Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЫ ПАКАЗАЛІ, ШТО ЯНЫ НЕ ЖАДАЮЦЬ ДЫЯЛЁГУ І ЛІБЭРАЛІЗАЦЫІ — ЯНЫ АДДАЮЦЬ ПЕРАВАГУ БУЛЬДОЗЭРАМ І ПАЛКАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Заплянаванага паседжаньня грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу "Курапатаў" з абмеркаваньнем далейшай тактыкі 8-га лістапада не адбылося. Сытуацыя прымусіла ўсіх сабрацца ля бульдозэраў, што нішчылі курапацкія крыжы. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка мяркуе, што гэткае разьвіцьцё падзеяў можна было прагназаваць, але разьлічвалі ўсё ж іншае:

(Вячорка: ) "Можна было разьлічваць, спадзявацца, што пасьля выбараў (калі, здавалася б, Лукашэнка ўмацаваў свае пазыцыі) рэжым праявіць дастатковы розум і запросіць усё ж людзей на размову. На размову пра лёс сьвятыні, прад'явіўшы пэўныя аргумэнты і выслухаўшы контараргумэнты. Усе мы, каму дарагі лёс Курапатаў, рыхтаваліся да такой размовы. Усе — і хлопцы, якія тут знаходзяцца, і грамадзкія арганізацыі, вельмі разнастайныя — спадзяваліся, што ўдасца дамагчыся мэмарыяльнага статусу запаведніка Курапаты і ўдасца дамагчыся прызнаньня таго, хто і кім быў тут расстраляны.

Але мы бачым, што рэжым ёсьць рэжым, і ён напляваў на любыя ўмоўнасьці. Па прапанове БНФ паўтара тыдні таму Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў, якая ўключае насамрэч вельмі розныя партыі, зьвярнулася да Савету Міністраў — пачулі намёкі на нейкую гатоўнасьць весьці перамовы і дыялёгі з грамадзкасьцю.

Зьвярнуліся да Савету Міністраў з патрабаваньнем спыніць працы, якія маюць спрэчную юрыдычную базу. І разам з тым грамадзкія раганізацыі зьвярнуліся ў пракуратуру з аспрэчаньнем пазалеташняга рашэньня Саўміну аб будаўніцтве дарогі менавіта ў гэтай частцы — таму што дарога пралягае тут праз тэрыторыю помніка гісторыі першай катэгорыі".

В.Вячорка зазначыў, што адказу на гэтыя звароты так і не было, і цяпер трэба зьвяртацца ня толькі ў пракуратуру, але і ў міжнародныя арганізацыі — у прыватнасьці, у ЮНЭСКА.

(Вячорка: ) "Цяпер самае важнае якраз — ня здаць Курапаты ў цэлым. Ня здаць Курапаты як знак нашай пакуты і нашай памяці з ХХ-га стагодзьдзя".

Старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі лічыць, што гэты гвалт сьведчыць пра тое, што ўлады ня будуць прыслухоўвацца да грамадзкасьці, да лістоў інтэлігенцыі, жыхароў Менску.

(Бяляцкі: ) "Гэта бяспраўе — бо рабіць гэта ўначы, выстраіўшы міліцыю, паствіўшы кардоны для пабудовы дарогі — мабыць, такога яшчэ не было. Замест таго, каб працягнуць дыялёг, паспрабаваць знайсьці нейкае прымальнае рашэньне, бачна, што ўлады вырашылі проста гвалтам працягнуць тое, што яны пачалі рабіць".

Спадар Бяляцкі ўпэўнены, што гэта адбываецца на загад Аляксандра Лукашэнкі, які цалкам ігнаруе інтарэсы грамадзтва. І грамадзтву трэба самому пачынаць мэмарыялізацыю Курапатаў.

(Бяляцкі: ) "Павінна быць усім нам сорамна, што гэта адбываецца фактычна пры маўчаньні людзей", — сказаў Алесь Бяляцкі.

