіх могілках. Нас падтрымалі сваякі, сябры, і я лічу, што мы зрабілі слушна, бо зараз да магілы Ткачова можа прыйсьці кожны сьведамы беларус. І вось такую традыцыю — хаваць сьвядомых людзей побач — менчукі зьдзейсьнілі. На Маскоўскіх могілках пахаваны й Караткевіч, нядаўна там Карпенку пахавалі.

Дзяржава робіць з Маскоўскіх могілкаў пантэон спантанна. Няма ніякіх пастановаў, гэтыя могілкі, у адрозьненьні ад вайсковых, нават не ахоўваюцца дзяржавай. Але людзям патрэбны пантэон, патрэбнае месца, як у тым жа Вышаградзе, каб пайсьці паглядзець на сьвятыя магілы ды й кветкі пакласьці. Адным словам, нацыя існаваць без пантэону ня можа".

(Ракіцкі: ) "А вось бальшавікі. Яны пазьнішчалі ўсё на сьвеце, у тым ліку й могілкі. Затым яны пачалі будаваць свае пантэоны. Чаму?"

(Трусаў: ) "Так. Яны зразумелі, што пантэон — візытная картка магутнасьці дзяржавы. І пасьля таго, як памёр Ленін, яны збудавалі яму музэй не выпадкова. Ператварылі мумію Леніна ў элемэнт культу бальшавіцкага. Туды потым паклалі Сталіна, а потым ля Крамлёўскай сьцяны пахавалі ўсіх вядомых бальшавікоў. Нават бальшавікі разумелі, што цалкам забраць у краіны памяць немагчыма, бо яна ня зможа наагул існаваць".

(Ракіцкі: ) "Мы зараз пражываем пэрыяд найноўшае гісторыі Беларусі, пэрыяд аднаўленьня нашае дзяржаўнасьці, адраджэньня нашае культуры, наагул нашага гонару й годнасьці. Якой вы бачыце пэрспэктыву будаўніцтва пантэону ўжо ў найноўшай гісторыі Беларусі? Нават за гэтыя дзесяць апошніх гадоў Беларусь выявіла шэраг герояў".

(Трусаў: ) "Па-першае, мы адстаем ад эўрапейскіх краінаў, у тым ліку нават і ад суседзяў, у галіне заканадаўства. У нас да сёньняшняга дня адсутнічае закон аб пахаваньнях. Чаму нашыя могілкі разбураюць вандалы? Чаму там уначы сьпяць бамжы? Чаму могілкі зьяўляюцца месцам сустрэчы для злодзеяў ды валацуг? Бо наша заканадаўчая ўлада не разумее, што яна сьмяротная.

І вось зь першага, з чаго трэба пачаць фармаваньне дэмакратычнай дзяржавы ў Беларусі — прыняць закон. У гэтым законе павінна быць спэцыяльная пастанова аб пантэоне. Альбо гэта новае месца, альбо гэта тыя ж самыя Маскоўскія могілкі, якія трэба пераўтварыць. У Беларусі зараз прынамсі два пантэоны: Маскоўскія могілкі й філія Вайсковых могілак, дзе пахаваны Якуб Колас. Дарэчы, гэта першы пантэон. Ён стыхійна стварыўся да вайны. Малы мясцовы пантэон павінен быць у кожным вялікім горадзе.

Самае галоўнае для нас — гэта вырашыць пытаньне, дзе будуць пахаваныя нашыя дзеячы нашага стагодзьдзя. Напрыклад, дзе будзе пахаваны першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь? Дзе будуць хаваць нашых прэм'ер-міністраў, лідэраў партый, вядомых пісьменьнікаў? Ці іх павязуць у іхныя родныя вёскі і там праз гадоў 20 яны зьнікнуць, бо вёска загіне, ці ўсё ж іхнае месца будзе побач, незалежна ад поглядаў, ад іх веравызнаньня, і яны разам будуць рэпрэзэнтаваць Рэспубліку Беларусь".
XS
SM
MD
LG