Віктар Івашкевіч заклікае бараніць тое, што ёсьць, не дапускаць будаўнікоў глыбей у Курапаты:

(Івашкевіч: ) "Працягваць змагацца, каб тут усё ж была памяць пра бальшавіцкія рэпрэсіі — з той нагоды, што ў нас яны пачынаюць паўтарацца".

Мастак Аляксей Марачкін падпісваў лісты ва ўрад у абарону Курапатаў:

(Марачкін: ) "Сатана тут правіць баль. Я думаю, што час усё расставіць на месцы. Зараз яны тут пад аховай АМОНу, бульдозэры тут разьяжджаюць, нішчаць крыжы — гэта вельмі балюча. Балюча за тое, як руйнуюць нашу памяць. Калі-небудзь гэтыя грахі адгукнуцца і на тых людзях, што тут на бульдозэрах, і на тых, што нас акружылі, каб мы не прайшлі і не заміналі бульдозэрам".

Мастак Аляксей Марачкін лічыць, што пазьней усё адно нельга апускаць рук ды верыць абяцаньням А.Лукашэнкі пра пабудову мэмарыялу ў Курапатах.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец падтрымлівае думку спадара Марачкіна:

(Севярынец: ) "Гэта сатанізм проста. І людзі, якія забіралі абаронцаў Курапатаў, яны за гэта адкажуць — не перад намі, а перад Богам".

Гаворыць Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Пад салодкія размовы пра дыялёг і пра магчымасьці зьмяніць сытуацыю ды выйсьці на захад проста б'юць маладых. Гэта жахліва. Пад тымі ж самымі Курапатамі — сымбаля лепшага (ці горшага) не прыдумаеш".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, грамадзтва не змагло адстаяць Курапаты?"

(Кароль: ) "Не змагло".

(Карэспандэнт: ) "Чаму?"

(Кароль: ) "Шмат прычынаў. І сярод іх — апатыя грамадзтва, ягоная абыякавасьць. І параза на выбарах".

Аляксей Кароль мяркуе, што сёньняшняя падзея вельмі важная — магчыма, пераломная ў новай гісторыі Беларусі.

Адзін зь лідэраў БНФ Вячаслаў Сіўчык стаяў у ланцугу, які разагнаў АМОН. Яму пабілі акуляры.

(Сіўчык: ) "Я думаю, што ўлада, здольная на такія дзікунствы — апаганьваць памяць ахвяраў Курапатаў — гэтая ўлада ня мае ніякай будучыні. І што б ні казалі, той час ужо ніколі ня вернецца — будуць заўжды людзі, якія адкрыта выходзяць і не баяцца зьверстваў сёньняшняй улады".

Старшыня "Мартыралёгу Беларусі" Мая Кляшторная плакала і спачатку сказала, што яна проста зьнямела:

(Кляшторная: ) "Прымаў рашэньне адзін чалавек — гэта Лукашэнка. Таксама як і дэпутатаў выкідалі з будынка Вярхоўнага Савету напачатку ягонай дзейнасьці, а зараз можна ўсё выкінуць зь дзяржавы. А ягоная дзяржаўная дзейнасьць — вось яна, будаўніцтва. Гэта тыя ж самыя стройкі, куды людзей гналі, і на кожным мэтры дарогі трупы ляжалі".

Адзін зь лідэраў КХП Сяргей Папкоў быў у такім жа настроі:

(Папкоў: ) "Баліць сэрца, не магу нічога нават і сказаць. Гледзячы на гэты гвалт, на гэта ўсё — пад пакровам ночы заўжды зладзейства рабілася. Як і ў 1937–1941 гадах забівалі тут, так і цяпер топчуць душы забітых людзей. Зараз зноў будзем арганізоўваць людзей, на месцы зламаных крыжоў будзем зноў ставіць крыжы, будзем усё рабіць, каб спыніць гэта".

XS
SM
MD
LG